Аляксандр ЯФРЭМАЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь: “Не скажаць галоўнае...”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Рэжысёр Аляксандр ЯФРЭМАЎ, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, прадстаўляе на “Лістападзе” дзве свае работы: нашумелую стужку “Рыфмуецца з каханнем” — яна прымае ўдзел у конкурсе тэлефільмаў — і новую карціну па сцэнарыі Глеба Шпрыгава “Снайпер”.

Чатырохсерыйны тэлефільм выйдзе на экраны ў 2009 годзе, аднак на гэтым тыдні — 14 лістапада — рэжысёр і творчая група фільма сустрэліся з гледачамі і журналістамі ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны”, каб расказаць аб беларуска-расійскім праекце.
А напярэдадні фестывалю карэспандэнт “К” пагутарыў з Аляксандрам Яфрэмавым. І гаворка была закцэнтавана на новым фільме.

— “Снайпер” — гэта сумесны праект Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, Белтэлерадыёкампаніі і маскоўскай “Арт сінема груп”, — распавядае Аляксандр Васільевіч. — Карціна прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Прызнацца, для мяне гэта першы вопыт — здымаць пра вайну, аднак тым цікавей было зрабіць кіно на такую складаную тэму. Шчыра кажучы, мне даўно гэтага хацелася. Мой бацька прайшоў усю вайну, удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Можна сказаць, карціна сталася данінай павагі да майго бацькі, таго пакалення, якое абараняла нас.

 /i/content/pi/cult/183/1893/Efremov.jpg
Шматкроць чуў ад рэжысёраў, якія здымалі пра вайну: маўляў, іх “геніяльнай карцінай” ваенная тэма і закрыецца. Што да мяне, дык я зусім не збіраюся сваім кіно “закрываць” яе, паколькі тэма гэтая — вечная, і вяртацца да яе людзі будуць пастаянна. Ды сёння існуе неабходнасць стварэння новай міфалогіі аб вайне, з’яўляюцца новыя жанры такога кіно: не толькі звыклая для названай тэмы псіхалагічная драма, а — экшн, фэнтэзі на тэму вайны і нават — фільмы жахаў, як ні дзіўна гэта гучыць.

Усё гэта, на маю думку, можа існаваць, калі не скажаецца галоўнае — Перамога нашых бацькоў над ворагам. Вось вам і самая важная задача такіх карцін — не паказаць гісторыю змагання так, як імкнуцца сёння многія на Захадзе: маўляў, Савецкі Саюз да Перамогі не меў аніякага дачынення, што 9 мая — гэта не Дзень Перамогі. У сваім фільме я хацеў прадэманстраваць: стаўленне нашага народа да гісторыі вайны засталося ранейшым.

— Ведаю, што аўтар сцэнарыя “Снайпера” Глеб Шпрыгаў вядомы cваімі сцэнарнымі работамі да фільмаў “Апошні браняпоезд”, “У чэрвені 41-га…”…

— Так. І сцэнарый, калі я яго прачытаў, падаўся мне вельмі якасным. Не хочацца пераказваць сюжэт, бо тады страціцца сэнс прагляду. Але галоўнае, падаецца, распавёў.

У цэлым, мне хочацца адзначыць каманду. У нас склалася гэткая інтэрнацыянальная творчая група. Галоўную ролю іграў, як вы ведаеце, Дзмітрый Пяўцоў, у карціне здымаліся Марыя Міронава, беларускія артысты, выконвалі ролі акцёры з Польшчы, Германіі, Літвы. Для мяне гэта было своеасаблівым вяртаннем у тыя часы савецкага кіно, калі кожны, хто працаваў на здымачнай пляцоўцы, разумеў, што робіць разам з усімі адну важную і добрую справу. І не на словах, а насамрэч. Цудоўны аператар — Аляксандр Рудзь, мастак-пастаноўшчык — Аляксандр Чартовіч. Хоць карціна была дастаткова складаная, мне цудоўна працавалася, і ўсё — дзякуючы камандзе.

— А ці раскрыўся па-новаму ў ролі Дзмітрый Пяўцоў?
— Лічу, што гэта для яго была новая праца, і ён добра з ёй справіўся. Ацаніць гэта вы здолееце і самі, калі паглядзіце кіно.
— На жаль, цалкам убачыць стужку можна будзе толькі ў наступным годзе...

— Так, але “Лістапад” заўжды славіўся добрым кіно, і ні разу ў гэтым дачыненні мяне асабіста не расчараваў. На фестывалі заўжды знойдзецца што паглядзець, а за “Снайпера” будзеце “хварэць”, магчыма, на наступным кінафоруме.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА