“Сумесны канцэрт” з варыяцыямі

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Учора ў Мінску завяршылася творчая акцыя “Моладзь і мастацтва — мост у будучыню”. Галоўнымі арганізатарамі праекта выступілі Міністэрства культуры нашай краіны, спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

У фінале акцыі адбыліся “круглы стол” з удзелам СМІ па праблемах выхавання юных талентаў, мастацкая выстаўка і сумесны канцэрт адоранай моладзі Беларусі і Расіі. Сімвалічна, што адзін з удзельнікаў гэтага выступлення — наш таленавіты віяланчэліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Іван Карызна выступіў з буйным сольным канцэртам у двух аддзяленнях у дзень адкрыцця акцыі, быццам даўшы ёй музычны імпульс.

Але ж эпіцэнтрам праекта ўсё ж сталі не вышэйзгаданыя святочныя мерапрыемствы на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а двухдзённыя майстар-класы па розных спецыяльнасцях, што праходзілі адначасова на некалькіх пляцоўках: ва ўсіх творчых ВНУ краіны, у Рэспубліканскім каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя У.Мулявіна.

Майстар-класы праводзілі выдатныя педагогі і сапраўдныя прафесіяналы, сярод якіх было трое прадстаўнікоў беларускай школы. Юных піяністаў навучала прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Людміла Шаламенцава. Эстрадных спевакоў — заслужаны работнік культуры краіны Святлана Стацэнка. Майстаркласы па сучаснай харэаграфіі праводзіла Святлана Гуткоўская — загадчыца кафедры Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў.

“Каманда” маскоўскай прафесуры апекавала такія спецыяльнасці, як “выяўленчае мастацтва”, “камерны ансамбль” і “віяланчэль”. Майстар-класы вялі, адпаведна, народны мастак Расіі, акадэмік Валерый Малалеткаў, салісты “Брамс-трыо” Маскоўскай філармоніі, сусветна вядомыя музыканты, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Наталля Рубінштэйн і Кірыл Родзін.

Усе яны пачувалі сябе не столькі гасцямі, колькі даўнімі сябрамі нашай краіны. Той жа Кірыл Родзін прыязджаў да нас неаднаразова: некалькі гадоў запар праводзіў майстар-класы, выступаў з канцэртамі, быў у складзе журы нашага Міжнароднага конкурсу імя М.Ельскага, узначальваў дзяржаўную камісію на выпускных іспытах. Вядома, мы не маглі не запытацца ў яго пра ўзровень падрыхтоўкі нашых музыкантаў.

— У вас ёсць шмат адораных маладых музыкантаў, арыентаваных на добрыя вынікі, — сказаў Кірыл Уладзіміравіч. — І мая задача — дапамагчы ім у гэтым. Сувязь з беларускай выканальніцкай школай у мяне не перапыняецца нават тады, калі я дома. У маім класе ў маскоўскай кансерваторыі вучацца двое вашых выхаванцаў — Аляксандр Дулаў і Аляксей Зяленка. Гэтак жа, як раней, у нас (праўда, у іншых выкладчыкаў) заканчвалі навучанне беларусы Кацярына Досіна і Канстанцін Зяленін. Многіх з тых, з кім я ў вас на гэты раз займаўся, ужо добра ведаю, з некаторымі ж сустрэўся ўпершыню. Самае галоўнае — ва ўсіх ёсць жаданне граць лепей. І для гэтага — працаваць ды працаваць. Увогуле, тую сістэму адукацыі, што склалася ў часы Савецкага Саюза, на Захадзе лічаць найбольш збалансаванай, таму што мы даём рознабаковыя веды. Заходняя ж мадэль, калі навучэнцы самі абіраюць дысцыпліны і вывучаюць іх факультатыўна, рыхтуе больш вузкіх спецыялістаў.

— Пад час майстар-класаў вы пастаянна накіроўваеце вучняў да самастойных пошукаў, вучыце іх не паўтараць паказанае выкладчыкам, а самастойна аналізаваць прапанаваныя варыянты. А калі вы самі пачалі займацца свядома?

— У класе восьмым-дзевятым. У піяністаў самастойнасць выпрацоўваецца раней, у скрыпачоў, віяланчэлістаў— пазней. І гэта звязана са спецыфікай інструмента. Але чым ранней юны музыкант навучыцца свядома ставіць перад сабой мэты і шукаць шляхі іх дасягнення — тым лепей.

Сапраўды, менавіта гэта і стала дамінантай усіх праведзеных Кірылам Родзіным заняткаў. Ён вучыў уменню ацэньваць сябе і іншых, шукаць не самы просты варыянт выканання, а найбольш прыгожы паводле якасці гуку, граць з задавальненнем, з адчуваннем шчасця, выхоўваў у сваіх падапечных славутую варыятыўнасць выканання — калі пэўны фрагмент вывучваецца рознымі спосабамі ігры, а на канцэрце выбіраецца адзін з іх, у залежнасці ад акустыкі залы і ўласнага натхнення музыканта. Цікава, што ён рабіў не толькі выключна выканальніцкія падказкі, але і ўласна артыстычныя: дзе можна паспрабаваць закаціць вочы, дзе — пераможна ўзмахнуць смычком. Іншымі словамі, навучаў не толькі добра граць, але і “рабіць уражанне”, што заўсёды вельмі важна для канцэртнай дзейнасці. Пры гэтым ён і сам шмат іграў — на звычайнай вучнёўскай віяланчэлі, ператварыўшы майстар-клас у своеасаблівы “сумесны канцэрт”.

Няма чаго і казаць, што на такіх “занятках” быў супераншлаг. Тыя, хто стаяў ля сцен, некалькі разоў выпадкова дакраналіся да выключальніка, і ў розных частках залы гасла святло. Кірыл Родзін і з гэтага зрабіў “творчую знаходку”. Адзін з “варыянтаў” — калі святло заставалася толькі ў апошніх радах — яму так спадабаўся, што ён папрасіў паўтарыць яго, і ў гэткай інтымна-салоннай атмасферы зачароўваў сваёй ігрой.