Маргарыта КАСЫМАВА, кінарэжысёр (Беларусь): “Што замест камп’ютэрнай гульні?”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Беларускі кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Таджыкістана Маргарыта КАСЫМАВА — часты госць на восеньскім кінафоруме. Яна — адна з тых рэдкіх творцаў, работы якіх на роўных выступаюць як у конкурснай праграме “Лістапада”, так і ў кінаспаборніцтвах дзіцячых стужак “Лістападзіка”. Дарэчы, карціна Маргарыты Наімаўны “Маленькі баец” стала лаўрэатам І Мінскага міжнароднага фестывалю дзіцячага і юначага кіно.

 /i/content/pi/cult/183/1896/Kasymava.jpg
Праз пяць гадоў поспех паўтарыла другая стужка — “Бальная сукенка”. Сёлета Маргарыта Касымава будзе прадстаўляць Беларусь у журы кінематаграфістаў “Лістападзіка-2008” (намінацыя “Мастацкія фільмы”).

— Маргарыта Наімаўна, у рамках форуму ў кінатэатры “Салют” пройдуць урачыстасці з нагоды дзесяцігоддзя “Маленькага байца”. Ці змянілася за гэты час ваша стаўленне да гэтага фільма?

— Мне падабаецца, што карціна і на пачатку XXІ стагоддзя гучыць вельмі актуальна. Дабрата, вернасць слову, уменне пастаяць за сябе, абараніць сваю правату — гэта вечныя паняцці. Падабаецца ў стужцы і тое, што Яўген Крылатаў напісаў да фільма шыкоўную музыку. Дарэчы, ягоную кампазіцыю “Малітва” з саундтрэка да стужкі ўключыў у свой рэпертуар Мікалай Баскаў.

— Як вам падаецца, якія тэмы запатрабаваны ў сучасным дзіцячым кіно?

— Мяне хвалюе камп’ютэрны інфантылізм, распаўсюджаны сярод сучасных дзяцей. Прыкладам, у сталічным Цэнтры творчасці дзяцей і юнацтва “Ранак” я пастаянна знаёмлю дзяцей з гісторыяй сусветнага кінематографа. Было жахліва даведацца, што дзеці амаль не бачылі класіку савецкага кіно, не ведаюць, хто такі Чарлі Чаплін, з большым задавальненнем раскажуць пра персанажаў камп’ютэрных гульняў, чым успомняць кінагерояў папулярных стужак. Таму вельмі хочацца, каб кінематаграфісты здолелі хоць на некалькі гадзін адарваць падлеткаў ад клавіятуры, каб тыя змаглі ўбачыць, што адбываецца ў навакольным свеце. Тады з адкрытым сэрцам малеча зможа ўспрыняць так неабходныя сёння ідэі шчырага сяброўства, прыстойнасці, дабрыні, памкнення дапамагчы таму, хто побач з табой.

— Чаго вы чакаеце ад сёлетняга “Лістападзіка”?

— Адкрыццяў! Я шмат бываю на розных кінафестывалях, дзе, на жаль, сустракаю багата прымітыўных карцін. Спадзяюся, наш кінафорум ізноў парадуе цікавымі, якаснымі фільмамі. А надалей вельмі хочацца пабачыць у конкурснай праграме больш айчынных мастацкіх стужак. Пакуль ніша дзіцячага кіно ў нас свабодная. Нам абавязкова трэба вярнуцца на тыя сур’ёзныя пазіцыі, якія мы займалі некалькі дзесяцігоддзяў таму. “Іван Макаравіч”, “Пра Чырвоны Каптурык”, “Прыгоды Бураціна”, “Белае возера” — гэта ж была скарбніца савецкага кіно! Вялікія надзеі я ўскладаю на “Навагоднія прыгоды ў ліпені”, над якім скрупулёзна цягам двух гадоў працуе Алена Турава. Магчыма, гэты выдатны рэжысёр адкрые новую славутую старонку беларускага дзіцячага кінематографа.

Настасся ПАНКРАТАВА