Спадарожнікі дзяцінства

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

85 гадоў спаўняецца на пачатку 2009-га старэйшаму часопісу для дзяцей і падлеткаў “Бярозка”. З гэтай нагоды ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавана выстаўка “Спадарожнікі дзяцінства”, якая знаёміць з узнікненнем і развіццём дзіцячага перыядычнага друку на працягу ХХ стагоддзя.

 /i/content/pi/cult/186/1958/Spadarozhniki.jpg
З выстаўкі можна даведацца, як раней выдавалася “Бярозка”, убачыць асабістыя рэчы Уладзіміра Дубоўкі — яе першага рэдактара, а на старонках першых нумароў часопіса знайсці цікавыя творы айчынных пісьменнікаў.

У экспазіцыі таксама прадстаўлены кнігі пачатку мінулага стагоддзя, часопісы, газеты, якія чыталі дзеці, фотаздымкі пісьменнікаў.

Сярод выстаўленых прадметаў — патэфон з пласцінкамі 30-х гадоў, пішучая машынка, адзін з першых тэлевізараў, фотаапарат, радыё, цацкі для дзяцей і самаробныя шахматы, зробленыя рукамі Кандрата Крапівы.

Закранаецца на выстаўцы і тэма Вялікай Айчыннай вайны. Не пакідае абыякавымі інфармацыя пра “зялёныя школы” ў партызанскіх атрадах: фотаздымак 1943 года зафіксаваў школьнікаў каля вогнішча перад павешанай на дрэва дошкай.

Як адзначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Настасіч, у межах праекта створана і інтэрактыўная частка экспазіцыі, дзе дзеці могуць пагуляць з Міколкам — героем кніжкі Уладзіміра Ліпскага “Прыгоды Нуліка”.