Уладзімір Фёдаравіч належыць да пасляваеннага пакалення. Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі на Урале, у горадзе Златавусце. Юнаком ён здзейсніў рызыкоўную паездку на даху таварнага вагона ў Маскву, каб паступіць ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Адвучыўшыся, пасяліўся ў Мінску і шмат гадоў працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” мастаком-пастаноўшчыкам. Стаў майстрам станковага жывапісу. З яго ўдзелам зняты фільмы “Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў”, “Вялікія перагоны”, “Ясь і Яніна”, “Сямейныя абставіны”, “Дачка камандзіра”, “Купальская ноч”, “Запіскі юнага ўрача” і іншыя. Чарнышоў быў таксама галоўным мастаком Акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Спектаклі паводле ягонай сцэнаграфіі праходзілі з аншлагамі, рабіліся лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў тэатральнага мастацтва.
Эскізы да фільмаў і спектакляў, адабраныя творцам для экспазіцыі, выкананы на падставе іканаграфічнага матэрыялу таго часу, у якім мусіць разгортвацца дзея. Гэта не канкрэтныя дэкарацыі, але хутчэй падказкі рэжысёру і акцёрам нейкіх выразных, праніклівых дэталей для стварэння патрэбнага настрою, перадачы душэўнага стану герояў і характару эпохі.
“У мяне тры асноўныя тэмы: людзі мастацтва, мае сучаснікі і музыка”, — пералічвае Уладзімір Чарнышоў. На выставе пераважае партрэтны жанр. Яго героі — беларускія зоркі культуры: драматург Канстанцін Скварцоў, пісьменнік Уладзімір Караткевіч, акцёр Расціслаў Янкоўскі, спявак Уладзімір Мулявін, рэжысёр і тэлевядучы Сяргей Кацьер, фатограф Юрый Іваноў, кінааператар і рэжысёр Пётр Крывастаненка… Са знакамітасцямі нязмушана суседнічаюць малалетнія вулічныя музыкі, якіх мастак часта маляваў падчас сваіх падарожжаў. Нібы злоўлена ў кадр у аўтобусе з кніжкай невядомая, але вельмі пазітыўная прыхільніца Амара Хаяма. Дораць гледачам усмешкі маці мастака і каханая жонка Валянціна…
Знакавыя фігуры ў творчасці Чарнышова — Фёдар Шаляпін і Сяргей Рахманінаў. Яго захапленне гэтымі велічнымі постацямі мае перадгісторыю, падобную на цуд:
— Аднойчы Пензенскае мастацкае вучылішча, дзе я спасцігаў асновы жывапісу, наведала дачка Шаляпіна Ірына Фёдараўна. На выставе работ навучэнцаў ёй спадабаўся мой пейзаж “Вясна ў Грабава”, і яна пажадала набыць карціну. Мяне выклікалі ў кабінет да загадчыка вучылішча, дзе я і пазнаёміўся з Ірынай Фёдараўнай. Яна, як матуля, абняла мяне, расцалавала і дабраславіла ў творчы шлях. Яе аўтограф я захоўваю дасюль. З таго часу я стаў збіраць усе звесткі пра Шаляпіна, якія толькі мог знайсці.
Паступова Чарнышоў стаў глыбокім знаўцам класічнага мастацтва, спадчыны Сярэбранага веку. Ён з’яўляецца адным з арганізатараў і намеснікам старшыні Шаляпінскага таварыства Беларусі. Некалькі карцін мастак прысвяціў сяброўству Шаляпіна з Рахманінавым. “Гэта два вечныя Званы, якія сваімі жыццесцвярджальнымі талентамі скарылі ўвесь свет. Яны перажылі Першую сусветную вайну, рэвалюцыю, грамадзянскую вайну — і мужна пранеслі свой дар праз усе ўзрушэнні. Мы таксама жывём у час вялікіх выпрабаванняў, дай нам Бог сілы выстаяць і зразумець, дзе дабро, а дзе зло”, — кажа мастак.
Выстава атрымала назву паводле трыпціха “Рахманінаўскія званы”, які адлюстроўвае працу кампазітара над музычнай паэмай “Званы”. Рахманінаў перабірае задуменна клавішы раяля, прыпыняецца і чулліва ловіць голас бяскрайняй заснежанай прасторы, якая адгукаецца яму то пераклічкай саборных званоў, то пошчакам капытоў рускай тройкі…
Ёсць ва Уладзіміра Фёдаравіча яшчэ адно даўняе захапленне —калекцыяніраванне званочкаў. Ён прывозіў цікавыя экзэмпляры з розных краін, дзе пабываў на пленэрах. Званочкамі ўвешана ўся ягоная майстэрня. Час ад часу мастак кранае іх і слухае меладычны перазвон, які весяліць сэрца і натхняе на новыя задумы.
За ўсё доўгае жыццё Чарнышоў ніколі не адчуваў творчай стомы, карціны для яго, як ён сам прызнаецца, — вокны ў свет. Цяпер гэты плённы працаўнік паглыбіўся ў тэму легендарнай ракі Нямігі і ставіць перад сабой мэту: намаляваць яе ў гістарычным абліччы.
Святлана ІШЧАНКА
Фота аўтара