Які краявід на нябёсах?

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

Выставачны сезон у гродзенскай галерэі Тызенгауза адкрыўся выстаўкай мінчаніна Генадзя Драздова “Прывітальная свечка”. Мастак паказаў творы пераважна першага пяцігоддзя XXI стагоддзя.

 /i/content/pi/cult/184/1916/Jaki-krajavid.jpg

Г.Драздоў. “Прывітальная свечка”.

Духоўная субстанцыя — “родная зямля” — бачыцца той светапогляднай асновай экспазіцыі, праз якую асэнсоўваецца аўтарам месца чалавека сярод навакольнай рэальнасці — вельмі блізкай і знаёмай беларусу цеплынёй фарбаў, лёгкай паэтычнасцю, філасафічнай удумлівасцю.

Знакавай фігурай “роднай зямлі” ўспрымаецца “Стары пчаляр” — заўсёдны працаўнік, які нясе за плячыма цяжкую борць жыцця. Аўтар выяўляе ва ўмоўнай постаці сутнасныя праявы яго існавання, пачынаючы ад радаснай мядовасці пчалінага рою і завяршаючы сімвалічным крыжам — заканчэннем чалавечага шляху, апафеозам душэўнай чысціні. Ад чашы “роднай вады” ў рабоце “Адлёт у вырай” імкнецца вырвацца ў неабсяжную прастору знаёмая птушка, каб па наканаванасці прыродных законаў ізноў сюды вярнуцца.

Шматзначнасць вобразнага ладу палотнаў, несучы ў сабе глыбокі падтэкст, апелюе да экзістэнцыяльнага досведу гледача. Амаль у трансцэндэнтнай бясконцасці мастак змяшчае ў адзінокай ладдзі маленькую постаць з “Прывітальнай свечкай”, адвечная сімволіка якой узыходзіць да паганскага агню. Своеасаблівым працягам тэмы ўспрымаецца кампазіцыя “Святло ўначы”, якая, з аднаго боку, асацыятыўна нагадвае беларускую батлейку са сцэнай нараджэння Хрыста, а з другога — еўрапейскі горад. Гарадскія будынкі атуляюцца тут спакойным святлом, што струменіцца з нябёс, з вышэйшых сфер.

Часцінка гэтага чароўнага святла як бы ўвасабляецца ў бязважкай постаці “Дзяўчынкі, што грае на флейце” і робіць яе неад’емнай прыналежнасцю вытанчанай мелодыі прыгажосці. Зрэшты, ці не Гродна ўвасобіў на палатне Генадзь Драздоў?

Пачуцці лірычныя змяняюцца ў мастака неабдымнай напоўненасцю перажыванняў — больш бурных, дынамічных, якія выяўляюцца праз экспрэсіўную каларыстыку палотнаў “Краявід”, “Краявід на нябёсах”. Сусвет нябесны і зямны будуецца колерам, перадаючы сугучча ўражанняў ад асэнсавання прыроднага кругавароту (“Таямніцарух”). У гэтай усеагульнай дыялектычнай плыні ўдзельнічае і “родная зямля” Генадзя Драздова, якую ён накіроўвае ў еўрапейскі гума-

ністычны шлях.

Марына ЗАГІДУЛІНА
Гродна