Дацягнуцца да “зоркі”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Сёлета “Лістапад”, ужо другі раз, пашырыў геаграфію да межаў усёй рэспублікі, дазваляючы спрычыніцца да гэтага свята кіно не толькі жыхарам сталіцы, але і насельніцтву невялікіх гарадоў. “К” вырашыла намаляваць свайго кшталту “карту” фестывальных падзей у рэгіёнах.

Віцебшчына
Фестывальныя мерапрыемствы распачаліся тут eжо 10 лістапада.Для таго, каб прыцягнуць да праграмы форуму як мага больш грамадскай увагі, абласны “Кінавідэапракат” зладзіў прэс-канферэнцыю для рэгіянальных СМІ. А неўзабаве па ёй у тэлерадыёэфіры і на старонках газет з’явілася рэклама фестывалю.— Сёлета праграма фестывальных мерапрыемстваў на Віцебшчыне будзе больш насычаная, чым летась, — распавядае генеральны дырэктар УП “Кінавідэапракат” Віцебскага аблвыканкама Алена Матус.
Да таго ж, апрача паказаў фільмаў з праграмы XV “Лістапада” — а гледачы вобласці здолеюць пабачыць немалую іх частку, — яна прадугледжвае таксама і некалькі досыць арыгінальных мерапрыемстваў. У іх ліку — конкурс аматарскіх відэаработ, прысвечаных тэматыцы “Лістапада”, а таксама — паказ старых, рарытэтных, мультфільмаў на вузкай плёнцы. Балазе ў музеі, які адкрыўся сёлета ў лютым у віцебскім Доме кіно, ёсць адмысловае абсталяванне, здатнае акунуць гледача ў рэтра-атмасферу.
Паколькі Дом кіно мае тэхнічныя магчымасці ладзіць выязныя мерапрыемствы, пад час фестывалю будуць зроблены і крокі насустрач гледачам, асабліва тым, якія самі прыйсці ў кіно не заўсёды могуць. Фільмы з праграмы “Лістападзіка” здолеюць убачыць выхаванцы Віцебскай школы-інтэрната для дзяцей, якія маюць праблемы са слыхам.
Увогуле, як адзначыла Алена Матус, дзіцячыя стужкі на Віцебшчыне надзвычай запатрабаваныя. І кінатэатр “Брыганціна”, прызначаны выключна для маленькіх гледачоў, пад час паказаў “Лістападзіка” заўсёды збірае аншлагі.
Пракатчыкі і гледачы Віцебшчыны не пакідаюць надзеі ўбачыць на сваёй зямлі кагосьці з тых зорак, якія прыедуць на “Лістапад”. Аднак гэта будзе залежыць ад іх графікаў, а яны, безумоўна, вельмі насычаныя. А вось сустрэча са стваральнікамі фільма “Пакуль мы жывыя” аматарам кіно Віцебска гарантавана.
Паказацьу вобласці ўсю “смятанку” фестывальнай праграмы за гэты тыдзень, вядома, не атрымаецца: час і колькасць копій фільмаў моцна абмежаваны. Але нявыключана, што магчымасць убачыць гэтыя фільмы з’явіцца ў жыхароў беларускай Поўначы трохі пазней. Па словах Алены Матус, правядзенне “лістападаўскіх” мерапрыемстваў у рэгіёнах карыснае яшчэ і тым, што пракатчыкі могуць адкрыць для сябе новыя стужкі, каб потым “падзяліцца” імі з гледачамі.

