Прэм’еру серыяла “Полымя пад попелам” у нейкім сэнсе можна назваць і даўно чаканай: апошнімі гадамі “Беларусьфільм” праходзіў працэс рэфармавання, вырашаў праблемы і прэм’ерамі ў ігравым кіно не радаваў. Прынамсі, калі казаць менавіта пра свой, нацыянальны прадукт, а не пра стужкі іншых краін, знятыя пры ўдзеле “Беларусьфільма”. Так, “Полымя пад попелам” — менавіта нацыянальнае кіно, з беларускімі аўтарамі, акцёрамі і прадзюсарамі. Сцэнарый напісалі Юлія Ляшко і Людміла Перагудава, а рэжысёрам стаў Іван Паўлаў, вядомы аматарам кіно такімі карцінамі, як “На спіне ў чорнага ката”, “Глыбокая плынь”, тэлесерыялам “Ой, ма-мач-кі!..”. З 22 лютага тэлеканал “Беларусь 1” пачне кожны дзень дэманстраваць па дзве серыі — завершыцца паказ, такім чынам, 25 лютага.
Для таго каб прыцягнуць увагу гледачоў, маецца інтрыгуючы сюжэт, у якім перакідваецца мосцік паміж пасляваенным часам і нашым. У сучаснасці на пляцоўцы, дзе плануецца правядзенне міжнароднага турніру па страйкболе, будаўнічая тэхніка за некалькі тыдняў да пачатку спаборніцтва выварочвае з зямлі снарад, што ляжаў там з вайны. Цяпер турнір пад пытаннем. А ў ім марыла паўдзельнічаць маладая дзяўчына Чэслава — дачка галоўнага героя стужкі падпалкоўніка Аляксея Акуліча (яго ў фільме сыграў Максім Паніматчанка), які служыць у супрацьмінным цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Абясшкодзіць снарад — такая перад ім была задача. Турнір у выніку не адмяняецца, але ў час яго правядзення Чэслава і Артур — сын бізнесмена, арганізатара спаборніцтваў — правальваюцца ў старую зямлянку…
Пасляваенны час: будучы яшчэ 16-гадовым падлеткам, дзед падпалкоўніка Акуліча ў якасці дабравольца ОСОАВИАХИМа (Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву) разам з іншымі такімі ж юнымі хлопцамі і дзяўчатамі шукае і абясшкоджвае смертаносныя міны і снарады, што засталіся ў Мінску і ў яго ваколіцы пасля вызвалення ад фашыстаў. Цяпер гэта справа прафесіяналаў, а тады зямлю, набітую падобнай спадчынай вайны, ратавалі і дабравольцы, што праходзілі падрыхтоўку цягам 70 гадзін. Гэта рэальны факт: пры вызваленні Беларусі галоўныя гарадскія аб’екты размініравалі вайсковыя сапёры, а пасля таго, як фронт рушыў на захад, справу ўзялі на сябе маладыя дабравольцы, што па ўзросце яшчэ не патрапілі на фронт. Канешне, у фільме ёсць месца і для кахання, і для рамантыкі, і для здрады, і для геройскіх учынкаў. У кожнага юнага дабравольца ОСОАВИАХИМа — свая гісторыя, што падштурхнула яго запісацца ў сапёры, свае мары і жаданні.
Здаецца, столькі часу мінула, але з водгуллем той вайны сучасным сапёрам даводзіцца змагацца дагэтуль. Лічбы ўражваюць: толькі за мінулы год, калі здымаўся фільм “Полымя пад попелам”, супрацьмінны цэнтр Узброеных Сіл Беларусі абясшкодзіў і знішчыў больш за 25,7 тысячы выбухованебяспечных прадметаў, якія знаходзіліся ў зямлі з часоў Другой сусветнай вайны. Натуральна, яшчэ на этапе падрыхтоўкі фільма да праекта далучыліся і спецыялісты з Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь: здымачную групу кансультавалі менавіта супрацоўнікі супрацьміннага цэнтра.
