Вяртанне на Кобрынскі рубеж

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Фонды музея абароны Брэсцкай крэпасці сёння налічваюць больш за 80 тысяч музейных прадметаў: архіўных фотаздымкаў, дакументаў удзельнікаў абароны і рэчаў, знойдзеных у розны час на тэрыторыі крэпасці. Да агляду ж іх прадстаўлена каля 4 тысяч экспанатаў. Пасля рамонту значна папоўнілася выстаўка 5-й залы музея “Баі на Кобрынскім умацаванні”.

 /i/content/pi/cult/186/1967/Kobryn.jpg

У адноўленай пятай зале выстаўляецца 45-міліметровая

гармата. Яна выкарыстоўвалася на тым вале, дзе сённязнаходзіцца галоўны ўваход у мемарыял.
Дырэктар мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой» Валерый Губарэнка пад час урачыстага адкрыцця адзначыў, што гэтая падзея стала доўгачаканай для наведвальнікаў музея, а таксама выказаў падзяку дзяржаве за дапамогу і падтрымку ў вялікай справе патрыятычнага выхавання маладога пакалення, якое павінна ведаць праўду пра вайну і яе герояў. Як адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення культуры Рыгор Бысюк, калектыў правёў значную навукова-даследчую работу па аднаўленні экспанатаў залы.

Больш за 300 экспанатаў, 70 з якіх выстаўляюцца ўпершыню, расказваюць пра моцны ўчастак супраціўлення крэпасці. Уражвае 45-міліметровая гармата. У чэрвені 1941-га, пад час абароны на вале, дзе сёння знаходзіцца галоўны ўваход у мемарыял, такія гарматы выкарыстоўвалі байцы 98-га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна.

Адна з самых каштоўных рэліквій музейнай залы — уратаваны ваенны сцяг. Амаль 15 гадоў сімвал гонару, доблесці і славы хавала зямля каземата, пакуль яго не адкапаў колішні ўдзельнік абароны Радзівон Семянюк. Але найбольшую частку экспазіцыі складаюць, вядома ж, здымкі ўдзельнікаў абароны: палітрук Мікалай Несцярчук — загінуў, лейтэнант Іван Акімачкін — расстраляны, капітан, камандзір батальёна 125 стралковага палка Уладзімір Шаблоўскі — арганізаваў абарону жылога дома і загінуў на трэці дзень вайны. Ягоная сям’я — жонка і чацвёра дачок — трапіла ў палон. Маці здолела схаваць пад сукеначкай Раі планшэт з сямейнымі здымкамі. Пасля вайны Раіса Уладзіміраўна перадала іх у музей. «Гэта самае каштоўнае, што засталося ў мяне ад бацькоў аб шчаслівых днях даваеннага дзяцінства”, — растрывожыла сваю памяць успамінамі дачка камандзіра, якую запрасілі на ўрачыстае мерапрыемства.

Панарама экспазіцыі сведчыць: на тэрыторыі самага вялікага ў крэпасці Кобрынскага ўмацавання ішлі цяжкія і кровапралітныя баі. Здымкі таго часу адлюстравалі палаючы будынак штаба 125-га стралковага палка, руіны дамоў, сляды цяжкіх бамбардзіровак усходняга форта. На карціне ж Івана Ахрэмчыка паказаны адзін з трагічных момантаў вайны: палонная жанчына з малым на руках у акружэнні дзяцей моўчкі ідзе па калідоры каземата насустрач жахлівай невядомасці.

Не па здымках і апавяданнях ведае вайну Аляксандр Бабкоў, які прыйшоў на адкрыццё залы. Паранены аскепкамі фашысцкага снарада, два дні ён, шасцігадовы хлопчык, праляжаў разам з забітымі ў парахавым склепе. Знайшоўся немец, які аднёс Сашу ў шпіталь і тым самым выратаваў яму жыццё. Аляксандр Аляксеевіч упэўнены: трэба помніць аб ахвярах вайны, каб не паўтарыўся 41-ы. Яму і ўдзельніку абароны крэпасці — Пятру Паўлавічу Кацельнікаву, які таксама наведаў музей, — ёсць што ўспомніць пра першыя дні вайны.

Дарэчы, у зборы дакументаў супрацоўнікам установы дапамог музей «Берлін — Карлсхорст» і гісторык з Гамбурга Крысціян Ганцэр. Некалькі здымкаў пятай залы з’яўляюцца копіямі з франтавога альбома Хайнца Мозэра — вайскоўца 45-й пяхотнай дывізіі, якая ў 1941-м штурмавала крэпасць.

Алена КАПАЧОВА
Брэст