Брэстчына
Яе жыхароў цягам фестывальных дзён чакаюць не толькі замежныя фільмы, а таксама прэзентацыя карціны Сяргея Сычова “Пакуль мы жывыя”. 28 лістапада спаўняецца 50 гадоў першаму Герою Беларусі Уладзіміру Карвату, і брэсцкія кінадакументалісты стварылі фільм, прысвечаны знакамітаму лётчыку, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля выратавання жыццяў іншых людзей. Пра яго гераічны ўчынак не толькі “Неба памятае” (як падкрэслена ў назве фільма), але і землякі.
А 17 лістапада ў Брэсце адбудуцца ажно чатыры сустрэчы з мастаком-аніматарам Валерыем Казловым. Дзве з іх пройдуць у кінатэатрах, а дзве — у школах. Дарэчы, і творчы калектыў фільма “Пакуль мы жывыя” правядзе ў горадзе не адну сустрэчу, а — тры, у розных кінатэатрах.
— Дзякуючы гэтай акалічнасці, большая колькасць людзей атрымлівае магчымасць пазнаёміцца з навінкамі нашага беларускага кіно, папулярызацыяй якога мы цяпер актыўна займаемся, — кажа намеснік дырэктара УП “Брэстаблкінавідэапракат” Зінаіда Алексіевіч. — І публіка ахвотна наведвае гэтыя сустрэчы.
А праграмы, прызначаныя для паказу ў раённых цэнтрах вобласці, прысвечаны Году здароўя.

Гомельшчына
“Лістапад” на Гомельшчыне трохі зацягнецца: фестывальныя імпрэзы будуць доўжыцца і пасля таго, як у Мінску пройдзе афіцыйнае закрыццё кінафоруму. Скажам, 24 лістапада ў Мазыры адбудзецца прэм’ера стужкі “Пакуль мы жывыя” і сустрэча з яе творчым калектывам.
Адкрыццё фестывалю ў Гомелі пройдзе трохі пазней за агульнарэспубліканскае — 18 лістапада. У кінатэатры імя Калініна адбудзецца прэм’ерны паказ фільма “Зграя”, на які абавязкова завітае хтосьці са здымачнай групы. Таксама жыхары вобласці здолеюць пазнаёміцца з такімі фільмамі сёлетняй“лістападаўскай” праграмы, як расійскі “Жыві і помні” і айчынны “На спіне ў чорнага ката”. Пасля абласнога цэнтра копіі стужак адразу паедуць у раёны, і гэтае падарожжа, вядома ж, зусім не абмяжуецца часавымі рамкамі фестывалю.
— Досвед мінулага года паказаў, што цікавасць нашых гледачоў да фестывальных фільмаў даволі вялікая, — адзначыў начальнік рэпертуарнага аддзела КУП “Гомелькінавідэапракат” Аляксандр Заяц. — Таму спадзяёмся, што і сёлета яны будуць запатрабаваны.
Варта яшчэ дадаць, што ўсе мерапрыемствы “Лістапада” на Гомельшчыне прымеркаваны да 65-годдзя вызвалення вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Магілёўшчына
15 лістапада ў магілёўскім кінатэатры “Чырвоная зорка” адкрылася фотавыстаўка Дзмітрыя Елісеева.Пад час штогадовай работы на “Лістападзе” фотарэпарцёр здолеў зрабіць нямала цікавых здымкаў знакамітых артыстаў і рэжысёраў. І цяпер ён з радасцю падзеліцца найбольш удалымі кадрамі з магілёўскай аўдыторыяй.
А бабруйскія аматары кіно спадзяюцца ўбачыць папулярную расійскую актрысу Аксану Сташэнка не толькі на фота або экране, але і “жыўцом”. Хаця пакуль іх сустрэча — толькі аптымістычны прагноз.
— Вядома, мы таксама хацелі б “дацягнуцца” да кагосьці з замежных “зорак”, — уздыхае намеснік дырэктара абласнога ВУП “Кінавідэапракат” Алена Рулёва. — Але... Ведаючы, якія насычаныя іхнія графікі, на гэта можна адно спадзявацца.
Своеасаблівае прэзентацыйнае турнэ, якое ладзіць творчая группа фільма “Пакуль мы жывыя”, закране і Магілёў: тут прэм’ера адбудзецца 18 лістапада. Актывізуецца фестывальнымі днямі і доўгатэрміновая акцыя “Кіно маёй краіны”, чыя назва гаворыць сама за сябе.
Сустрэчы з творцамі і кінапаказы беларускіх фільмаў — як мастацкіх, так і дакументальных — пройдуць, не раўнуючы, ва ўсіх гарадах вобласці.
Асобная мэтавая група фестывальных мерапрыемстваў — юны глядач. На Магілёўшчыне, “радзіме” небезвядомага анімацыйнага форуму “Анімаёўка”, яму будзе нададзена асаблівая ўвага. Прычым сувязь апошняга з “Лістападзікам” не толькі тэматычная — многія творы дэманстраваліся на абодвух фестывалях. Лепшыя з гэтых “мульцікаў” маленькія жыхары розных куткоў вобласці здолеюць убачыць у кінатэатрах.

