Сяргей Лескець. Фота Таццяны Матусевіч
— Раней вы стварылі фотапраект аб жыхарах беларускіх аграгарадкоў, потым узяліся за традыцыю замоў, якую захоўваюць вясковыя бабулі. Адкуль такая цікавасць да правінцыі?
— У нас шматлікія медыя канцэнтруюцца на Мінску, не звяртаючы ўвагі на сапраўдную глыбінку. У мяне было разуменне, што гэта варта ўвагі. Плюс адсочваў, чым займаюцца прафесійныя фатографы ў іншых краінах, якія тэмы яны закранаюць. У свой час мне падабаліся праекты амерыканскага фатографа Алека Сота. Ён з велізарнай камерай ездзіў па краіне, адкрываў для сябе аднапавярховую Амерыку, звычайных людзей, іх разуменне прыгожага. Мне стала цікава зрабіць нешта падобнае тут. На жаль, многія абрады ладзяцца нібыта для журналістаў. Мне ж хацелася далучыцца да нечага некранутага, таямнічага. Таму з’явіўся “Шэпт”.
— У экспедыцыі ехалі па фотаздымкі, а па выніках яшчэ і кнігу выдалі. Што падштурхнула фатографа пачаць пісаць?
— Так, я ехаў па фотапартрэты і ніколі не думаў кніжку пісаць. Проста, маючы этнаграфічны бэкграўнд, разумеў, што магу натрапіць на цікавыя гісторыі. Наладзіў супрацоўніцтва з Акадэміяй навук і перыядычна аддаваў матэрыялы доктару філалагічных навук Таццяне Валодзінай, нешта друкавалася ў зборніках. Але задумка была выбухнуць менавіта фотаальбомам з невялікімі гісторыямі на беларускай і англійскай мовах. Выданне добрай якасці патрабуе вялікіх грошай, і я вырашыў сабраць іх на краўдфандынгавай платформе, для якой трэба было напісаць невялікі тэкст. Думаў, намалачу вялікі тэкст са сваімі ўражаннямі, а лішняе потым адсяку. Таксама мне трэба было вызваліць галаву, бо ўсе гэтыя эмоцыі, перажыванні, успаміны не давалі працягваць працаваць як фатографу, творчай асобе.
У Беларусі нідзе друкавацца не хацеў, каб не нашкодзіць героям. Была падобная гісторыя. Зрабіў публікацыю пра знахарку Яніну Снежку на адным партале. Мясцовасць, вядома, не пазначыў, але потым пабачыў процьму каментарыяў з пытаннем, як адшукаць гэтую бабульку.
Перыядычна публікаваў нешта ў замежных медыя, але тут пытанне хутчэй у грашах. Для мяне прынцыпова было даведацца пра краіну, якой яна ёсць, праз падарожжы. Плюс здымаў на стужку, што не так танна. Ганарар дазваляў мне, умоўна кажучы, месяц ездзіць у экспедыцыі і шукаць людзей. Таксама трошкі адваяваў тэму ў палякаў, бо яны на ўвесь свет расказваюць пра таямнічае Падляшша як ледзьве не адзінае месца, дзе такая традыцыя захавалася.
— Адна з вашых гераінь расказвае, што пачала замаўляць ваду, калі моцна захварэў яе муж, а потым чужыя людзі даведаліся і пачалі хадзіць з просьбамі. Ад знаёмай бабулі-шаптухі чуў, што яна пачала лячыць, калі сама перажыла значныя праблемы са здароўем. Нейкая ўласная бяда — гэта этап пасвячэння?
— Часцей так. Праз нейкую пакутніцкую ініцыяцыю нібыта большую сілу атрымлівалі. Была бабулька, чыіх дзяцей немцы падчас вайны спалілі ў хаце. Яна пасля ўсё жыццё не магла займець новых дзяцей. Гэта вялікая трагедыя для яе была. Ездзіла і шукала нейкага паратунку, а яе між іншым вучылі знахарству. Навучылася, людзей ратавала і сама дзвюх знахарак выхавала. Увогуле гэтыя веды патрабуюць самаахвярнасці, бо ты ўжо не будзеш жыць нармальным жыццём, калі маеш сілу.
— Знахаркі ўсведамляюць уласную выключнасць? Ці ганарацца яны здольнасцю лячыць?
— Няма там гонару. Гэта жыццё, ад якога ты больш будзеш пакутаваць, бо да цябе ў любы час можа нехта прыйсці па дапамогу. І ты не маеш права браць грошы, а значыць, між іншым трэба і карову даглядаць, і парасят карміць. Тым больш вёска — такі мурашнік, дзе цябе хутка паставяць на месца, калі пачнеш важнічаць. Знахаркі нават стараюцца не афішаваць свае здольнасці. Калі ўжо прыціснула, прапануюць падлячыць. Для старэйшага пакалення гэта ўвогуле табуяваная тэма. Пазней, як усе дзверы мне адчыняліся, наадварот было прыемна, калі адна бабулька адмовілася распавядаць. Асалода, што людзей не згрызла сучаснасць і яны працягваюць верыць у моц замоў, што традыцыя засталася нечым некранутай, цнатлівай.
— На вашу думку, чаму сучасныя людзі разлічваюць на дапамогу знахарак?
— У чалавека ёсць такое разуменне датычнасці да чагосьці вышэйшага. Семдзесят гадоў атэізм насаджвалі, а людзі ўсё роўна неяк захоўвалі веру. Чалавецтва заўсёды імкнулася да нечага вышэйшага, бо, напэўна, нейкая ўнутраная патрэба існуе ў людзей. Да таго мы ўсе з вёскі. Там нашы карані, наша метафізіка. Не адно — два-тры стагоддзі глабальных ператасаванняў і змен патрэбна, каб гэта выкараніць са свядомасці. Ёсць нешта невытлумачальнае, што дапамагае людзям. Бабка Алена расказвала гісторыю, як яна хлопчыка, які сем гадоў не хадзіў, паставіла на ногі. Процьма такіх здарэнняў. Дарэчы, большасць гарадскіх спекулянтаў робяць прывязку да архаічнай традыцыі і на гэтым выязджаюць. Традыцыя трансфармуецца. Напрыклад, знікае цэлы пласт замоў для хатняй жывёлы: яны неактуальныя, бо мала хто цяпер трымае кароў ці свіней. Але я ўпэўнены, што традыцыя будзе жыць. І перажыве нават спевы, калядаванне, бо яна вельмі практычная.
Поўную версію інтэрв'ю чытайце ў газеце "Культура" №18 за 30 красавіка.