Творчае супрацоўніцтва бацькі і сына Смольскіх пачалося яшчэ тады, калі Віктар толькі вучыўся граць на гітары: слухаючы рок-музыку, што “чулася з-за сценкі”, Дзмітрый Браніслававіч не мог не адгукнуцца на гэта ўласнымі творамі. Атрымаліся не толькі рок-кампазіцыі, але і сімфонія № 9 з саліруючай электрагітарай. Саліраваў, вядома, Віктар: і на прэм’еры ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, і пры шматлікіх выкананнях за мяжой. Менавіта гэтая сімфонія, што чарговы раз гучала ў 2004 годзе на Берлінскім фестывалі маладзёжных аркестраў, і звяла разам аркестр “Маладая Беларусь” і В.Смольскага — удзельніка групы “Рэйдж”. Тады ж узнікла ідэя цяперашняга сумеснага праекта.
Сімфа-рок атрымаўся папраўдзе шыкоўны. Можа, у вялізнай зале не цалкам праслухоўвалася аркестравая фактура, але зроблена яна была надзвычай густоўна і арыгінальна. Нават склад аркестра быў крыху “барочны”: струнныя, габой з пранікнёным сола, дзве трубы, чатыры валторны з вельмі развітай партыяй, літаўры, вялікі барабан. А яшчэ — клавішныя, за якімі сядзеў спецыяльна запрошаны на гэты канцэрт Андрэй Зубрыч: з ім Віктар калісьці пачынаў кар’еру ў групе “Інспектар”.
Група “Рэйдж” не ўпершыню звярнулася да творчасці Д.Смольскага: некалькі гадоў таму ў Германіі выйшаў кампакт-дыск з яго араторыяй “Ератык” паводле дакументальных тэкстаў з архіваў Беларусі, Германіі, Англіі. У выкананні, акрамя “Рэйдж”, удзельнічаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі. Араторыя атрымала папулярнасць у розных краінах свету, выконвалася яна і жыўцом, у тым ліку з Берлінскім і Лонданскім аркестрамі.
Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Дзмітрый і Віктар Смольскія.