Май ДАНЦЫГ: “Каб цяжкая ноша стала “сімфоніяй” у мастацтве”

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

У гэтым годзе ў народнага мастака Беларусі, прафесара дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў Мая ДАНЦЫГА двайны і вельмі значны юбілей. Роўна 50 гадоў таму яго творы ўпершыню экспанаваліся ў Маскве на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы “40 гадоў ВЛКСМ” і VI Усесаюзнай выстаўцы дыпломных работ студэнтаў мастацкіх ВНУ СССР. І ў тым жа годзе, адразу пасля абароны дыплома ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В.І. Сурыкава, Май Вольфавіч стаў выкладчыкам малюнка і жывапісу на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Юбілей майстра — вельмі рэдкі, проста унікальны ў сучаснай мастацка-педагагічнай практыцы, калі ўлічыць, што Май Вольфавіч у свае 78 гадоў амаль штодзённа працуе: і ў майстэрні над новымі палотнамі, і вучыць студэнтаў таму, як стаць не толькі высокапрафесійным мастаком, які ўмее самастойна мысліць, разважаць, але і сапраўдным Чалавекам — патрыётам сваёй краіны.

 /i/content/pi/cult/186/1968/Dancyg.jpg
Вось такое свята ў Мая Данцыга. І, дарэчы, 11 снежня яно будзе адзначана ў Акадэміі мастацтваў.
Дык хто ж ён такі, гэты мастак і педагог? Чым жыве сёння? Што яго хвалюе? Што для яго галоўнае ў творчасці і педагагічнай дзейнасці? І наогул — у чым сэнс жыцця мастака-творцы і прафесара жывапісу? 

Рубяжа не адчуваю
— Май Вольфавіч, двайны юбілей — гэта сур’ёзна, што казаць. Не кожнаму мастаку і педагогу пашанцавала адзначыць такую дату. Словам, этап у жыцці — унікальны. Што адчуваецца на яго парозе?
— Асабіста я гэты парог не вельмі адчуваю. Ён не з’яўляецца для мяне нейкім Рубіконам. Рубеж быў для мяне тады, калі з геаграфічных карт знікла наша агульная дзяржава — Савецкі Саюз…
— У якім сэнсе?
— У прамым. Тады, у 1991-м, усё кардынальна змянілася ў грамадстве. Мастак, як і педагог, жыве не ў беспаветранай прасторы. Творца — гэта вельмі адчувальны арганізм, ён не можа не рэагаваць на тое, што адбываецца навокал. І мне як жывапісцу, педагогу і чалавеку давялося выходзіць з шокавага стану. Спатрэбіўся час, каб азірнуцца назад, падумаць і вырашыць для сябе: што чакае мяне наперадзе, як змяніліся мае погляды, канцэпцыі, пазіцыя... Словам, давялося многае пераасэнсаваць.
— І што ж у выніку?
— У выніку? У аснове сваёй мае творчыя, педагагічныя і наогул жыццёвыя канцэпцыі, галоўныя духоўныя арыенціры не зазналі сур’ёзных змяненняў, бо жаданне рабіць сапраўдную, патрэбную людзям справу, рэлізаваць значныя творчыя ідэі і вырашыць праблемы па выхаванні маладога пакалення засталося ранейшым. Хоць, можа быць, нешта і змянілася ў адносінах да пластычнай формы ў жывапісе, да некаторых накірункаў метадалогіі акадэмічных вучэбных працэсаў. І гэта натуральна: час не стаіць на месцы…

Мінск 44-га стаіць перад вачыма
— Што часцей за ўсё згадваецца са студэнцкіх гадоў?

— Многае. Памятаю, калі ў 1952 годзе паступіў у Сурыкаўскі інстытут і пасяліўся ў інтэрнаце, найперш пайшоў у бібліятэку, узяў альбом жывапісу Валянціна Сярова. Аўтар “Дзяўчынкі з персікамі” мяне так уразіў, што я нават альбом гэты клаў на ноч сабе пад падушку, з чаго пакепліваў мой сябра Эрнст Неізвесны, з якім я пражыў год у адным пакоі. У мяне былі вопытныя і мудрыя выкладчыкі: Пётр Пакаржэўскі, Міхаіл Курылка, Фёдар Рашэтнікаў, Віктар Цыплакоў. З тых часоў захаваліся мае студэнцкія штудыі і малюнкі, партрэты делегатаў Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве, замалёўкі, створаныя пад час канікул на Палессі, эцюды, напісаныя на Касагорскім металургічным заводзе пад Тулай. Многія з іх былі нават набыты фондам Сурыкаўскага інстытута. Не без гонару скажу: мая дыпломная карціна “Насустрач жыццю” глыбока ўразіла членаў экзаменацыйнай камісіі…