Гродзеншчына
Па словах в.а. гендырэктара КУП “Гроднааблкінавідэапракат” Вольгі Касіла, фестывальныя мерапрыемствы ахінуць, не раўнуючы, усю вобласць. Пракатчыкі з кожнага раёна Гродзеншчыны склалі сваю праграму мерапрыемстваў, датычных “Лістапада”.
16 лістапада на Гродзеншчыне пройдзе Дзень беларускага кіно — і гэта значыць, што ў нядзелю лепшыя айчынныя фільмы будуць “правіць баль” ва ўсіх кінатэатрах вобласці. Безумоўна, у іх лік патрапіў і неўміручы блокбастэр “Белыя Росы”, рэжысёр якога Ігар Дабралюбаў святкуе сёлета свой юбілей.
Таксама пад час фестывалю Гродна наведае творчая група фільма “На спіне ў чорнага ката”. А ў другім па велічыні горадзе вобласці — у Лідзе — пройдзе паказ дакументальных фільмаў “Жыццё светлае”, прысвечаны прафілактыцы СНІДу і комплексу тых сацыяльных хвароб, якія становяцца прычынай хвароб фізічных.
— Для нашых гледачоў сустрэчы з творчымі асобамі вельмі цікавыя, — кажа Вольга Касіла. — Менавіта гэты аспект мерапрыемстваў “Лістапада” летась быў самы запатрабаваны. Вядома, паказы фестывальных фільмаў надта касавымі не назавеш — усё ж яны разлічаны на падрыхтаваную аўдыторыю. Але магу запэўніць, што на Гродзеншчыне гэтыя стужкі маюць свайго гледача.

Міншчына
Асноўнымі цэнтрамі “Лістапада” на Міншчыне стануць чатыры кінатэатры: у Барысаве, Дзяржынску, Слуцку і Салігорску. Менавіта там адбудуцца сустрэчы з беларускімі кінематаграфістамі, якія прадстаўляюць свае фільмы ў праграме фестывалю. А рэтраспектыўныя паказы “лістападаўскіх” стужак мінулых гадоў пройдуць ці не ў кожным райцэнтры.
Гендырэктар КУП “Мінаблкінавідэапракат” Юрый Чарнавушка не сумняваецца ў тым, што гэтыя мерапрыемствы спазнаюць належную ўвагу гледачоў. Паводле яго слоў, на Міншчыне людзі наведваюць кінатэатры ахвотна, бо гэтыя ўстановы прыводзяцца ў належны стан, а кошт на квіткі вельмі дэмакратычны.
— Без сумневу, калі б у нас была магчымасць запрашаць вядомых артыстаў з Расіі і іншых краін, фестываль меў бы куды большы розгалас, — дадае Юрый Міхайлавіч. — Але, на жаль, у большасці выпадкаў гэта нам не па кішэні. Хаця памятаю тыя часы, калі асобы ўзроўню Ціханава або Папанава маглі прыехаць у невялічкі райцэнтр і не папрасіць за свой творчы вечар ніякага ганарару. Цяпер дамаўляцца са знакамітасцямі куды складаней, хаця... Вядома, мы прыкладзём намаганні ў гэтым рэчышчы. Але затое нашы беларускія артысты не абдзяляюць увагай вобласць, не выстаўляючы пры гэтым нездзяйсняльных для нас умоў. Гэтыя сустрэчы мы стараемся арганізоўваць вельмі дбайна і творча, праходзяць яны заўсёды надзвычай душэўна. І таму здатныя кампенсаваць недахоп суперзорак. 

Ілля СВІРЫН