Унікальнасць з беларускім каларытам

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Падмаскоўны пасёлак Белыя Сталбы знакаміты на цэлы свет. Тут, за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад расійскай сталіцы, размясціўся Дзяржфільмафонд — спецыяльная ўстанова, дзе знаходзяцца мастацкія кінастужкі. Мясцовае фільмасховішча — адно з самых буйных у свеце: яно налічвае больш за 60 тысяч адзінак захоўвання.

Карэспандэнт “К” атрымаў магчымасць не толькі наведаць Дзяржфільмафонд, але і прыняць удзел у якасці крытыка ва унікальным мерапрыемстве.

Менавіта ў Белых Сталбах з 1 па 10 лістапада праходзілі заняткі І Міжнароднай кінашколы, якую арганізавала Канфедэрацыя саюзаў кінематаграфістаў пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД. На паліцах сховішчаў у Белых Сталбах у адмысловым парадку і пры належных умовах знаходзяцца скрыні з кінаплёнкай, магнітнымі і аптычнымі носьбітамі. Сярод рарытэтаў — першы расійскі фільм “Сценька Разін і князёўна”, эталонныя копіі “Вайны і міра”, рэдкія стужкі Чапліна, Курасавы, Бергмана. Класік савецкага кіно Міхаіл Ром некалі назваў Белыя Сталбы “лепшым фільмасховішчам у свеце, з выдатна адукаваным, адданым сваёй справе персаналам”. У савецкія часы толькі тут і толькі са спецыяльнага дазволу можна было паглядзець стужкі, якія не траплялі ў шырокі пракат. Кожная з кінастудый СССР мусіла адсылаць першыя копіі ўсёй сваёй ігравой прадукцыі ў Дзяржфільмафонд. І нават калі СССР не стала, установа засталася культавым месцам для кінематаграфістаў.

 /i/content/pi/cult/183/1898/Rubinchyk.jpg

Заняткі вядзе знакаміты кінарэжысёр Валерый Рубінчык.

Пад час правядзення І Міжнароднай кінашколы маладыя рэжысёры і драматургі спасцігалі сакрэты мастацтва экрана пад наглядам прызнаных майстроў: паказвалі свае дэбютныя стужкі, абмяркоўвалі іх на вячэрніх пасяджэннях дыскусійнага клуба, глядзелі фільмы з “залатой калекцыі” Дзяржфільмафонду. Дарэчы, распачыналася рэтраспектыва савецкай класікі адной з найлепшых стужак “Беларусьфільма” — “Вянком санетаў” Валерыя Рубінчыка.

Такі выбар быў зроблены нездарма: сам Валерый Давідавіч узначальваў на гэтым мерапрыемстве майстэрню рэжысуры ігравога кіно. Класік беларускага кінематографа добра вядомы і як педагог — шмат гадоў Валерый Рубінчык працуе з моладдзю ва ВГИКу. Сцэнарыст Павел Фін, які выкладаў у Белых Сталбах кінадраматургію, таксама звязаны з нашай краінай. Сваім самым удалым фільмам ён лічыць “Сведку” Валерыя Рыбарава. Свой майстар-клас на тэму фінансавання кінапраектаў правёў і яшчэ адзін знакаміты беларус. Ураджэнец Брэста, кіназнаўца Сяргей Лазарук больш за дзесяць гадоў займаў высокія пасады ў сістэме кіравання расійскім кінематографам. Зараз ён з’яўляецца саветнікам генеральнага дырэктаратэлеканала “Расія” і чытае ва ВГИКу курс гісторыі замежнага кіно.

Падзяліліся унікальнымі ведамі пад час заняткаў у Белых Сталбах і іншыя прафесіяналы. Свае асобныя майстар-класы правялі рэжысёры Ягор Канчалоўскі і Сяргей Урсуляк, драматургі Аляксандр Барадзянскі і Рустам Ібрагімбекаў (які, дарэчы, узначальваў школу ў Белых Сталбах), аператар Уладзімір Клімаў, гукааператар Рустам Ахадаў. Безумоўнай “зоркай” сярод педагогаў школы стаў Сяргей Дварцавы. Гэты расійскі рэжысёр вёў майстэрню неігравога кіно, аднак ён вядомы не толькі як дакументаліст: у маі гэтага года яго мастацкі фільм “Цюльпан” атрымаў Гран-пры праграмы “Асаблівы погляд” на Каннскім кінафестывалі.

Ад Беларусі ў шэрагу слухачоў Кінашколы прысутнічалі рэжысёры-дакументалісты Кацярына Махава і Андрэй Куціла, а таксама сцэнарыст Дар’я Ляцко. Трэба адзначыць, што дэбютныя стужкі нашых суайчыннікаў яшчэ да Белых Сталбоў паспелі пабываць на некалькіх сур’ёзных міжнародных фестывалях. На майстроў і студэнтаў Кінашколы фільмы “Дзве гісторыі” К.Махавай і “Фокусная адлегласць” А.Куцілы зрабілі добрае ўражанне. Паказы беларускіх стужак суправаджаліся асабліва моцнымі апладысментамі. І нічога дзіўнага тут няма: айчынная традыцыя менавіта ў неігравым кіно застаецца адной з самых адметных не толькі ў краінах былога СССР, але і ў цэлым свеце.

Удзельнікі Кінашколы таксама наведалі з экскурсіямі кінастудыю “Мосфильм” і сховішчы самога Дзяржфільмафонду, дзе нагледзелі для сябе здымачныя пляцоўкі і месцы для будучых шэдэўраў. Дарэчы, з 1991 года сховішча папаўняецца копіямі толькі расійскіх стужак, а таксама замежных стужак, якія былі ў расійскім пракаце. Фільмы з краін былога СССР, у тым ліку і з Беларусі, у Белыя Сталбы цяпер не трапляюць. Аднак навуковыя супрацоўнікі Дзяржфільмафонду высока ацэньваюць працу па захаванні і каталагізацыі фільмапрадукцыі, што вядзецца ў нашай краіне. Менавіта ў Беларусі — і гэта унікальны прыклад сярод краін СНД — быў выдадзены змястоўны нацыянальны кінакаталог, праца над якім ішла якраз у Падмаскоўі. Большая частка беларускай кінаспадчыны знаходзіцца тут, у Белых Сталбах, што робіць гэтыневялікі пасёлак вельмі важным для кожнага аматара нашага нацыянальнага кіно.

Антон СІДАРЭНКА,
удзельнік Кінашколы
Мінск — Белыя Сталбы — Масква — Мінск

Фота прадастаўлены дырэкцыяй Кінашколы.