Арганізацыя “Маладняк”, створаная ў 1923 годзе ў Мінску, была першым літаратурным аб’яднаннем Беларусі і адыграла вялікую ролю ў развіцці беларускай літаратуры. Менавіта ў яе шэрагах пачынаўся творчы шлях многіх выдатных літаратараў БССР міжваеннага перыяду, такіх як Уладзімір Дубоўка, Ян Скрыган, Пятрусь Броўка, Міхаcь Лынькоў, Пятро Глебка і многія іншыя.
Як зазначыў намеснік генеральнага дырэктара, дырэктар па навуковай рабоце, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, на працягу трох гадоў Нацыянальная бібліятэка Беларусі разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” ажыццяўляе маштабны рэспубліканскі праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваны да 100-годдзя Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”, што будзе адзначацца ў наступным годзе.
КРЭЎНАЯ СУВЯЗЬ З КЛАСІКАМІ
Загадчык сектара аналітычнай інфармацыі па культуры і мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Лаўрык распавяла аб дасягненнях праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” за гады яго дзейнасці і планах на бліжэйшую будучыню. Праект рэалізуецца з 2019 года, за час яго існавання на сайце бібліятэкі па адрасе nlb.by былі створаныя дзевяць віртуальных раздзелаў, прысвечаных юбілеям маладнякоўцаў Валерыя Маракова, Адама Бабарэкі, Уладзіміра Хадыкі, Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Яна Скрыгана, Андрэя Александровіча, Змітрака Бядулі і Міхася Зарэцкага. Цяпер быў прэзентаваны дзясяты раздзел, прысвечаны жыццю і творчасці Алеся Гурло, 130-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася сёлета 31 снежня. Між іншага, на старонцы праекта кожны можа азнаёміцца з электроннымі копіямі пяці кніг гэтага аўтара.
Пераход мерапрыемстваў праекта ў анлайн-фармат дазволіў, сярод іншага, наладзіць сувязь са сваякамі маладнякоўцаў — напрыклад, з Алегам Александровічам, унукам паэта Андрэя Александровіча, які перадаў бібліятэцы багата каштоўных матэрыялаў да біяграфіі свайго продка, яны папоўнілі адпаведны віртуальны раздзел праекта: да ўсяго гэта і алічбаваныя кніжныя выданні, якія адсутнічалі ў зборах Нацыянальнай бібліятэкі, фотаздымкі і рукапісы літаратара. У рамках леташніх мерапрыемстваў, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі, было наладжанае плённае супрацоўніцтва з ягоным сынам Яфімам Плаўнікам, які таксама цягам апошняга года перадаваў бібліятэцы разнастайныя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю свайго бацькі.
Ганаровым госцем і ўдзельнікам цяперашняга мерапрыемства, у сваю чаргу, зрабілася Галіна Скрыган — дачка пісьменніка-маладнякоўца Яна Скрыгана, якая распавяла аб выданні дзённікавых запісаў і ўспамінаў свайго бацькі, многія старонкі якіх прысвечаныя сведчанням аб жыцці і дзейнасці яго калег па пяру. Дыстанцыйным чынам паўдзельнічала ў мерапрыемстве і ўнучатая пляменніца пісьменніка Міколы Нікановіча — Яўгенія Дзяркач, якая ў сваім відэазвароце падзялілася асабістымі ўспамінамі і сямейнымі фотаздымкамі, у тым ліку і фота з малой радзімы літаратара ў вёсцы Кляннік Смалявіцкага раёна, дзе захаваліся яго родная хата, а таксама хата яго сваякоў, у якой бывалі ў гасцях Пятрусь Броўка, Максім Лужанін, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны ды іншыя маладнякоўцы. Таксама Яўгенія Дзяркач звярнула ўвагу на тое, што пахаванне бацькоў літаратара на могілках яго роднай вёскі сёння патрабуе добраўпарадкавання і замены надмагілля, і звярнулася з заклікам аб дапамозе ў гэтай справе да людзей, неабыякавых да памяці сваяка.