Для ўзмацнення эфекту стваральнікі кіно вырашылі дапоўніць ігравыя сцэны дакументальнымі кадрамі з працай сапраўдных сапёраў, знятымі летам мінулага года, а таксама архіўнай хронікай Мінска 44-га года. Аператар фільма Вячаслаў Дунаеў выязджаў з калегамі ў Докшыцкі раён на месца правядзення рэальных работ па размініраванні, каб на свае вочы ўбачыць, як сёння выглядае дзейнасць сапёраў: “Так, у параўнанні з пасляваенным часам яны маюць у сваім арсенале не толькі шчупы з металадэтэктарамі, але і найноўшую тэхніку і адпаведную амуніцыю… Але ж усё роўна — яны штодня сутыкаюцца з тым, што з часу вайны не страціла сваёй небяспечнасці. Пры нас на полі, дзе да гэтага шмат дзесяцігоддзяў пасвіліся каровы, сапёры літаральна за пару-тройку гадзін сабралі некалькі дзясяткаў мін, склалі іх у вялікую яміну і падарвалі. Натуральна, за самім падрывам нам дазволілі назіраць з даволі вялікай, бяспечнай адлегласці, але ўражанні ўсё роўна былі надзвычай моцныя, як і выбуховая хваля. Акурат пасля гэтай “рэаліці-экскурсіі” мы з рэжысёрам канчаткова ўпэўніліся ў тым, што жадаем уключыць у будучы фільм не толькі мастацка-пастановачныя, але і рэальныя, дакументальныя здымкі таго, што ж сабой уяўляе рэальны выбух міны. Каб ніхто не думаў, што сёння гэта ўжо ўсяго толькі ржавыя жалязячкі, якія валяюцца ў зямлі”.
Кінастудыя разлічвае, што дзякуючы сваёй тэме серыял зацікавіць не толькі беларускіх гледачоў, а будзе запатрабаваны як мінімум і ў нашых блізкіх суседзяў. На жаль, тэма размініравання застаецца актуальнай, нават калі гаварыць хоць бы пра тое, што нам пакінула вельмі даўняя вайна. Рэжысёр Іван Паўлаў, пачаўшы працаваць над праектам, быў уражаны тым фактам, што, аказваецца, сама зямля паступова, на 1 см на год, выціскае небяспечнае жалеза на паверхню.
Серыял “Полымя пад попелам” здымаўся, натуральна, на тэрыторыі Беларусі. Асноўную частку знялі на натурнай пляцоўцы кінастудыі паблізу Смалявіч, а над тым, дзе знайсці атмасферу амаль цалкам разбуранага пасляваеннага Мінска, давялося падумаць — і падышла такая лакацыя, як тэрыторыя старога завода ў Бабруйску. Серыял, акрамя ўсяго іншага, дае шанс праславіцца многім маладым беларускім акцёрам. Канешне, на экране мы ўбачым і мэтраў, напрыклад народнага артыста Беларусі Аляксандра Ткачонка ці запрошанага расійскага акцёра Ігара Ясуловіча — народнага артыста Расіі, але большасць герояў стужкі — людзі маладыя, і акцёры, некаторыя з якіх толькі-толькі скончылі Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, сыграюць літаральна свае першыя значныя ролі ў кіно.
Нагадаю, прэм’ера адбудзецца 22 лютага на тэлеканале “Беларусь 1”: кожны дзень па дзве серыі запар у рэйтынгавы час. Пасля серыял можна будзе пабачыць на тэлеканале “Беларусь 3”. Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі, прадстаўляючы стужку на перадпрэм’ерным паказе, адзначыў: “Гэта наша першая прэм’ера 2022 года — Года гістарычнай памяці. Серыял “Полымя пад попелам” мы прысвячаем і 105-годдзю беларускай арміі. Гэтая гістарычная драма — пераклічка пакаленняў і знак павагі да тых, хто нам падарыў мір і хто пасля вайны адраджаў нашу зямлю. Важна памятаць сваю гісторыю і не забываць”.