Юрый ЦВЯТКОЎ, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў, рэжысёр: “Хутка будзе шэдэўр…”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Юрый ЦВЯТКОЎ адзначае павышаны попыт на сеансы сёлетняга “Лістапада”, што тлумачыцца своеасаблівай праграмай, дзе ўдала збалансаваны “выбуховыя” і “ціхія” карціны. А таксама знаны рэжысёр у гутарцы з карэспандэнтам “К” спрабуе вызначыць перадумовы для стварэння айчынных кінахітоў.

 /i/content/pi/cult/183/1886/Cvyatkou.jpg
— Юрый Мікалаевіч, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” уяўляе сабой складаны арганізм. Якім чынам, на вашу думку, ён эвалюцыянуе? І якія адметнасці “Лістапада” будуць у гэтым годзе?

— Магу адзначыць, што сёлета члены журы арыентуюцца ў беларускім кіно добра, як ніколі. Відавочна, што ўзровень ацэнкі карцін будзе вельмі прафесійны. Фільмы, якія прадстаўляюцца на фестывалі, вартасныя, маюць узнагароды. Але ёсць вялікае адрозненне ад мінулагодніх фестываляў: сёлета за некалькі тыдняў гледачы тэлефанавалі і заказвалі білеты не толькі на адкрыццё і закрыццё, як гэта рабілася раней, але на шмат якія стужкі, што будуць у праграме. І гэта сапраўды высокая адзнака даверу аматараў кіно.

Значную ролю ў папулярызацыі XV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” адыграла тэлебачанне. Рэклама ў гэтым годзе была прадуманая, па-мастацку прыгожая, цікавая. Я ўпэўнены, што яна паўплывае на запаўняльнасць кіназалаў. Мяркую, будуць карыстацца ўвагай не толькі самыя яркія і разрэкламаваныя карціны, але і тыя, пра якія няшмат гаварылася. Звычайна павышаным попытам на фестывалі карысталіся “выбуховыя” карціны, былі і тыя, на якія мала хто звяртаў увагу. Сёлета праграма вельмі цікавая, і гледачы заўважылі гэта, імкнучыся набыць білеты загадзя. Унікальнасць “Лістапада” ў тым, што ён дае беларусам магчымасць паглядзець адметныя замежныя фільмы, і не толькі расійскія, якіх, як правіла, вельмі шмат, але і карціны рэжысёраў з далёкіх краін.

— Ці можна дзякуючы мінскаму кінафестывалю прасачыць, як змяняецца якасць фільмаў дзвюх краін-суседак — Расіі і Беларусі?

— Узровень расійскіх фільмаў і іх колькасць значна ўзраслі, як і цікавасць нашых суайчыннікаў да гэтых стужак. За мінулы год расійскія рэжысёры выпусцілі 143 карціны, беларускія — амаль у 10 разоў менш, таму параўноўваць размах кінаіндустрыі краін немагчыма. З гэтых 143 абавязкова знойдзецца некалькі шыкоўных, знакавых стужак.

Але, назіраючы за кінаіндустрыяй у Беларусі, прыходжу да высновы: агульны ўзровень і падыход да стварэння фільмаў змяняецца і ў нас. Ёсць людзі, якія могуць ажыццяўляць якасныя праекты. Не кожны год, вядома, мы можам выпускаць такія шэдэўры, як “У жніўні 44-га”, — трэба спачатку палепшыць падыход да здымак. Калі ж сістэматычна ўдасканальваць яго, на ўсіх этапах працаваць аддана, арыентавацца на добрыя прыклады, то праз некалькі гадоў здолеем зрабіць сапраўды вартае, заўважнае кіно.

 Алена САБАЛЕЎСКАЯ