— Самая гучная падзея ў вашай афішы — міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Штогод дырэкцыя спрабуе ўразіць публіку навінкамі. Чым плануеце здзівіць наведвальнікаў сёлета?
— Традыцыйна напярэдадні адкрыцця, 13 ліпеня, адбудзецца ўверцюра да фестывалю. Гэтым разам пастараемся зрабіць вялікую цыркавую феерыю, у якой паўдзельнічаюць не толькі беларускія, але і замежныя калектывы. Шоу складанае з тэхнічнага пункту гледжання, мы рыхтуем яго адразу з некалькімі трупамі і рэжысёрамі. Падрабязнасці пакуль не раскрываем, але, думаю, атрымаецца вельмі цікава. Цыркавое свята мы пазіцыянуем як дзень сямейнага адпачынку, з арыентацыяй на гэта распрацавана білетная праграма: дзеці да 5 гадоў могуць трапіць на прадстаўленне бясплатна, а да 14 гадоў — за палову кошту. У чарговы раз пакажам, наколькі шматграннае мастацтва. На “Славянскім базары” кожны зможа адшукаць імпрэзу па гусце, трэба толькі ўважліва прачытаць праграму. На жаль, некаторыя гледачы думаюць, што падзеі ў летнім амфітэатры — гэта і ёсць увесь фестываль. А мы задзейнічаем не толькі стандартныя лакацыі. Напрыклад, сёлета маладзёжнай аўдыторыі на тры ночы аддадзім пляцоўку каля канцэртнай залы “Віцебск”. Сярод іншага там запланавана дыскатэка з электроннай музыкай. Вядома, зладзім фэст вулічнага мастацтва, тэатральную, лялечную і філарманічную праграмы, сольныя канцэрты. У гісторыю фестывалю ўвойдзе першы канцэрт юбілейнага турнэ народнай артысткі Расіі і Грузіі Тамары Гвердцытэлі ў суправаджэнні аркестра. Вельмі прыемна, што вялікая выканальніца абрала для старту туру сцэну летняга амфітэатра ў Віцебску. Таксама ў праграме фестывалю — урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, Дзень Саюзнай дзяржавы, начны праект “Залаты хіт” і шмат іншых яркіх падзей.
— Напэўна, дэвіз “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” адлюстроўвае мэту не толькі “Славянскага базару”. Такім жа выслоўем можна апісаць працу цэнтра нацыянальных культур у складзе вашай установы. Чым зараз жыве гэты філіял?
— Сапраўды, “Славянскі базар” — толькі вяршыня айсберга. Наш цэнтр культуры з’яўляецца шматпрофільнай установай, дзе працуюць больш за 25 калектываў, у тым ліку са званнямі “народны”, “заслужаны” і “ўзорны”, дзейнічае шмат філіялаў. Эксклюзіўным для беларускіх рэгіёнаў можна назваць цэнтр нацыянальных культур. Мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем з рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, але стараемся ладзіць і свае праекты. Нядаўна правялі Дні культуры Індыі ў Віцебску пры падтрымцы пасольства гэтай дзяржавы. Прывезлі ў абласны цэнтр узоры мастацтва. Наведвальнікі таксама займаліся ёгай, малявалі хной, глядзелі балівудскія фільмы, бралі танцавальныя майстар-класы. На тэматычнай выставе сваім поглядам на індыйскую культуру падзяліліся юныя мастакі з нашай краіны. Праектны напрамак — галоўны для нашага філіяла. Таксама важнай справай лічу падтрымку сувязей з зямляцтвамі Шры-Ланкі, Туркменістана, Кітая, Індыі, славянскіх краін. Сумесна з гэтымі суполкамі зараз рыхтуем конкурс прыгажосці “ГРАЦЫЯ INTERNATIONAL”, які сёлета атрымаў падтрымку Міністэрства адукацыі. Праект разлічаны на замежных студэнтак. Удзельніцы не толькі дэманструюць абаяльнасць, але і знаёмяць гледачоў з традыцыямі сваіх краін, напрыклад частуюць стравамі нацыянальных кухняў. У конкурсе аратарскага майстэрства (сёлета ён прысвечаны Году гістарычнай памяці) дзяўчаты раскажуць пра каштоўнасці сваіх дзяржаў. Такім чынам, дзейнасць цэнтра накіравана на тое, каб прэзентаваць нашу культуру замежнікам і самім пазнаёміцца з традыцыямі іншых народаў, пераняць іх лепшыя дасягненні.
