Праз смех і слёзы — да духоўнага катарсісу

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Беларускі рэжысёр Іван Паўлаў прадстаўляе ў сёлетнім конкурсе мастацкіх фільмаў “Лістапада” камедыю “На спіне ў чорнага ката”. Фільм, прэм’ера якога адбылася яшчэ ўлетку, паспеў за некалькі месяцаў атрымаць некалькі ўзнагарод прэстыжных фестываляў. З гэтага і пачалася гутарка карэспандэнта “К” з Іванам ПАЎЛАВЫМ.

 /i/content/pi/cult/183/1889/Praz smeh1.jpg
— Так, сапраўды, стужка ўдзельнічала ў некалькіх фестывалях, у тым ліку і ва ўкраінскім “Залатым Брыгу”, дзе атрымала ўзнагароду за лепшую музыку да фільма. Прыемна адзначыць, што на фестывалі ў Анапе на плошчы пад адкрытым небам фільм у дрэннае надвор’е саграваў сваёй дабрынёй амаль тры з паловай тысячы аматараў кіно, што прыйшлі на пазаконкурсную праграму.

Таксама на VI Фестывалі еўрапейскай камедыі ў чэшскім горадзе Млады Балеслаў фільм атрымаў прыязныя водгукі арганізатараў і гледачоў. Апошнія, дарэчы, нават нягледзячы на дрэнны пераклад субцітраў, ад душы смяяліся з камічных сітуацый у мастацкай стужцы. У цэлым жа, гледачы розных краін адэкватна ўспрымалі фільм: пад час паказаў было чуваць і смех, былі напрыканцы фільма і слёзы — уся гама чалавечых эмоцый.

Варта адзначыць, што беларускае кіно яшчэ мала ведаюць у свеце, таму неабходна самім “стукаць у дзверы”: дубліраваць стужкі на англійскую мову, дадаваць субцітры на іншых мовах, урэшце, адпраўляць фільмы на DVD на разнастайныя фестывалі.

— Фільм змаглі ўбачыць ужо многія айчынныя гледачы, а што вы чакаеце ад сёлетняга “Лістапада”?

— Хацелася б, каб стужка заняла сваю нішу сярод добрых камедыйных фільмаў, пад час прагляду якіх гледачы маглі б перажыць катарсіс, духоўнае ачышчэнне, не былі абыякавымі да таго, што адбываецца ў кадры.

— Зараз ва ўсім свеце набыло вялікую папулярнасць так званае “сямейнае кіно”, да якога можна аднесці і ваш фільм. А якія тэндэнцыі ў далейшым можна чакаць? Ці варта падзяляць кіно на дзіцячае, юначае і дарослае?

— У любым выпадку ў кожнага фільма — свая аўдыторыя, бо што падабаецца, напрыклад, маленькім дзецям, то наўрад з вялікай цікавасцю будзе глядзець моладзь, у якой свае погляды на жыццё, свае перакананні.

Як ілюстрацыя гэтай думкі — мастацкая стужка “Навагоднія прыгоды ў ліпені” (Рэжысёры І.Паўлаў і А.Турава. — К.А.), што зараз рыхтуецца да паказу і арыентавана на маленькіх тэлегледачоў. Так ці іначай, мастацкі фільм — гэта тавар, што павінен прадавацца і прыносіць прыбытак, ці быць сацыяльна арыентаваным.
 /i/content/pi/cult/183/1889/Praz smeh2.jpg

— У кожнага рэжысёра — свае творчыя перакананні, погляды на працэс здымак фільма. А на што арыентуецеся вы ў працэсе стварэння кінапраекта?

— У аснове маёй працы ляжыць савецкая школа кінематографа. У фільме галоўнае для мяне — акцёры. Я люблю здымаць адным планам, без нарэзкі, мантажу, але зрабіць сцэну так, каб можна было глядзець стужку, не адрываючыся ад экрана.

— У некаторых рэжысёраў ёсць любімыя акцёры, якіх яны запрашаюць ва ўсе свае праекты. Ці можна так сказаць пра вас?

— Ёсць акцёры, з якімі сапраўды прыемна працаваць. Іншая справа, што ў кожнага свае фінансавыя патрабаванні. Хаця назіраюцца і такія тэндэнцыі: калі акцёру падабаецца сцэнарый, ён істотна зніжае планку коштаў. Сёлета я вельмі рады, што пад час апошніх здымак пазнаёміўся з Міхаілам Жыгалавым і Валерыем Прохаравым. І вельмі шкада, што Валерый Віктаравіч пакінуў нас, нават не ўбачыўшы свой апошні фільм. Было такое адчуванне, што я знайшоў сябра і згубіў яго адначасова...

— Думаю, нашым чытачам будзе цікава даведацца і пра вашы далейшыя планы, якіх, як у кожнага творчага чалавека, відаць, даволі шмат.

— Сапраўды, мы не стаім на месцы. Так, зараз вядзецца праца над некалькімі сцэнарыямі: маладзёжным камедыйным чатырохсерыйным фільмам, а таксама гістарычнай прыгодніцкай стужкай. Галоўнае цяпер — знайсці надзейных партнёраў.

 Канстанцін АНТАНОВІЧ
На здымках: рэжысёр Іван Паўлаў;
на здымачнай пляцоўцы фільма
“На спіне ў чорнага ката”.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА