На прыступках райвыканкама. Аляксандра Дуванава ў першым радзе (другая справа)
А падарунак вось які: асабістыя рэчы маці Наталлі Васільеўны, у мінулым — франтавой медсястры Аляксандры Дуванавай, гвардыі яфрэйтара асобнага медыка-санітарнага батальёна 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Гэта кніга ўспамінаў, калектыўны пасляваенны здымак, жаночы гадзіннік з гравіроўкай “Бяроза. 55-годдзе вызвалення раёна. 1999 год”.
ФОТА З НАШАГА АРХІВА
Мы, у сваю чаргу, знайшлі фота, на якім франтавікі гвардзейцы, перавязаныя імяннымі стужкамі “Удзельнік вызвалення Бярозаўшчыны”, стаяць з мясцовымі ветэранамі на прыступках райвыканкама. Сярод іншых — і Аляксандра Сцяпанаўна. Побач — яе аднапалчанін-зямляк, варонежац, былы камандзір мінамётнага ўзвода, старшыня Савета ветэранаў 48-й дывізіі Павел Арчакоў.
А вось яшчэ адзін музейны здымак. Аляксандра Сцяпанаўна разам з франтавой медсястрой Зояй Балабай. Сяброўкі крочаць у 1999 годзе па тэрыторыі Чырвоных казармаў.
Ніна Міхайленка, Шура Дуванава і Марыя Варанцова, 1945
Цяжка было схаваць хваляванне, калі ў масіве дакументнага матэрыялу адшукалася добрай якасці фатаграфія, датаваная чэрвенем 1945-га. Тры дзяўчыны ў гімнасцёрках з “зялёнымі крыламі пагонаў”. У цэнтры — Шура Дуванава. Злева — Ніна Міхайленка, справа — Марыя Варанцова.
Ці варта шмат казаць пра тое, як гэтыя дзяўчаты, санінструктары, медсёстры, ваенфельчары, санітаркі сталі салдатамі, выцягвалі параненых з перадавой, штохвілінна рызыкавалі жыццём. Натуральна, баяліся, але мелі мужнасць пабароць гэтае пачуццё.
ПОДЗВІГ ГАЛОЎХІРУРГА
Пры вызваленні Беларусі перадавыя групы медыка-санітарнага батальёна звычайна знаходзіліся ў вайсковых частках, а другія эшалоны з хворымі і параненымі адставалі на 30-40 кіламетраў. І бывалі выпадкі, калі на іх нападалі бадзяжныя групы фашыстаў, што трапілі ў акружэнне. Тады галоўны хірург батальёна Васіль Артамошын браў на сябе камандаванне, і з санітаркамі і лёгкапараненымі байцамі яны ўступалі ў бой да прыходу падмацавання.
У мемуарах так апісваецца выпадак, што адбыўся ў Бярозе: “Спераду ішла машына з Артамошыным. Ён спяшаўся, бо цудоўна ведаў, як важна падрыхтаваць медыцынскую службу да пачатку баявых дзей. І раптам — выбух. Міна! Васіль Пракоф’евіч, цяжка паранены ў ногі, сам сабе робіць аперацыю. Потым 30 гадзін запар аперыруе байцоў, якія адмовіліся ад эвакуацыі ў тыл. За мужнасць Артамошын узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга”.
У ІХ НАРАДЗІЛІСЯ ДАЧКА І СЫН
48-я гвардзейская стралковая дывізія, сфармаваная ў суровым 1941-м з курсантаў Разанскага, Уладзімірскага, Іванаўскага і іншых пяхотных вучылішчаў, граміла ненавіснага ворага ў Падмаскоўі, потым прайшла па ўкраінскіх стэпах, у 1944 годзе ў складзе войск трэцяга Беларускага фронту вызваляла нашу Бярозаўшчыну. А шлях свой пераможны завяршыла ў Празе, куды была перакінута з Берліна.
Гвардыі яфрэйтар Аляксандра Дуванава ўзнагароджана медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”. Яна перамагла і здолела вярнуцца.
Але гэта яшчэ далёка не ўсё. Шура Дуванава ўзяла шлюб з камандзірам медсанбата Васілём Ілятавым. У іх нарадзіліся дачка і сын.
ВАЙНА, БЯДА І ЮНАЦТВА
Гэта потым ужо паэт-франтавік Давід Самойлаў напіша пра пакаленне “саракавых, ракавых, свінцовых, парахавых”: “Як гэта было! Як супала — вайна, бяда, мара і юнацтва!” Гэта яны, такія розныя, маладыя мужчыны і жанчыны ў гімнасцёрках і шынялях мералі сяброўства акопнай меркай, узялі на сябе велізарную адказнасць за лёс краіны і годна вытрымалі выпрабаванні на цэльнасць характару, паказалі ўзоры мужнасці і гераізму.
Наша гераіня Аляксандра Дуванава з 1958 года пражывала ў Брэсце і 30 гадоў працавала ў абласной стаматалагічнай паліклініцы медрэгістратарам. Дваццаць гадоў мінула, як яе няма з намі…
Здавалася б, простыя рэчы — фотаздымак, кніга, гадзіннік — вельмі яскрава нагадалі пра іх, вызваліцеляў. І прымусілі зноў задумацца, якой цаной далася гэтым мужным людзям Перамога.
Ала ДРАГАНА,
супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея