Уладзімір ДЗЯМЕНЦЬЕЎ: “Мастак кіно геніяльны тым, што незаўважны”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

У рамках XV Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад” у музеі гісторыі беларускага кіно экспануецца персанальная выстаўка старэйшага кінамастака Уладзіміра Дзяменцьева пад назвай “Я, Уладзімір Дзяменцьеў”. Але гэткая значная падзея звязана яшчэ і з тым, што знакамітаму фільму “Іван Макаравіч” (рэжысёр — Ігар Дабралюбаў), над якім давялося працаваць Дзяменцьеву, спаўняецца роўна 40 гадоў.

 /i/content/pi/cult/183/1899/Dzyamencjeu1.jpg
Уладзімір Андрэевіч валодае кінематаграфічным мысленнем — рэдкім, але неабходным дарам для мастака кіно. Гэтая якасць у спалучэнні з талентам зрабіла яго адным з найбольш выдатных майстроў айчыннага кінематографа.

Я шмат гадоў ведаю гэтага таленавітага чалавека, у свой час часта бываў у ягонай майстэрні на кінастудыі “Беларусьфільм”, не кажучы пра нашы сустрэчы на розных вернісажах, а таксама ў асяроддзі яго сяброў — Віктара Турава, Ігара Дабралюбава, Міхаіла Пташука.

Свае першыя карціны Дзяменцьеў паставіў 45 гадоў таму з рэжысёрамі Л.Голубам (“Вуліца малодшага сына”) і В.Туравым (“Праз могілкі”, у сааўтарстве з Я.Ігнацьевым), а апошнюю, у 2003 годзе, — з М.Пташуком (“У жніўні 44-га...”). А паміж імі — цэлае жыццё, якое ўвабрала ў сябе выдатныя мастацкія ўзлёты, грамадскае прызнанне, званне заслужанага дзеяча мастацтваў, Дзяржаўную прэмію СССР і шмат што іншага. Канешне, былі і няўдачы, сумненні, расчараванні. Усё было. Але, па яго словах, сваёй прафесіяй ён заўсёды ганарыўся: “Кінематографу я аддаў амаль паўстагоддзя, і для мяне кожны год работы ў кіно быў вельмі цікавым і памятным. Я спасцігаў свет. І спасцігаў не павярхоўна, як турыст, а глыбінна. Так, я шчаслівы... І шчаслівы і таму, што лёс звёў мяне з такімі вялікімі рэжысёрамі, як Віця Тураў, Ігар Дабралюбаў, Міша Пташук, Слава Нікіфараў, Барыс Сцяпанаў...”

Вось толькі некаторыя фрагменты ўспамінаў Уладзіміра Андрэевіча пра яго работу з гэтымі рэжысёрамі, якія я запісаў у розны час.

“...З Туравым я зняў чатыры карціны — “Праз могілкі”, “Час яе сыноў”, “Нядзельная ноч” і казку “Гора баяцца — шчасця не бачыць...”. Віктар быў вялікім энтузіястам і ў жыцці, і ў кінематографе. Вельмі мужны чалавек. У яго былі складанасці са здароўем, ён перанёс
 /i/content/pi/cult/183/1899/Dzyamencjeu3.jpg

Рэдактар Валянціна Булавіна, рэжысёр Марлен Хуцыеў,

мастак Уладзімір Дзяменцьеў.
цяжкую аперацыю, але, сцяўшы зубы, працаваў, як вол. Памятаю, яшчэ не акрыяўшы ад аперацыі, ён тут жа пачаў выбіраць натуру. Ды і ў апошнія месяцы жыцця, летам 96-га, ведаючы пра сваю невылечную хваробу, апантана працаваў. У гэтых адносінах ён быў падобны да цудоўнага акцёра Уладзіміра Якаўлевіча Самойлава. У час здымак “Дуброўскага” (я — мастак-пастаноўшчык) у яго, выканаўцы ролі Траякурава, знайшлі рак лёгкага. Мы думалі: усё, канец. Здымкі спынілі амаль на год, і я ўжо пачаў працаваць з Пташуком у “Нашым браняпоездзе”. Але пасля аперацыі Самойлаў тут жа вярнуўся на здымачную пляцоўку... У Турава я шмат чаму навучыўся. Сваю працу, як правіла, ён будаваў на выяўленчым рашэнні, мысліў пластычна, шырока, фактурна. Усю натуру выбіраў разам з мастакамі. Мы яго так і называлі — “Тураў-натураў”: звычайна рэжысёры ў выбары натуры перакладаюць усё на мастака і прыязджаюць на гатовыя “аб’екты”...”

“...З Ігарам Дабралюбавым пачынаў працаваць у карціне “Іван Макаравіч” (прэмія ЛКСМБ). Спачатку ад пастаноўкі гэтага фільма адмовіліся ажно тры рэжысёры: настолькі быў слабы сцэнарый. Але Ігар згадзіўся, бо ідэя сцэнарыя “аўтабіяграфічна” клалася на яго душу: гаворка ішла пра лёс дзяцей вайны, пра пакаленне, да якога належаў і ён (дарэчы, я і аператар Дзіма Зайцаў — таксама). На Міжнародным кінафестывалі ў Венецыі ён атрымаў галоўны прыз “Сярэбраная Мінерва” за лепшы дзіцячы фільм... Потым з Дабралюбавым я працаваў у карціне “Братушка”...”

