Беларусь святкуе 140-годдзе Янкі Купалы

№ 25 (1568) 18.06.2022 - 24.06.2022 г

З нагоды юбілею традыцыйныя Купалаўскія дні, якія ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, пройдуць асабліва ўрачыста.

24 чэрвеня ў 18.30 Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на “Купальскаю ноч у Купалавым доме”, якая адбудзецца напярэдадні дня нараджэння Янкі Купалы. Купалле лічылася часам цудаў: быццам бы толькі ў гэтую ноч расцвітала чарадзейная папараць-кветка, паданне пра якую ўвасобіла мару чалавека пра шчаслівае жыццё. З гэтай легенды пачынаецца мастацкі свет Янкі Купалы. У праграме – традыцыйны купальскі вечар пры ўдзеле фальклорнага гурта “Этнасуполка” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, падчас якога пройдуць майстар-класы па пляценні купальскіх вянкоў і старадаўніх песнях і танцах.

28 чэрвеня а 16 гадзіне на Вайсковых могілках Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзіць Жальбіны з нагоды 80-й гадавіны смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У музеі Песняра захоўваецца спецпаведамленне, дзе пазначана, што 28 чэрвеня 1942 года ў 22 гадзіны 30 хвілін “упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала”. Пахаванне адбылося 1 ліпеня 1942 года ў Маскве. У 1962 годзе прах паэта перазахавалі на Вайсковых могілках у Мінску. Сучаснікі Янкі Купалы, якім пашчасціла сустракацца і сябраваць з паэтам, захавалі пра яго самую светлую памяць. Для ўсіх наступных пакаленняў жыве слова Песняра, поўнае любові да Бацькаўшчыны і беларускага народа.

2 ліпеня а 13-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на свята паэзіі “Купала заўсёды ў сэрцы маім”, якое прымеркавана да Дня нараджэння народнага паэта Беларусі і адбудзецца ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Ляўкі” (Аршанскі раён, Віцебская вобласць). Музей пры падтрымцы аддзела культуры Аршанскага райвыканкама рыхтуе святочную праграму з удзелам паэтаў і пісьменнікаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, музычных калектываў і выканаўцаў.

Спецыяльны госць свята – Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» з канцэртнай праграмай на словы Янкі Купалы. Ганаровыя госці свята аддадуць даніну павагі класіку беларускай літаратуры і ўскладуць кветкі да помніка Песняру. У рамках мерапрыемства адбудзецца ўрачыстае адкрыццё бюста Янку Купалу на тэрыторыі “Копыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Аршанскага раёна імя Янкі Купалы”. Свята ў Ляўках стане выдатным днём для сямейнага адпачынку ў адным з найпрыгажэйшых куточкаў Беларусі! Кожны зможа адчуць мілагучнасць роднай мовы і атрымаць асалоду ад традыцыйных беларускіх і аўтарскіх песень, прыняць удзел у майстар-класе па пляценні купальскіх вянкоў.

7 ліпеня 2022 года а 11-й гадзіне ў парку імя Янкі Купалы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка народнаму паэту Беларусі з нагоды 140-годдзя з дня яго нараджэння. Да цырымоніі далучацца прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, нашчадкі Янкі Купалы, сябры грамадскіх аб’яднанняў “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, “Беларускі саюз мастакоў”, “Беларускі фонд культуры”, прадстаўнікі ўстаноў культуры і адукацыі горада Мінска. Аздобай свята стануць песні на словы Янкі Купалы ў выкананні Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь.

9 ліпеня 2022 года а 12-й гадзіне ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» (Мінская вобласць, Маладзечанскі раён) у 50 раз адбудзецца рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…», якое ладзіцца сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Мінскім аблвыканкамам, Маладзечанскім райвыканкамам.

Вершы, прысвечаныя Песняру, на яго радзіме прачытаюць беларускія паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Музычныя творы, натхнёныя мілагучнымі Купалавымі радкамі, выканаюць Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», фальклорная група «Купалінка», фальклорны ансамбль «Ватра», этнічная група «Арацэя», мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна. Свята ў Вязынцы стане выдатным сямейным адпачынкам. Памяткі аб ім прапануюць гасцям кірмаш рамёстваў і кніжны кірмаш. А шматлікія фотапляцоўкі дадуць магчымасць зафіксаваць гэты дзень у сямейным фотаальбоме.