Дзе спаткаліся закаханыя “У чэрвені 41-га”?

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Сустрэць сёння аўтэнтычны сялянскі будынак пачатку мінулага стагоддзя з саламяным ці чаротавым дахам — вялікая рэдкасць. Гэтая праблема дае знаць пра сябе і ў асяродку кінавытворцаў, што здымаюць фільмы на гістарычную тэматыку. Перад імі паўстае дылема: пабудаваць за вялікія грошы новую бутафорыю з элементамі традыцыйнай народнай архітэктуры альбо знайсці і скарыстацца аўтэнтыкай. Таму не дзіўна, што экспазіцыя ўстановы “Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту”, якая размешчана непадалёк ад Мінска, цікавіць прадстаўнікоў кінаіндустрыі з іх прафесійнага пункта гледжання.

 /i/content/pi/cult/183/1885/Muzej1.jpg
За апошнія дзесяць гадоў працы ўстановы ў ёй пабываў не адзін дзесятак здымачных груп, у выніку чаго былі зроблены цікавыя мастацкія і дакументальныя стужкі, пазнаваўчыя перадачы, музычныя кліпы і рэкламныя ролікі. Па словах намесніка дырэктара па навуковай рабоце Аксаны Жукавай, іншым разам госці музея нават не здагадваюцца, што ў сценах таго ці іншага помніка народнай архітэктуры на тэрыторыі ўстановы здымаліся эпізоды любімых імі фільмаў.

Спецыфіка знятых у музеі народнай архітэктуры і побыту эпізодаў у тым, што пры здымках фільма па адпаведнай тэматыцы рэжысёр і мастак выкарыстоўваюць створаны каларыт інтэр’ераў і экстэр’ераў. Напрыклад, млын-экспанат з вёскі Даматканавічы Клецкага раёна ў час здымак стужкі “У чэрвені 41-га” стаў месцам спатканняў закаханых герояў фільма. А некаторыя сцэны гістарычнай стужкі “Анастасія Слуцкая”, якая прысвечана значна больш раннім па часе падзеям, здымаліся на экспазіцыйным сектары “Паазер’е”. Калі сцэнарый фільма геаграфічна не адпавядае экспазіцыі музея, то дадаткова прымяняюцца дэкаратыўныя элементы. Менавіта па такім шляху пайшлі мастакі новай сучаснай кінаверсіі рамана Фёдара Дастаеўскага “Браты Карамазавы”.

Найбольшую колькасць знятых у музеі фільмаў займаюць тыя, што прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тут здымаліся эпізоды мастацкіх фільмаў “У жніўні 44-га” і “Песня Розы” Міхаіла Пташука, “У чэрвені 41-га” Аляксандра Франскевіча-Лайе, “Франц і Паліна” Міхаіла Сегала па сцэнарыі Алеся Адамовіча, “Апошні бой маёра Пугачова” Уладзіміра Фацьянава паводле апавяданняў Варлама Шаламава, “Чалавек вайны” Юрыя Мароза, а таксама спецпраекта Агенцтва тэлевізійных навін Першага канала,
 /i/content/pi/cult/183/1885/Muzej2.jpg
прысвечанага аперацыі “Баграціён” і вызваленню Мінска, рэжысёра Сяргея Рыбакова.

Сярод апошніх фільмаў, якія здымаліся на базе Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” з выкарыстаннем экспазіцыі музея, можна назваць “Заставу” рэжысёра Васіля Пічула, “Вольф Месінг” Уладзіміра Краснапольскага, “Праваслаўную місію” Уладзіміра Хаціненкі. А з хранікальна-дакументальных — відэафільм “Людзі на балоце” праекта “Зваротны адлік” па заказе тэлеканала АНТ. Найбольш маштабны доўгатэрміновы творчы праект (рабочая назва кінастужкі — “Алатырь, или Тайна Каменной княжны”) ажыццявіўся сумесна з маскоўскай студыяй “ТРЫТЭ”.

З пералічаных творчых праектаў становіцца зразумелым, што экспазіцыя музея вабіць не толькі айчынных рэжысёраў, але і замежных. Таму і геаграфія акцёраў разнастайная: Беларусь, Польшча, Расія, Германія ды іншыя краіны.

Нягледзячы на шчыльны графік здымачнага працэсу, многія акцёры першага і другога планаў, а таксама і ўдзельнікі масавых сцэн з вялікай цікавасцю знаёміліся з багатай музейнай экспазіцыяй.

Канстанцін АНТАНОВІЧ
На фота: здымачны працэс стужкі “У чэрвені 41-га”.