Святлана Ефімук, дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі:
— Сёння, бадай, самы запатрабаваны за мяжой калектыў Магілёўскай вобласці “Медуніца” знаходзіцца на гастролях у Дубаі на сусветнай выставе ЭКСПА. Ды і дагэтуль ён шмат вандраваў па свеце, дэманструючы сваё майстэрства, выконваючы ў тым ліку нумары з выкарыстаннем мовы прымальнай краіны. Так, “Медуніца” гастралявала ў Італіі, Кітаі і нядаўна на Днях беларускай культуры ў Казахстане. За заслугі стваральніца калектыву і яго мастацкі кіраўнік Валянціна Кандрацьева летась атрымала званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў”. Таксама канцэртная праграма “Медуніцы” рэгулярна абнаўляецца, каб прывабліваць і мясцовага гледача.
Многія ўстановы культуры ўжо рыхтуюцца да адной з самых важных святочных дат краіны — Дня Перамогі. Як рыхтуюцца да 9 мая ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур?
Кацярына Маскалевіч, дырэктар Іўеўскага музея нацыянальных культур:
— Цяпер у нас экспануецца выстава “Без тэрміна даўнасці”, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці і Дня Перамогі над фашысцкімі захопнікамі. Экспазіцыя расказвае пра перыяд акупацыі Іўеўшчыны, “новага парадку” нямецкіх улад, пра спаленыя вёскі і гарадское гета. Гэтая выстава будзе працаваць і ў Дзень Перамогі і дапоўніцца інфармацыяй пра ветэранаў з нашага раёна. Акрамя таго, сёння ў нас распрацаваны праект “Фарміраванне нацыі і канфесіянальнае жыццё” для вучняў 10—11 класаў, дзе шмат расказваецца пра раён. Бо, як вядома, многа розных народаў жылі на тэрыторыі Іўеўшчыны і змагаліся за мір і дабрабыт.