— Напэўна, свежасцю настрою, рамантычнай узнёсласцю, арыгінальнай кампазіцыяй? Гэта значыць, тымі рысамі, якія потым стануць характэрнымі ў вашым жывапісе…

— Менавіта так. Наогул, у мяне былі захапленні творчасцю вельмі розных мастакоў: ад старых французаў і іспанцаў да “Бубновага валета”, ад Рэната Гутуза да Аляксандра Дайнекі.

— Стаць мастаком — дзіцячая мара?

— Наколькі сябе памятаю, так. Хоць на “выдатна” навучаўся тры гады ў музычнай школе па классе скрыпкі. Мае дзяцінства і юнацтва прыпалі на ваенныя гады. Тое, што давялося перажыць, было жахліва. Калі Мінск пачалі бамбіць, мы цудам паспелі з яго вырвацца 27 чэрвеня 1941 года. Ды і ва Ульянаўску, куды трапілі, жыццё было несалодкім: холад, голад, бытавая неўладкаванасць. Калі ў 1944 годзе пачулі па радыё, што Мінск вызвалены, адразу ж вярнуліся на радзіму. Разбураны, спалены горад мяне тады так уразіў, што і сёння ён стаіць перад маімі вачыма. Дарэчы, да гэтага вобраза я вяртаўся неаднойчы ў сваім жывапісе. Праз тры гады пасля вызвалення Мінска адкрылася мастацкае вучылішча, і я адразу ж туды паступіў. Разам са мною вучыліся мае равеснікі Людвіг Асецкі, Георгій Паплаўскі, нядаўнія франтавікі і партызаны Міша Савіцкі, Лёня Шчамялёў, Міша Чэпік, Валодзя Мінейка, Віця Грамыка, будучы прафесар, з якім мы потым шмат гадоў працавалі ў БДТМІ. Ну, а пасля заканчэння вучылішча я паступіў у Сурыкаўскі інстытут, таксама без усялякіх праблем…

 
Самастойнае мысленне — не для “салонаў”
— Як бы вы коратка абазначылі сваё крэда ў мастацтве?

— Лічу, што прызванне мастака — вельмі высокае. І патрабую і ад сябе, і ад сваіх студэнтаў у Акадэміі, дзе працую вось ужо 50 гадоў, усвядоміць гэтую місію. Я не разумею тых, хто сёння захапляецца “канвеернай”, так званай салоннай творчасцю, бязлітасна тыражуючы саміх сябе. І не важна, для каго яны “штампуюць”: для айчыннага пакупніка або на замежны рынак.

— Ваша вызначэнне сённяшняга стану беларускага мастацтва?

— Па вялікім рахунку, усё сусветнае мастацтва перажывае крызіс. Даўно ўжо сумую па мастацтве для душы і сэрца, па мастацтве суперажывання і судатыкальнасці. Хаця мы, беларусы, ужо неаднойчы даказалі, што можам стварыць эталон на заходні ўзор. Але няўжо гэта — мэта творчасці?

Мы сёння сталі менш патрабавальнымі да сябе, да сваёй працы. Ці не таму знікла “вялікая карціна” як, можа, самы важны жанр жывапісу? Я не заклікаю пісаць, як пісалі, скажам, Аляксандр Іванаў, Сурыкаў ці Веласкес. Не! Але ты знайдзі сваю форму, ускладзі на свае плечы цяжкую ношу, каб яна стала “сімфоніяй” у мастацтве! Вось чаго я хачу і ад сваіх вучняў. Важна, каб яны навучыліся самастойна мысліць вялікімі формамі і разважаць наконт таго, што іх акружае ў жыцці. А мы задаволіліся ці то “салонам”, які можна павесіць у спальні або, у лепшым выпадку, — у офісе, ці то “другарадным” і “трэцярадным” так званым авангардам…

— Але ж у нас ёсць мастакі еўрапейскага ўзроўню…

— Канешне, ёсць. Калі як след прыгледзецца да беларускага мастацтва,то можна ўсвядоміць, што яно можа спакойна выходзіць на сусветную арэну. Але ў цэлым — праблем шмат. Праблем, якія звязаны і з паніжэннем сацыяльнага статуса мастакоў і педагогаў, і з раз’яднанасцю ўнутры самога мастакоўскага калектыву...


