“Я мастаком сябе не называю, — усміхаецца наша новая знаёмая. — Я настаўнік малявання, раней мела службу. Творчасць не крыніца майго існавання матэрыяльнага. Я малюю для сябе. Родным і сябрам работы дару”.
У невялікай утульнай кватэры Ніны Пятроўны ўсё хацелася ўважліва разглядзець. Сцены ўпрыгожаны рознымі работамі: акварэль, жывапіс, батык, лапікавая шыццё... У папках — яшчэ больш сюжэтаў, якія майстрыха перанесла на тканіну. Можна адразу па тэматыцы размеркаваць: вёска, прырода, анёлы...
ЗДОЛЬНАСЦІ — АД МАМЫ
“Я нарадзілася на Волзе, вучылася на Няве, а выкладала на Пячоры і ў Хібінах, — лаканічна і вобразна распавядае пра сябе жанчына. — Здольнасць да малявання ў мяне ад мамы, простай вясковай жанчыны, якая шмат працавала фізічна, выхоўвала нас з сястрой і не мела магчымасці развіваць той дар, што падараваў ёй Бог. Мяне, маленькую, здзіўляла, як прыгожа мама малюе домікі з карункамі...
Вядома, мне пашанцавала больш. Я паступіла на мастацка-графічны факультэт Ленінградскага педінстытута імя Герцэна. Пасля заканчэння па размеркаванні трапіла ў Нар’ян-Мар (адміністрацыйны цэнтр і адзіны горад Ненецкай аўтаномнай акругі — аўт.), дзе 12 гадоў адпрацавала выкладчыкам у педвучылішчы, а потым 28 гадоў у Кіраўску, у мастацкай школе. З Кіраўска пераехала ў Смаргонь — тут жыве мая сястра”.
Пра ўзрост жанчыны гаварыць не прынята. Адзначу, што выглядае яна значна маладзей за свае гады. Чароўная сіла мастацтва. Інакш як можна растлумачыць сакрэт маладосці маёй суразмоўцы? Кожны яе дзень напоўнены творчасцю і самаразвіццём. Ёй цікава ствараць абстрактныя карціны. На сценах кватэры — “абстрактнае” лапікавае шыццё і батык. Хочацца спыніцца, замерці і разглядзець на іх нешта сваё.
УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З ІДЭІ
Ніна Пятроўна разважае: “Любая работа пачынаецца з ідэі. Спачатку ты сам не ведаеш, што атрымацца. Гэта і ёсць сапраўдны цуд. Нездарма кажуць, што чалавеку ў гэты час Божанька дапамагае”.
“У мяне зараз няма магчымасці падарожнічаць так, як раней. Але я з цікавасцю пазнаю свет з дапамогай інтэрнэту, — адзначае суразмоўца. — Моцна цікаўлюся дзіцячай творчасцю. Цяпер у сацсетках можна многае ўбачыць. Вельмі падабаецца назіраць за працай Омскай дзіцячай студыі “Перамена”, якой кіруе таленавітая мастачка і настаўніца Алена Якаўлева. Мяне здзіўляе, як яе падапечныя на адну тэму ствараюць зусім розныя і такія цудоўныя работы. Вельмі важна ў кожным дзіцяці разглядзець творчую жылку і абудзіць яе.
У нашым жыцці творчасць павінна быць пачаткам усяго. Займацца ёй могуць людзі любых прафесіі і ўзросту. Гэта тое, што робіць нашу рэчаіснасць больш яскравай, захапляльнай і асэнсаванай”.
Галіна АНТОНАВА, Смаргонь
Фота аўтара