Элегантная празрыстасць

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Які ж кінафестываль без “лістападу” ўзнагарод? Сёлета да залатога, сярэбранага ды бронзавага дадаецца яшчэ адзін кляновы лісток — шкляны. Лёс спецыяльнага прыза, заснаванага РУП “Белтэлекам”, вырашаць гледачы.

 /i/content/pi/cult/183/1882/Pryz.jpg
Здавалася б, усё вельмі проста — ліст і шар. Але ж выглядае прыз папраўдзе сімвалічна. У ім можна ўбачыць і зямны шар, што ляжыць на фестывальнай “кляновай далоні”, і прыцягальнасць касмічнай “празрыстасці”, і шар магічны, што прадказвае будучыню. А яшчэ — гарманічнае спалучэнне закругленасці, завершанасці з востравугольнай вектарнай імклівасцю. І ўсё гэта — на трывалым прамавугольным “пастаменце”. Круг, прамавугольнік, кляновыя “трохвугольнікі” — універсальныя фігуры-формы, поўныя шматзначнай сімволікі, што быццам заклікаюць: “Разгадай мяне! Калі зможаш...”. Чым не сімвал сучаснага кіно? Мы ж звярнуліся па “разгадку” да прадстаўнікоў РУП “Белтэлекам” — начальніка групы па інфармацыі і камунікацыі Аляксея ФЕДАРЫНЧЫКА і супрацоўніцы гэтай групы Марыі СТАЛЯРОВАЙ.

— З “Лістападам”, — расказаў Аляксей Федарынчык, — наша прадпрыемства супрацоўнічае ўжо некалькі гадоў. У першую чаргу гэта, зразумела, тэхнічнае партнёрства. Усведамляючы спецыфіку міжнароднага фестывалю, які патрабуе пастаянных тэлефонных перамоў з рознымі краінамі, мы бясплатна прадастаўляем тэлефонныя нумары на дастаткова працяглы перыяд, выдзяляем камп’ютэры, факс, прынтэр для нармальнай працы дырэкцыі. Пад час самога фестывалю традыцыйна ўладкоўваем прэс-цэнтр. Міжнародны цэнтр камутацый на чале з Сяргеем Фурманавым арганізуе для журналістаў некалькі працоўных месцаў і, адпаведна, бяздротавы Інтэрнет, каб прадстаўнікі СМІ маглі як мага хутчэй даносіць інфармацыю. Да таго ж, у прэс-цэнтры пастаянна дзяжураць нашы супрацоўнікі, гатовыя пры неабходнасці дапамагчы журналістам у карыстанні тэхнікай.

Але ж летась мы вырашылі зрабіць для фестывалю і штосьці больш сімвалічнае — заснаваць спецыяльны прыз. Нам уяўлялася, што, з аднаго боку, ён павінен радаваць сваёй прыгажосцю. З іншага адпавядаць слогану “Белтэлекама”: “На сувязі з сусветам”, што цалкам натуральны пры міжнародным размаху фестывалю. Нарэшце, прыз павінен падкрэсліваць высокагуманістычную, духоўную накіраванасць “Лістапада”. Гэты фестываль — адзін з нашых любімых праектаў, таксама мы плённа супрацоўнічаем са “Славянскім базарам у Віцебску”, бо падтрымліваем, найперш, высокую культуру, інтэлектуальны пачатак, духоўнасць у самым шырокім сэнсе гэтага слова.— Абмяркоўваючы, як будзе выглядаць прыз, — прадоўжыла Марыя Сталярова, — мы праводзілі сацыялагічнае апытанне, некалькі мазгавых штурмаў. “Прэтэндэнтаў” на ролю сімвала было шмат, напрыклад, тое ж дрэва як сімвал жыцця.

Спрачаліся і наконт матэрыялу: шкло ці больш традыцыйны метал? У выніку спыніліся на суцэльным шкляным шары, бо гэта сапраўдны універсум, штосьці напоўненае, а не прыгожае звонку — пустое ўнутры. Са сваімі ідэямі мы звярнуліся да дызайнераў рэкламнага агенцтва, а са зробленым імі малюнкам — на знакаміты шклозавод “Нёман”, спецыялісты якога распрацавалі даволі няпростую тэхналогію вырабу. Здаецца, атрымалася элегантна!

 

Надзея БУНЦЭВІЧ