 
“Спрачайцеся са мной, але — аргументавана!”
— Май Вольфавіч, і ўсё ж такі: педагогіка — гэта прызванне, грошы, радасць цеснай сувязі з моладдзю, або нешта іншае?

— Я шмат разоў намагаўся пазбавіцца ад гэтай вельмі нялёгкай працы. Але нібы нейкая сіла трымала мяне ў сценах маёй ВНУ. І я не рабіў апошняга кроку. Дый не шкадую пра гэта, хаця мог за гэты час напісаць у сваёй майстэрні шмат карцін. Але педагагічная работа, прынамсі, для мяне, — не менш важная справа, чым Яго Вялікасць Жывапіс. Быць настаўнікам — гэта таксама талент. І педагогам мае права стаць не кожны мастак.

— Як трэнер у спорце?

— Так. І многія мне гаварылі: навошта ты там, у Акадэміі, так доўга працуеш? Маўляў, за два дні больш грошай заробіш у сваёй майстэрні, чым за месяц на кафедры. Але ёсць рэчы, якія словамі не растлумачыць. Хіба можна расказаць пра тое пачуццё вялікага задавальнення ад пастаяннага судакранання з творчай моладдзю, з яе інтарэсамі, поглядамі, канцэпцыямі, роздумамі, развагамі? І калі я кажу ім: не пагаджайцеся са мной, спрачайцеся, — то заўсёды гатовы да абмеркавання, увесь перад імі! Я адказваю на іх пытанні і сам для сябе высвятляю ў дыскусіях нейкую ісціну,— у гэтым бачу прывабнасць. Але імкнуся дасягаць таго, каб творчыя спрэчкі паміж педагогам і вучнямі былі, па магчымасці, аргументаваныя, — тады ўсім цікава. Канешне, педагагічная работа і наогул вучэбны працэс вымагаюць шмат сіл і часу, Але, відаць, такая наша планіда…

— Ці многа ў вас вучняў, якімі вы сёння можаце ганарыцца?

—- Канешне! Усіх пералічыць, зразумела, немагчыма. Назаву хаця б некалькіх. Скажам, вельмі задаволены тым, як развіваецца творчасць Васіля Сумарава, Мікалая Казакевіча, Анатоля Бараноўскага, Андрэя Задорына, Рамана Заслонава, Ігара Бархаткова, Наталлі Залознай, Уладзіміра Масленікава…

— І апошняе, банальнае, пытанне: найбліжэйшыя творчыя планы?

— Працаваць, працаваць і працаваць — вось мой адзіны план. Пакуль рука трымае пэндзаль. Можа, мой адказ такі ж банальны. Але сёння я ўсё больш задумваюся, як прайшоў свой творчы шлях, як будуць выглядаць мае творы для будучых пакаленняў, і наогул, ці так я пражыў сваё творчае і педагагічнае жыццё, як пра тое марылі мае бацькі?

* * *

У гэтых словах — увесь Май Данцыг, і я яму веру, таму што ведаю яго больш чым 40 гадоў як таленавітага пасіянарнага чалавека-творцу. Ён не здольны заставацца ў якім-небудзь пасіўным і бяздзейным сузіранні. Яму, нібы паветра, неабходна пастаянная і непасрэдная сувязь з жыццём, з моладдзю, з яе працай, радасцямі і няўдачамі.

Таму ў творчасці Мая Данцыга так многа мастацкай праўды, якая зачароўвае гледача. Яго карціны “Мой Мінск”, “Беларусь — маці партызанская”, “Партызанскае вяселле”, “Нацюрморт. Аб Вялікай Айчыннай…”, “Спадчына”, “І помнит мир спасённый…”, “Мой горад старажытны, малады”, цудоўныя партрэты “вялікіх форм” А.Анікейчыка, А.Адамовіча, В.Быкава і многіх іншых сучаснікаў — творцаў высокай культуры — гэта ўсё пра нас, пра нашу Радзіму, пра нашу спадчыну, пра наш гераічны і таленавіты народ, які ў цяжкіх баях здабыў мір на зямлі.

Гутарыў Барыс КРЭПАК
Фота Юрыя ІВАНОВА