Каханне ў бесчалавечных абставінах

№ 19 (1562) 07.05.2022 - 13.05.2022 г

На сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Альпійская балада” паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава ў пастаноўцы рэжысёра Святланы Навуменка.

 

/i/content/pi/cult/903/19013/bal.jpg

Эпізод са спектакля "Альпійская балада". Фота Таццяны Матусевіч

Творчасць Васіля Быкава з’яўляецца неад’емнай часткай беларускага культурнага кода. Яго тэксты вылучаюцца асаблівым псіхалагізмам, а галоўныя героі – годнасцю і стойкасцю. 

У мемуарах “Доўгая дарога дадому” Быкаў сцвярджаў, што сюжэт “Альпійскай балады” прыдумаў на аснове рэальнай гісторыі. Знаходзячыся ў 1945 годзе ў аўстрыйскай частцы Альпаў, ён сустрэў былую палонную канцлагера з Італіі “ў паласатай куртцы і чорнай спаднічцы”, якая шукала Івана. “Дзяўчына расказала прыкладна наступнае: яе клічуць Джулія, яна італьянка з Неапаля. Год таму, улетку 44-га, падчас бамбёжкі вайсковага завода, яна ўцякла ў Альпы, дзе сустрэла рускага ваеннапалоннага. Некалькі дзён яны блукалі ў гарах, галодныя, без цёплай вопраткі, перайшлі горны хрыбет і аднойчы ў туманную раніцу напароліся на паліцэйскую засаду. Яе схапілі і зноў кінулі ў лагер, а што здарылася з Іванам, яна не ведае”.

Спектакль Святланы Навуменка – гэта далікатна-кранальная гісторыя кахання, захавання міласэрнасці і чалавечага гонару ў жудасных і бесчалавечных абставінах. А таксама разважанні аб тым, чаму людзі цкуюць, знішчаюць і гвалтуюць адно аднаго.

У спектаклі, створаным па ваеннай аповесці, арганічна спалучаюцца пластыка, відэакантэнт і абсалютна натуральны спосаб існавання акцёраў на сцэне.

Жанна Гурына