Царква Іаана Прадцечы — славутасць Вішняўца (Гавязны)
Гавязною некалі называлі тры пункты ля гасцінца са Стоўбцаў на Нясвіж — маёнтак, вёску і мястэчка. Найменне гэтае засталося ў пісьмовых крыніцах. Першыя згадкі аб маёнтку адносяцца да другой паловы XVI стагоддзя, калі мясцовасць належала слуцкаму князю Яну Алелькавічу. У 1588 годзе ён прадаў маёмасць Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротку, які пазней перадаў гаспадарчы двор і вёску кляштару нясвіжскіх бенедыкцінак. Пры заснаваным імі храме ўтварылася мястэчка. Калі ў савецкі час такую адміністрацыйную адзінку скасавалі, паўстала пытанне, як адрозніць населеныя пункты з ідэнтычнымі назвамі. У выніку вёску зрабілі Гавязной-1, а былое мястэчка — Гавязной-2.
Трэба адзначыць, што пасля ўстанаўлення савецкай улады прыйшлі змены, якія закранулі беларускую тапанімію. Спачатку зніклі назвы, якія асацыяваліся з рэлігіяй, потым — нібыта немілагучныя. У 1964 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР перайменавалі больш за трыста населеных пунктаў. Закранулі змены і Стаўбцоўшчыну: першая Гавязна стала Навапольцамі, другая — Вішняўцом. Пазней тагачасны старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Іван Плахатнюк у мемуарах напісаў: “Мы, напэўна, зашмат на сябе ўзялі, калі сталі пераймяноўваць “немілагучныя” назвы некаторых вёсак. Урывацца ў гэты гістарычны пласт было недазвольнай дурасцю”.
Напэўна, былы чыноўнік зразумеў, што геаграфічныя найменні — важны культурны код. І змены ў тапаніміцы цягнуць за сабой самыя розныя змены, у тым ліку ў свядомасці.
Перайменаванне адразу выклікала заклапочанасць у мясцовых, а ў сярэдзіне 1980-х гадоў паціху пачаў фарміравацца рух за вяртанне спрадвечнай назвы. Былі публікацыі ў раённай прэсе, былі абмеркаванні сярод старажылаў. Але ключавым, напэўна, стаў 1992 год. Тады журналіст Валерый Дранчук, родам з колішняга фальварка Гавязна, сустрэў былога школьнага дырэктара Івана Аніфера. Той заклікаў адстойваць гістарычнае імя мясцовасці. Валерый Аркадзевіч склаў адкрыты ліст да землякоў, дзе патлумачыў каштоўнасць гістарычнага наймення.
— Гэты ліст вельмі істотны, ключавы. Ён з душы вырваўся. Без усялякай маёй падказкі настаяцель мясцовай царквы айцец Серафім цалкам зачытаў яго перад прыхаджанамі. Як мне пераказвалі, людзі адгукнуліся: з’явілася нейкая папера, і яны пачалі збіраць подпісы за вяртанне назвы. Гэта падняло мяне і натхніла, — узгадвае Валерый Дранчук.
Далучыліся старажылы. Адмысловы зварот падпісалі былая настаўніца Яўгенія Платун, колішняя загадчыца крамы Алена Сяржант і іншыя вяскоўцы. На жаль, падпісанты пайшлі з жыцця, так і не дачакаўшыся станоўчага адказу. Пытанне аб вяртанні гістарычнай назвы разглядалі тройчы — у 1992, 2003 і 2004 гадах. Яго выносілі на разгляд сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў, на грамадскае абмеркаванне. Органы мясцовага кіравання прыходзілі да рашэння: перайменаванне немэтазгоднае. Вядома, перад гэтым раіліся з мясцовымі. І большасць з іх падчас апытанняў выступіла за захаванне сучаснага наймення Вішнявец.
Але трэба разумець, што многія не засталі старой назвы: нехта нарадзіўся ўжо пасля перайменавання, нехта прыехаў з іншых мясцін. Напэўна, таму не падтрымалі парыў старажылаў. Думаецца, некаторыя выступалі хутчэй не супраць Гавязны, а супраць клопатаў — прыйдзецца ж дакументы мяняць, грошы траціць. Маю здагадку пацвердзілі размовы з мясцовымі. “Назва старая падабаецца, але трэба ж пашпарты рабіць новыя, дакументы на жыллё…”
Можа, вяскоўцы з большай павагай паставіліся б да дарагога старажылам тапоніма, каб ведалі кантэкст? Але жыхары і прадстаўнікі мясцовай улады пакуль што трымаюць пытанне “на паўзе”. Хоць не было “праціўнікаў Гавязны” і на круглым стале, калісьці зладжаным у Доме культуры. Ды і на заключэнне Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў, якая ўхваліла прапанову аб вяртанні старой назвы, можна б было звярнуць большую ўвагу.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №15 за 9 красавіка.