Першыя ў... “Космасе”

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Пераможцамі сталі абодва беларускія канкурсанты Першага Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Дзіцячая Новая хваля-2008”, фінал якога адбыўся 28 — 29 лістапада ў Маскве, у Канцэртнай зале “Космас”. У малодшай узроставай групе спаборнічалі, акрамя нашых, прадстаўнікі Германіі, Грузіі, Ізраіля, Канады, Расіі, Таджыкістана, Украіны. 10-гадовая мінчанка Крысціна Святлічная, удзельніца ўзорнага Тэатра-студыі эстраднага мастацтва “Каларыт”, стала лаўрэатам Першай прэміі. 8-гадовы дзі-джэй Анатоль, “зорны” ўнук знакамітага Анатоля Ярмоленкі, атрымаў па выніках галасавання Прыз глядацкіх сімпатый.

Яно і не дзіва! Анатоль, які вучыцца ў дзіцячай музычнай школе па класе фартэпіяна, пачаў спяваць не з чатырох гадоў, як гэта пазначана ў ягоным “дасье”, а літаральна з нараджэння. Немаўляткам ён наведаў “Славянскі базар у Віцебску” і стаў госцем “Зорнага часу” — зразумела, разам з мамай, салісткай “Сяброў” Алесяй.

 /i/content/pi/cult/186/1954/Kryscina.jpg

Крысціна Святлічная.

Крысціна прыйшла ў тэатр-студыю “Каларыт” у 6 гадоў і пачувае сябе на сцэне настолькі натуральна, што ёй маглі б пазайздросціць некаторыя мэтры. Ёсць у яе і тэатральны вопыт — роля Трубадура-малодшага ў мюзікле Г.Гладкова “Прыгоды брэменскіх музыкаў” у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. Невыпадкова пасля цяперашняй перамогі яна атрымала новае запрашэнне ў Маскву — на запіс тэлепраекта “Песня года-2008”.

— Мы вельмі ўважліва, — расказаў мастацкі кіраўнік “Каларыту” Барыс Асмалоўскі, — фарміравалі рэпертуар. Патрабаваліся дзве песні: адна — арыгінальная, другая — з мультыплікацыйнай стужкі ці кінафільма. Спыніліся на песні Пэпі Доўгаяпанчоха і кампазіцыі Алега Елісеенкава, з якой Крысціна ўжо перамагала. На падарункавай афішы, дзе пасля конкурсу распісаліся ўсе члены журы на чале з Ігарам Крутым, Крысціна прачытала: “Самай лепшай у свеце Пэпі!”. Зала выклікала на “біс”, хаця на спаборніцтвах гэта не практыкуецца. Увогуле, такога конкурсу я яшчэ не бачыў. Сцэнаграфія, рэжысёрская праца з фіналістамі, што пачалася за 11 дзён да конкурсных праслухоўванняў, падача матэрыялу, разлічаная на “тэлекарцінку”, — побач з “... Хваляй” нават “Еўрабачанне” “адпачывае”. Не толькі дзецям (а ў многіх з іх за плячыма не адно творчае спаборніцтва), але і вопытным выкладчыкам і арганізатарам, якія пабывалі на шэрагу падобных конкурсаў ды фестываляў, там было чаму павучыцца.

У першым лёсаванні дзеці выбіралі сабе вялізныя жывыя ружы, у афармленні якіх былі схаваны нумары. Другое ж лёсаванне праводзілі... дэльфіны: яны падплывалі да канкурсантаў і падавалі кожнаму мячык з нумарам, — вельмі прыгожа і кранальна. У дзяцей вочы гарэлі ад шчасця!

Перадконкурсная ж падрыхтоўка ўвогуле ператварылася ў сапраўдныя майстар-класы пад кіраўніцтвам рэжысёра Аляксандра Рэўзіна. Прычым усе рэпетыцыі былі насычаны гумарам, добрай энергетыкай, таму пакрыўджаных не было.

Паралельна ішла работа і над сцэнічнымі строямі, адпаведнымі абраным песням, і над іміджам. З 18-цю канкурсантамі працавалі 14 (!) цырульнікаў, стылістаў, іміджмейкераў — і гэта дало свой плён.

Штосьці з таго вопыту можна было б рэалізаваць і ў нас: у Беларусі таксама хацелася б зладзіць такі форум, ужо ёсць канкрэтныя прапановы.