Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана КНІЖНІКАВА:
На маю думку, цяпер у рэспубліцы адбываецца лёсавызначальны працэс: беларускі народ мае магчымасць самастойна стварыць для сябе Канстытуцыю. Так, ля вытокаў праекта стаялі члены адмысловай камісіі, але ўжо на працягу месяца канчатковы варыянт змяненняў і дапаўненняў знаходзіцца ў руках грамадзян. І вельмі важна, каб кожны чалавек у гэты час усведамляў уласную адказнасць за прыняцце рашэнняў па дапрацоўцы Асноўнага Закона.
Увагі заслугоўваюць палажэнні, якія тычацца захавання гістарычнай памяці. Безумоўна, гэта падмурак патрыятычнага выхавання моладзі. Мяне задавальняе, што аўтары праекта прапануюць замацаваць у артыкуле 32 адказнасць бацькоў за прышчапленне дзецям культуры і павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі.
Значную ролю ў далучэнні да культурных здабыткаў адыгрывае наша ўстанова. Нядаўна Нацыянальная бібліятэка распачала цыкл сустрэч «Крыніцы гістарычнай памяці». Гэта бясплатныя лекцыі вядомых даследчыкаў беларускай спадчыны, якія раскрываюць асобныя старонкі мінуўшчыны праз рукапісы, старадрукі, творы літаратуры і мастацтва. Ужо адбыліся лекцыі філолагаў Івана Саверчанкі і Вячаслава Чамярыцкага. Праект разлічаны на ўвесь 2022-ы, абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Дарэчы, далучыцца да сустрэч можна анлайн праз трансляцыю на нашым youtube-канале.
Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ:
Будучыня краіны — за духоўна багатымі людзьмі. У свеце будзе заўважнай толькі тая дзяржава, дзе жывуць культурныя грамадзяне. Таму вельмі прыемна бачыць цікавасць беларусаў да літаратуры. Таксама адчувальны клопат дзяржавы па пашырэнні асветы: мы атрымліваем фінансавую падтрымку для выдання кніг, а чытачы маюць доступ да буйной сеткі бібліятэк і кнігарняў. У такім напрамку трэба рухацца і далей. Варта далучаць дзяцей да чытання, нацыянальных традыцый. І цяпер гэта можа стаць канстытуцыйным абавязкам бацькоў. Праз роднае слова дзеці спазнаюць свет, свае карані. Так мацуецца павага да радзімы і фарміруецца асоба, якая потым самаадданай працай паспрыяе росквіту краіны.
Важна, што ў праекце адлюстравана тэма захавання гістарычнай памяці. Яшчэ ў 2019 годзе пісьменнікі Саюзнай дзяржавы прынялі сумесную заяву супраць скажэння падзей мінулага і абельвання фашызму. Неабходна бараніць праўду пра вайну. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Увогуле беларуская літаратура вядомая ў свеце глыбінёй распрацоўкі ваеннай тэматыкі. І сучасныя пісьменнікі працягваюць гэту традыцыю, бо рэха вайны гучыць дагэтуль. Апошні радок пра трагічныя падзеі яшчэ не напісаны. Цяпер пісьменніцкая арганізацыя рыхтуе зборнік, прысвечаны Году гістарычнай памяці. У яго ўвойдуць проза, паэтычныя і публіцыстычныя творы. Далучыцца прапануем кожнаму, каго хвалюе праблема зберажэння памяці і захавання міру.
Старшы выкладчык кафедры міжкультурных камунікацый і рэкламы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Павел САПОЦЬКА:
Беларусы павінны ведаць сваю гісторыю і ганарыцца ўласнай культурай, а замежнікі — паважаць наш народ за перамогі ў мінулым і сучасныя дасягненні. Несумненна, новая рэдакцыя Канстытуцыі паспрыяе гэтаму. У артыкуле 15 пазначана, што дзяржава забяспечвае захаванне праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Для грамадзян надзвычай важна ўсведамляць веліч гісторыі, багацце культурнага набытку, унікальнасць шляху станаўлення нацыі і стваральны пачатак сучаснага вектара сацыяльна-эканамічнага развіцця. Не можа быць ніякіх сумненняў у значным унёску беларусаў у набліжэнне Вялікай Перамогі. І сёння павінен гучаць адзін голас — голас праўды. Сілу яму абавязаны надаваць усе сацыяльныя інстытуты.
Таксама знамянальна, што ў артыкуле 32 адзначана адказнасць бацькоў за выхаванне ў дзяцей павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый. Менавіта каштоўнасці, перададзеныя папярэднімі пакаленнямі, з’яўляюцца найважнейшым рэсурсам станаўлення асобы і выхавання грамадзяніна. Упэўнены, што згаданыя палажэнні заахвоцяць да шматлікіх творчых акцый, навуковых даследаванняў, адукацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку за мяжой.