Сяргей СЫЧОЎ, кінарэжысёр: “Людзі маюць патрэбу ў кінатэрапіі”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Стужка Сяргея СЫЧОВА “Пакуль мы жывыя” прыме ўдзел у конкурсе тэлефільмаў фестывалю “Лістапад”. Карціна гэтая ўжо была адзначана ўзнагародамі шэрагу міжнародных фестываляў, сярод якіх — Гран-пры кінафоруму “Брыганціна” ў Бярдзянску. А цяпер і беларускія гледачы змогуць пазнаёміцца з ёй. Размова з рэжысёрам адбылася на самым пачатку здымачнага перыяду дзвюхсерыйнага фільма, і тым больш цікава ўзгадаць яе сёння.

 /i/content/pi/cult/183/1890/Sychou.jpg
— Сяргей Рыгоравіч, ваша папярэдняя
карціна “Я памятаю...” атрымала нямала кінематаграфічных узнагарод, што можа сведчыць пра запатрабаванасць такога кіно, пра людскую патрэбу ў своеасаблівым “тэрапеўтычным” кінематографе, які вы спавядаеце. Пра што новая гісторыя?
— Гэта таксама гісторыя пра нашы душы: гісторыя кахання мужчыны і жанчыны на працягу апошніх дваццаці гадоў. Праз іх стасункі мне хочацца паказаць лёс нашай краіны, тое, што адбылося з намі, з грамадствам за гэты час. Хтосьці стаў багатым, хтосьці “апусціўся на дно”, хтосьці спрабуе выбіцца ў “зоркі”. Мяркую, што і гэтае кіно можна смела аднесці да “кінатэрапіі”, бо яно распавядае на класічнай кінамове гісторыю звычайных людзей.

Хтосьці называе фільмы такога кшталту састарэлымі: тут няма спецэфектаў, няма экшна, няма “перцу”. Але яны — пра людзей ды іх беды, і я не збіраюся адмаўляцца ад свайго стылю толькі таму, што яго назавуць неактуальным. Перакананы, што ў такім кіно маюць патрэбу многія людзі, асабліва сталы глядач, пакаленне, на вяку якога — перабудова, распад Савецкага Саюза, пераход да рыначнай эканомікі. Людзі, што да гэтай пары не могуць прызвычаіцца да сітуацыі, калі паспяховы чалавек — гэта або мадэль, або бізнесмен. Нібыта настаўніца, урач, токар — гэта ўжо не прафесіі. Мне падаецца, і маладым людзям неабходна гаварыць, што быць сабой, такім, які ты ёсць, — гэта нармальна і натуральна.

Мяркую, у дачыненні да таго, што я раблю, яшчэ спрацоўвае і мая ВГИКаўская школа. Для мяне думка гледача, яго ўвага вельмі важныя. Некаторыя рэжысёры здымаюць выключна “фестывальныя” карціны, і адчуваюць сябе цалкам камфортна, калі на іх сеансе, да
 /i/content/pi/cult/183/1890/Sychou2.jpg
прыкладу, — дзесяць чалавек. Мне ж хочацца, каб маё кіно паглядзела як мага больш людзей, і каб яны тут жа не забыліся на ўбачанае, на тое, што адчулі пад час сеансу. Каб выйшлі з кіназалы ў задуменні, хоць бы на гадзіну-другую задумаліся над тым, што адбываецца навокал.

— Вам падаецца, што актуальнае сучаснае кіно на гэта не здольнае?

— Сёння, на мой погляд, маладыя рэжысёры імкнуцца больш шакіраваць гледача, чым прымусіць яго, да прыкладу, паспачуваць. Кіно цалкам ператвараецца ў атракцыён. Канешне, яно і задумвалася як атракцыён: на досвітку сваёй гісторыі яго паказвалі ў цырку, але тут зусім іншы выпадак. Сёння кіно залішне захапілася формай. Нават не кіно, а пэўныя кінематаграфісты: іх фільмы нібы “б’юць” гледача і гукам, і карцінкай. А, на маю думку, кінатэатр гэта не тое месца, дзе павінны адбывацца імгненныя рэчы. Паглядзеў, выйшаў — і забыў, як кажуць. Узгадайце гісторыю кіно: усе вялікія карціны ствараліся не дзякуючы тэхнічным прыёмам, а — праз унікальнае рэжысёрскае бачанне. Антаніоні, Вісконці, Гадар… Кожны з іх адметны, у першую чаргу, сваім мысленнем.

Канешне, вы можаце сказаць, што прафесіянал павінен умець здымаць і добрую меладраму, і добры дэтэктыў, але мне чамусьці падаецца, што той чалавек, які ўвесь час спрабуе паўтараць за кімсьці — зняць, да прыкладу, “як у іх”, — гаворыць не ад свайго імя. Ён усяго толькі паўтарае. Нельга, на маю думку, усё жыццё здымаць экшны, а потым узяць і стварыць глыбокае псіхалагічнае кіно.

Кіно ствараецца не з эксперыментаў, а з ідэі.

 Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
На здымках: рэжысёр Сяргей Сычоў;
чарговы дубль.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА