Валянціна СЦЯПАНАВА, дырэктар XV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”: “Ёсць вопыт, якім варта падзяліцца”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Калі XV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” урачыста адкрываецца сёння, дык арганізацыйная праца пачалася значна раней. Наша суразмоўніца — дырэктар фестывалю Валянціна СЦЯПАНАВА — падрабязна распавядае пра асаблівасці юбілейнага фэсту і тонкасці працы цягам паўтара дзесятка гадоў над міжнародным брэндам “Лістапад”.

 /i/content/pi/cult/183/1881/Scyapanava.jpg
— За тыя 14 гадоў, што вы ўзначальваеце дырэкцыю, назапашана шмат вопыту, і, мабыць, ёсць чым падзяліцца?

— У падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю задзейнічана шмат арганізацый, у тым ліку кінастудыя “Беларусьфільм”, Нацыянальная тэлерадыёкампанія. Вялікая заслуга — Міністэрства замежных спраў, якое праводзіць перамовы за мяжой, дапамагае нам у атрыманні кінакопій.

Асабліва вялікую частку арганізацыйнай працы, вядома, бяруць на сябе супрацоўнікі Міністэрства культуры краіны і Мінгарвыканкама — у 2002 годзе мэр Міхаіл Паўлаў узяў фестываль пад сваю апеку і выдзеліў грашовыя сродкі і надзейных супрацоўнікаў гарвыканкама. З таго часу “Лістапад” займеў статус Мінскага...

Сёлета геаграфія фестывалю пашырылася ледзь не да паўсотні краін свету, штогод павялічваецца творчая праграма. Гэта, зразумела, патрабуе ўсё большых арганізацыйных намаганняў, прычым не толькі непасрэдна напярэдадні фестывалю, але і на працягу ўсяго года. На кожным чарговым фестывалі ўжо можна і трэба праводзіць работу па складанні праграм наступнага. Бо да нас з’язджаюцца знакамітыя рэжысёры, акцёры, прадзюсеры, і можна пачынаць весці з імі “жывыя” перамовы наконт планаў на будучыню. А потым па тэлефоне і ў службовай перапісцы ўжо толькі ўдакладняць дэталі. Да таго ж, дырэкцыя фестывалю павінна мець магчымасць таксама ездзіць на іншыя фестывалі, каб адбіраць там фільмы для свайго. Самая ж галоўная задача дырэкцыі — іміджавая. Бо для многіх, хто да нас прыязджае, знаёмства з фестывалем пачынаецца не толькі з аповедаў пра яго тых, хто на “Лістападзе” ўжо пабываў, але і непасрэдна са знаёмства з супрацоўнікамі дырэкцыі.

— І гэта, верагодна, павышае патрабаванні да тых, хто працуе ў вас?

— За 15 гадоў існавання фестывалю нашу “школу” прайшлі больш як 300 чалавек. У нас заўсёды працуе шмат валанцёраў, але хтосьці прыходзіць і сыходзіць, а хтосьці на “Лістападзе” зноў і зноў. Не першы год, да прыкладу, працуе ў нас Аляксандра Захарэвіч. Калісьці яна прыйшла да нас першакурсніцай Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, а цяпер ужо скончыла магістратуру, вучыцца ў аспірантуры. І валодае не толькі добрымі ведамі ў галіне кінамастацтва, але і замежнымі мовамі, што вельмі важна. Любоў Новікава, таксама выпускніца згаданага універсітэта, якая была накіравана практыкавацца на кінастудыю “Беларусьфільм”, летась курыравала дакументальнае кіно, а сёлета — тэлевізійнае. Мабыць, больш за ўсіх працуе Эліза Патапенка, якая сёлета “вядзе” дакументалістыку і, да таго ж, з’яўляецца рэдактарам. Нагрузкі ў дырэктараў любой з фестывальных праграм — вельмі вялікія: даводзіцца займацца абсалютна ўсім. Шмат часу займае афіцыйная перапіска, без якой не абысціся. У межах дырэкцыі няма спецыяльнага менеджэра, які займаўся б акцёрскім складам фестывалю, але з Дома кіно адкамандзіравалі для гэтай мэты Ірыну Дуброўскую, якая і раней з намі супрацоўнічала. Дырэктарам дзіцячага фестывалю працуе Генадзь Плескацэвіч: ён калісьці студэнтам праходзіў у нас практыку. Начальнікам штаба з’яўляецца наша “выхаванка” Іна Аксёнава, якая працуе дырэктарам фестывалю “Залаты Брыг” і прыязджае нам дапамагаць. Да таго ж, з кожным годам літаральна ад усіх супрацоўнікаў патрабуецца больш прафесійнае вырашэнне грашовых пытанняў, бо нават да акцёра ўсё часцей даводзіцца звяртацца праз агента, які ўстанаўлівае кошт. Ды ўсё ж, Беларусь любяць — да нас прыязджаюць і без касмічных ганарараў.

Нягледзячы на халоднае восеньскае надвор’е, мы “саграем” гасцей сваім прыёмам. Рыхтуем для іх культурную праграму, у якую абавязкова ўваходзіць наведванне Нацыянальнай бібліятэкі. У прыезджых звычайна вялікая цікавасць да гістарычных мясцін Беларусі, таму, паводле традыцыі, мы наведваем Нясвіж, дзе праводзім творчую сустрэчу, Мірскі замак. Усіх вельмі ўражвае, як хутка прыгажэе краіна і сама сталіца. Фестываль жа “стартуе” з ратушы, дзе адбываецца прыём у мэра. Урачыстае адкрыццё праходзіць у Палацы Рэспублікі з удзелам кіраўніцтвам краіны. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, як вядома, заснаваў два спецыяльныя прызы: “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. Далёка не кожны фестываль у свеце карыстаецца такой падтрымкай з боку Кіраўніка дзяржавы. Для артыстаў, рэжысёраў вельмі важныя таксама і гарачыя сэрцы гледачоў.

— Дарэчы, выхаванне гледачоў — таксама адна з задач фестывалю.

— І мы яе вырашаем! У нас ёсць свой глядач — падрыхтаваны, высокаінтэлектуальны, з добрым эстэтычным густам. Чаму я так мяркую? Не толькі таму, што залы не пустуюць, а на іншыя фільмы здараецца і супераншлаг. Я кажу так упэўнена яшчэ і таму, што глядацкія прызы апошнім часам адпавядаюць думкам прафесійнага журы.

— Выхаванне, як вядома, пачынаецца з дзяцінства. Невыпадкова ў свой час у “Лістапада” з’явіўся “Лістападзік”…

— Ён знаходзіцца пад патранатам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Ціцянкова. І атрымаў такую творчую моц, што сёлета на ім будзе прадстаўлена больш як 100 стужак: анімацыйных, мастацкіх, кароткаметражных. Амаль у кожнай мінскай школе пройдуць творчыя сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх тэатраў, з нашымі акцёрамі. У нас знята шмат дакументальных стужак, па якіх можна вывучаць гісторыю краіны. Таму ў межах фестывалю будзе праведзены спецыяльны ўрок гісторыі, пад час якога школьнікі ўбачаць той ці іншы з гэтых фільмаў, сустрэнуцца з іх аўтарамі і, магчыма, з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле традыцыі, на дабрачынныя паказы фільмаў запрашаюцца выхаванцы дзіцячых дамоў. Холадакамбінат № 1 дорыць ім марожанае і іншыя прысмакі.

Дабрачынныя сустрэчы адбываюцца ў Доме міласэрнасці з дзецьмі-выхаванцамі нядзельнай школы. Дый у самім дзіцячым кіно захоўваюцца традыцыі высокагуманістычнага, духоўнага кірунку, а не выключна забаўляльнасці.

— Дый сам фестываль — гэта ж не проста свята, а, пэўна, яшчэ і магчымасць прасоўвання беларускіх фільмаў?

— Абавязкова! Для ўдзелу ў конкурсных і пазаконкурсных паказах кінастудыя “Беларусьфільм” прадаставіла нам каля двух дзесяткаў стужак.

Прэм’ерныя паказы беларускіх фільмаў адбудуцца ледзь не ва ўсіх гарадах Беларусі. У межах фестывалю будзе адсвяткаваны юбілей фільма “Белыя Росы”, які ўваходзіць у залаты фонд нашага кінематографа. Ушаноўваецца і памяць нашых творцаў: пройдуць вечары памяці Міхаіла Пташука, Юрыя Марухіна. Ушанаваннем памяці становяцца і імянныя прызы: прыз імя Міхаіла Пташука даецца за лепшую студэнцкую работу, Юрыя Марухіна — за аператарскае майстэрства. Так што наш фестываль — гэта яшчэ і “народная дыпламатыя”, што садзейнічае культурнаму абмену і прэзентацыі нашай краіны далёка за яе межамі.

 Надзея БУНЦЭВІЧ