“Лістапад-2008”: з пазітыўнай перспектывай

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

Сёння завяршае сваю працу XV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Праграма кінафоруму праходзіла амаль ва ўсіх кінатэатрах сталіцы: конкурсы мастацкага, дакументальнага, тэлевізійнага, анімацыйнага кіно прапанавалі аматарам кінамастацтва творы на любы густ — ад простых кінагісторый да інтэлектуальнага кіно “не для ўсіх”. Мерапрыемствы прайшлі таксама ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, далучыўшы да свята добрага кіно не толькі сталічную публіку.

 /i/content/pi/cult/184/1900/Lanavoj.jpg
“Прыезд у Беларусь столькіх майстроў — відавочнае пацвярджэнне высокага аўтарытэту “Лістапада”, — падкрэсліў яшчэ пад час афіцыйнай цырымоніі адкрыцця кінафоруму ў Палацы Рэспублікі Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. “Я буду рады, калі гэтая сустрэча дапаможа нараджэнню новых праектаў, вартых называцца беларускімі нацыянальнымі фільмамі”, — адзначыў ён. Сёлета Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльны прыз “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” народнаму артысту СССР Васілю Ланавому. “У сваіх ролях вы стварылі непаўторныя вобразы моцных і смелых людзей. На такіх трымаюцца і дзяржава, і народ. І гэта вам удалося, таму што вы і сам такі чалавек. Дзякуй вам за творчасць і творчы подзвіг!”— сказаў Прэзідэнт.

А зорак на небасхіле “Лістапада” сёлета, як, зрэшты, і штогод, сапраўды багата: Кшыштаф Занусі, Аляксандр Сакураў, Васіль Ланавой, Святлана Дружыніна, Наталля Варлей, Леанід Мазгавой, Наталля Бандарчук, Аляксей Пятрэнка, Алена Бабенка, Ірына Пятроўская, Ален Флешэр, Інга Стралкова-Аболдзіна. Дзе яшчэ, як не на фестывалі, гледачы атрымаюць магчымасць не толькі “ўбачыць на ўласныя вочы”, але і ў камернай атмасферы творчых сустрэч асабіста задаць пытанне любімаму акцёру, рэжысёру, крытыку... Не сталі выключэннем у гэтым шэрагу “зорных сустрэч” і беларускія артысты.

У рамках фестывалю адбылося таксама мноства прэс-канферэнцый, абмеркаванняў, прысвечаных беларускаму кіно. У прыватнасці, у мультыплексе “Беларусь” прайшоў юбілейны творчы вечар Студыі дакументальных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Летапіс”. У сталічным кінатэатры “Цэнтральны” “круглы стол” на тэму “Беларускае тэлевізійнае кіно: традыцыі і сучасны мастацкі кантэкст” сабраў буйных кінематаграфістаў, прадзюсераў і крытыкаў з мэтай вызначыць далейшы шлях развіцця такога жанру, як тэлевізійнае кіно. Гэтаксама на спецыяльнай прэзентацыі новых праектаў “Беларусьфільма” ў кінатэатры “Цэнтральны” генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Замяталін акрэсліў далейшыя планавыя задачы ўстановы. Па яго словах, на сёння галоўнай задачай “Беларусьфільма” стане запуск з 1 студзеня 2009 года карцін, якія выйдуць у пракат у 2010 годзе. “Раней у нас не было моманту дакладнага планавання, які прысутнічае цяпер, — падкрэсліў Уладзімір Замяталін. — Сёння кінастудыя паступова пачынае выконваць поўны тэхналагічны цыкл маніпуляцый, неабходных для вытворчасці, нароўні з рэканструкцыяй і мадэрнізацыяй студыі здымаюцца стужкі, ідзе пошук годнага сцэнарнага матэрыялу”.

Дарэчы, на момант здачы нумара ў друк лідэрства сярод ігравых карцін “Лістапада” па выніках галасавання гледачоў утрымліваў айчынны кінафільм “На спіне ў чорнага ката” Івана Паўлава — 9,15 балаў. Падаецца, пазітыўная перспектыва!

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА