У гэтай “узроставай розніцы” — сама сутнасць мастацтва, да вечных ісцін якога далучаюцца ўсё новыя пакаленні творчай моладзі. Таму і на вокладцы кнігі, што выйшла да юбілею нашай “маладой-маладзечанскай” навучальнай установы, — перазовы эпох: і паэтызаваная фігура Агінскага, якім яе ўбачыў скульптар Валяр’ян Янушкевіч, і натхнёныя твары артыстаў Маладзечанскага музычнага маладзёжнага тэатра, утворанага менш як два гады таму са студэнтаў і выкладчыкаў.
Вучэнне — таксама шлях да святла. Менавіта да такой высновы вядзе кніга, дзе з любоўю знітаваны гісторыя і сучаснасць Маладзечанскага вучылішча. “Музычнасць” выдання падкрэслена не толькі “абрысамі” кампазітарскіх рукапісаў, што на кожнай старонцы праступаюць скрозь літары, але і гімнічным спевам вучылішча, створаным Аленай Атрашкевіч і змешчаным нават раней за прадмову. Галоўнае ж — у складанні агульнай гістарычнай карціны з маленькіх фрагментаў мазаікі: менавіта так, праз увекавечванне памяці сваіх “мясцовых” герояў, можна прыйсці да шматпланавага разгорту культуры Беларусі. І папулярызаваць яе як на ўнутрыдзяржаўным, так і на замежным узроўні: невыпадкова фаліянт выдадзены на дзвюх мовах — беларускай і англійскай.
Надзея БУНЦЭВІЧ