 /i/content/pi/cult/183/1899/Dzyamencjeu2.jpg
 Эскіз дэкарацыі да фільмаІван Макаравіч”.
“...Вельмі добра мне працавалася са Славам Нікіфаравым. Мы з ім рабілі карціну “Абочына” і тэлеверсію “Бацькоў і дзяцей” паводле Тургенева. Дарэчы, гэтая работа была ў той час адзінай, удастоенай Дзяржаўнай прэміі за ўвасабленне класікі ў савецкім кінематографе. Гэта 1986-ы год... Праца была вельмі складаная. Мне давялося выкарыстоўваць масу дэкарацыйных аб’ектаў. Здымалі ў трох месцах: у Мінску — пачыналі, працягвалі і заканчвалі — у Маскве, а экстэр’ерныя, сядзібныя — у Ленінградзе. Скажу, што стварэнне матэрыяльнага асяроддзя як элемента вобразнага рашэння карціны заўсёды адыгрывае значную ролю ў раскрыцці задумы. Вось, напрыклад, здымалі мы карціну “Я, Францыск Скарына...”, рэжысёр — Барыс Сцяпанаў. Я, мастак-пастаноўшчык, так захапіўся тэмай, так увайшоў у гэты кінапрацэс, што нават па начах мне снілася XVI стагоддзе. У пошуках натуры мы прайшлі дарогамі Скарыны, пачынаючы ад Беларусі і заканчваючы Чэхіяй і Польшчай. Праўда, у Італіі не пабывалі. А пасля “Скарыны” я тут жа перанёсся ў іншую эпоху — часы Вялікай Айчыннай вайны. Гэта была карціна, таксама Барыса Сцяпанава, “Бацька” — пра Міная Шмырова. А ў хуткім часе я апынуўся ў сучасным Наваполацку, дзе Дабралюбаў здымаў сваю “Вуліцу без канца”. Вось так даводзіцца вандраваць у часе...”

“...Работа з Мішам Пташуком — гэта асобная старонка майго творчага і чалавечага жыцця: “Знак бяды”, “Наш браняпоезд”, “У жніўні 41-га...”. Як бачыце, карціны этапныя для беларускага кіно. Асабліва мне было прыемна працаваць над “Знакам бяды”. Памятаю, доўга шукалі натуру: нам патрэбны быў закінуты хутар, які мы, паводле сцэнарыя, мусілі “спаліць”. Не знайшлі. І вырашылі ў раёне Баранавічаў пабудаваць такі хутар. Будавалі на старых фундаментах. І ўся наша дэкарацыя так натуралізавалася, што на кінахутары і сапраўды пасяліліся і сабака, і куры, і нават прыбілася карова. Жыла і варона, якая моцна пасябравала з кацянём.

Хутар мусіў быць “спалены немцамі”. Актрыса Ніна Русланава ў мяне і пытаецца: “Уладзімір Андрэевіч, а як вы мяне бачыце ў палаючым доме? Гэта ж небяспечна...” Я адказаў, што маўляў, мы збудавалі вынаску з выхадам, дзе не будзе задняй сценкі, так што выскачыць — не праблема. “А калі не паспею?” — занепакоілася Ніна. Я тады зусім сур’ёзна кажу аператару: “Сапраўды, Ніна можа не паспець выскачыць. Так што гэтую сцэну здымай у апошнюю чаргу...” Русланава — у жаху... Але потым жарт дайшоў да яе, і яна рассмяялася...”

“...Вельмі цікава было працаваць з Мішам і ў карцінах “Наш браняпоезд” і “У жніўні 44-га...”. Я ўжо не кажу, што Пташук быў унікальным “акцёрскім” рэжысёрам. У кожным яго фільме — “зорныя” асобы, выдатныя акцёры: Ульянаў, Гасцюхін, Пятрэнка, Міронаў, Гарбук, Філіпенка... І што важна: ніхто з іх не “саліруе”, ніхто не цягне коўдру на сябе, і вялікая заслуга ў гэтым, канешне, рэжысёра...”

Вось такі ён, мастак-пастаноўшчык Уладзімір Дзяменцьеў. Аднойчы на маё пытанне: ці не крыўдна бывае яму, калі своеасаблівасць яго творчасці паглынаецца кінаэкранам? — адказаў так: “Наадварот. Гэта — умова поспеху любога фільма, калі ўсе мы — рэжысёр, аператар, мастак, кампазітар — нібы раствараемся ў карціне. Як сказаў адзін мой выкладчык па ВГИКу, мастак кіно геніяльны тым, што незаўважны”.

Дадам, што Уладзімір Андрэевіч таксама з’яўляецца мастаком-пастаноўшчыкам фільмаў “Трэцяя ракета”, “Час выбраў нас”, “Культпаход у тэатр”, “Белыя адзенні”, “Тутэйшыя”, “Бег ад смерці”, “На Чорных лядах”, “Развітальныя гастролі”, “Дакумент “Р”, “Птушкі без гнёздаў” і інш. — усяго каля 40 твораў. Некаторыя эскізы і плакаты да карцін Дзяменцьева экспануюцца на выстаўцы і будуць цікавыя ўсім, хто любіць беларускае кіно.


Барыс КРЭПАК