— Тры гады таму ў “Славянскага базару” з’явіўся малодшы брат — “Арт-парад у Віцебску”. Як прыйшла думка запусціць новы фэст і ў чым яго адметнасць?
— Наш творчы каляндар багаты на падзеі. Пасля “Славянскага базару” пачынаецца адкрыты гарадскі праект “Віцебскі квартал”, які ладзіцца па суботах увечары. Далей пераходзім да фестывалю “Віцебскі лістапад” і фестывалю сучаснай харэаграфіі. А потым, паміж навагоднімі імпрэзамі і фестывалем бальных танцаў “Віцебская сняжынка”, заўсёды было нейкае заміранне. Нам падалося, што гараджанам у гэты час не хапае эстраднага жанру. Таму вырашылі зрабіць новы фестываль. Да таго ж гэта магчымасць паказаць турыстам зусім іншы, зімовы Віцебск. “Арт-парад” заўсёды складаецца не толькі з конкурснай, але і адукацыйнай часткі. Мы запрашаем нашых сяброў — вядомых творцаў з розных краін — і яны даюць майстар-класы маладым удзельнікам фестывалю. Праводзілі яго ў розных варыянтах, з прыходам пандэміі звярнуліся да анлайн-фармату, сёлета сумясцілі віртуальны і жывы. І вельмі прыемна, што анлайн-удзельнікі мінулага форуму захацелі пабываць у нашым горадзе і сёлета прыехалі ў Віцебск.
— Яшчэ адзін запатрабаваны фестываль — “Віцебскі лістапад” — прысвечаны аўтарскай песні і паэзіі. Напэўна, тут разлічваеце на сталую аўдыторыю. Ці моладзь таксама далучаецца?
— На маю думку, аўдыторыя вызначаецца не паводле ўзросту, а паводле стану душы і ўспрымання таго ці іншага віду мастацтва. Безумоўна, “Віцебскі лістапад” не прызначаны для масавага гледача, але моладзь фестывалем цікавіцца. Калі прасачыць, як ён развіваўся, то бачна: спачатку гэта было выключна бардаўскае свята, потым яно ўзбагацілася новымі напрамкамі — візуальнае мастацтва і паэзія. Чытанне вершаў становіцца модным сярод маладых людзей, таму мы нават увялі намінацыю “відэапаэзія”. Калі казаць пра візуальны напрамак, мы прапануем арт-батл: даём ахвотным палотны метр на метр, за вызначаны час удзельнікі напаўняюць іх малюнкамі па тэме спаборніцтва. Мы ўжо пачалі падрыхтоўку да чарговага фестывалю. Мяркую, ён атрымаецца яркім. Пры гэтым імкнёмся не сапсаваць асаблівую атмасферу “Віцебскага лістапада”, бо менавіта за кошт сваёй душэўнасці ён штогод прыцягвае новых людзей.
— Пандэмія не перашкодзіла вам захаваць уласныя культурныя брэнды. Вы аператыўна адрэагавалі на новыя ўмовы і звярнуліся да магчымасцей Інтэрнэту. Як ацэньваеце вопыт правядзення фестываляў анлайн?
— Гэта вялікая заслуга калектыву. Калі ў людзей ёсць моцнае жаданне рухацца наперад, то іх не спыняць ніякія цяжкасці. У нашай установе шмат тытанічных праектаў з багатымі традыцыямі, і звычайна іх складана перафарматаваць. А мы паказалі ўсім, што хутка адаптавацца можна. Прыйшлося карэкціраваць не толькі творчую, але і камерцыйную дзейнасць: мы правялі вялікую юрыдычную працу і адкрылі інтэрнэт-краму. Напэўна, аднымі з першых пачалі ладзіць заняткі аматарскіх калектываў анлайн. Канешне, у такім фармаце атрымліваць практычныя навыкі нашмат складаней, як і падчас конкурсаў у поўнай меры ацаніць здольнасці чалавека па той бок экрана. Можа, моладзь гатовая ўспрымаць усё праз гаджэты, але майму пакаленню лепш пачуць выступленне ўжывую. Як часовая мера анлайн-фармат павінен быць, але вельмі не хочацца, каб ён назаўсёды замяніў звычайныя кантакты.
Данііл ШЭЙКА