ПАДАРОЖЖА ДА КАЛЫСКІ
Тэму ўшанавання маладнякоўцаў на іх малой радзіме працягнулі супрацоўнікі культурных і адукацыйных устаноў з розных куткоў краіны. Бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі Людміла Сяменас распавяла аб ушанаванні памяці Уладзіміра Дубоўкі, імя якога гэтая ўстанова носіць з 2000 года. Сярод незвычайных форм дзейнасці ў гэтым напрамку — арганізацыя велапрабегу “Па мясцінах Дубоўкі”, які адбыўся ў 2020 годзе. Маршрут быў распрацаваны на аснове кнігі аўтабіяграфічных апавяданняў і ўспамінаў паэта “Пялёсткі”. Таксама быў зняты відэафільм “У песнях я на Беларусь малюся”, які распавядае аб жыцці і творчасці класіка.
Бібліятэкар аддзела маркетынгу Шклоўскай раённай бібліятэкі Таццяна Рэентовіч распавяла пра ініцыятывы, што ладзіць установа дзеля ўшанавання памяці свайго вядомага земляка Міхася Зарэцкага, 120-годдзе з дня нараджэння якога адсвяткавалі летась. Хаця празаік нарадзіўся ў Талачынскім раёне, але яго станаўленне як асобы і творцы непасрэдна звязанае са Шклоўшчынай. Тут, у вёсцы Зарэчча ля Шклова, прайшло яго дзяцінства, пасля таго як у тутэйшую царкву быў прызначаны служыць дзякам бацька будучага пісьменніка. Менавіта ад назвы вёскі ўзнік і сам літаратурны псеўданім Міхася Касянкова.
Дырэктар Каменскага вучэбна-педагагічнага комплексу ў Капыльскім раёне Галіна Васілевіч і кіраўніца створанага на базе школы гісторыка-краязнаўчага музея “Бацькаўшчына” Ірына Тагіль распавялі аб тым, як ушаноўваецца на малой радзіме памяць пра пісьменніка Яна Скрыгана. У згаданым музеі захоўваюцца не толькі дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю літаратара, але і яго асабістыя рэчы — самаробныя драўляныя кіёчкі, якімі ён карыстаўся, тканыя гальштукі, настольная лямпа, будзільнік, акуляры.
ПЕРАЕМНАСЦЬ ПАКАЛЕННЯЎ ТВОРЦАЎ
Працягнулі расповед аб ушанаванні маладнякоўцаў калегі са сталічных бібліятэк і музеяў. Культуролаг аддзела маркетынгавых камунікацый Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзівон Колас прадставіў прэзентацыю сайта, створанага ў гэтай установе мемарыяльнага кабінета Пятра Глебкі, дзе сабраныя каштоўныя рукапісы, відэаэкскурсіі, успаміны пра пісьменніка аўтарства яго дачкі. Адметна, што ў бібліятэцы класіка, якая налічвае каля чатырох тысяч асобнікаў, можна пабачыць кнігі са збораў Адама Станкевіча і Клаўдыя Дуж-Душэўскага, з Віленскага беларускага музея. Разам з бібліятэкай тут можна знайсці асабістыя рэчы і дакументы з архіва паэта. На сайце можна атрымаць інфармацыю пра экспанаты, прадстаўленыя ў мемарыяльным кабінеце, а таксама пра бібліяграфію самога Пятра Глебкі і твораў, прысвечаных яго жыццю ды творчасці.
А загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі распавёў аб сувязі літаратурных пакаленняў на прыкладзе Змітрака Бядулі і Максіма Багдановіча. Як вядома, гасцюючы ў Мінску ў 1916 годзе, Максім Багдановіч даволі працяглы час жыў у адным доме са Змітраком Бядулем — цяпер тут месціцца філіял музея “Беларуская хатка” на вуліцы Рабкораўскай. Пасля трагічнага скону маладзейшага калегі Змітрок Бядуля першым прысвяціў багата ўвагі захаванню памяці аб Максіме Багдановічы, напісаўшы некралог і ўспаміны аб ім, а таксама ўпершыню апублікаваўшы ў друку ягоны фотаздымак. Пад уплывам расповедаў Змітрака Бядулі свае творы прысвячалі памяці Багдановіча і многія літаратары-маладнякоўцы. Ініцыятывы па захаванні і ўшанаванні памяці аб ранейшых пакаленнях творцаў і сёння спрыяюць не толькі непарыўнасці літаратурнай традыцыі, але і маюць вялікі патэнцыял для развіцця культурнага, адукацыйнага ды творчага жыцця вёсак і мястэчак, адкуль паходзяць класікі айчыннай літаратуры, дзе раслі ды сталелі як яны самі, так і іх таленты.
Ілюстрацыі з сайта nlb.by.