Новы помнік класіку

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Пад час Міжнароднага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, прымеркаванага да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, у гарадскім парку Бабруйска быў усталяваны помнік класіку.

 /i/content/pi/cult/186/1956/Dunin-M.jpg
Пастамент помніка, аўтарамі якога з’яўляюцца вядомыя беларускія скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія, выкананы ў выглядзе тэатральнай заслоны з кавалка граніту, на якім усталяваны бронзавы бюст драматурга.

Акрамя таго, у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі ў Бабруйску адкрылася фотавыстаўка “Спасцігаючы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”, у экспазіцыі якой прадстаўлена больш за 50 здымкаў Аляксандра Ліціна, зробленых пад час вандровак па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка.

Акрамя таго, прадстаўлены і архіўныя матэрыялы, графіка. Кожны з 10 раздзелаў выстаўкі суправаджаецца тэкставым тлумачэннем.

Пасля Бабруйска перасоўную фотавыстаўку цягам наступнага года плануецца паказаць ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны, а таксама абласных цэнтрах Беларусі.

Дарэчы, у сталічным Палацы мастацтва 10 снежня адкрываецца Рэспубліканская выстаўка “Дудар беларускі”, прымеркаваная да 200-годдзя класіка айчыннага слова.

Ул. інф.

Падрабязна пра Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.