Інстытут беларускай культуры быў створаны на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, у складзе дзвюх секцый: этнолага-лінгвістычнай (са слоўнікавай, тэрміналагічнай і літаратурна-даследчай камісіяй) і прыродазнаўчай (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). Інбелкульт з’яўляўся адначасова навукова-даследчай і культурна-грамадскай установай: ён быў пакліканы служыць не толькі навуцы, але і культурнаму ды нацыянальнаму выхаванню.
Першым старшынёй Інбелкульта да 1924 года быў мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч, затым на гэтай пасадзе яго змяніў гісторык Усевалад Ігнатоўскі. Сярод супрацоўнікаў Інстытута былі такія выдатныя навукоўцы, як географы Мікалай Азбукін, Міхайла Грамыка і Аркадзь Смоліч, мовазнаўцы Мікола Байкоў і Язэп Лёсік, мастацтвазнаўца Мікалай Шчакаціхін, гісторыкі Вацлаў Ластоўскі і Уладзімір Пічэта, паэты Зміцер Жылуновіч, Янка Купала і Якуб Колас, і многія іншыя.
ПРАВОБРАЗ АКАДЭМІІ
У сферу навуковых зацікаўленасцяў членаў Інбелкульта ўваходзілі распрацоўка практычных праблем беларускага мовазнаўства, вывучэнне беларускай літаратуры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. Але развівалася не толькі гуманітарная сфера: у 1923-1924 гадах у складзе Інбелкульта былі створаныя агранамічная, прыродазнаўчая і медыцынская секцыі.
Напрыканцы 1923 года
на правах пастаяннай камісіі ўтварылася Цэнтральнае Бюро краязнаўства, у 1924-м былі арганізаваныя меды-
ка-ветэрынарная і сацыяльна-эканамічная секцыі, а таксама секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права і педагогікі. У 1925-м у склад Інстытута ўвайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукцыйных сіл Беларусі, створаная Дзяржпланам БССР, а таксама былі арганізаваныя яўрэйскі і польскі аддзелы.
У апошнія гады існавання Інбелкульта ў яго складзе працавалі кафедры гісторыі беларускай мовы, жывой беларускай мовы, дыялекталагічная, агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі, гісторыі беларускага права, гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі, гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі, заалогіі, геаграфіі, хіміі, антрапалогіі, Інстытут беларускага мастацтва і Геалагічны інстытут, а таксама шэраг камісій: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Заходняй Беларусі, культуры латышоў, прамысловасці, хатніх рамёстваў, кааперацыі.
Экспедыцыі прыродазнаўчай секцыі Інбелкульта выявілі ў Беларусі запасы вапняку, даламіту, мелу, дыятаміту і апокі, светла-зялёных глін, кварцава-глаўканітавых пяскоў, бурага жалезняку, фасфарытаў, бурага вугалю і кварцавага пяску. Актыўна даследаваліся флора, фаўна, клімат, эканамічная геаграфія і сельская гаспадарка. Вялікая праца была разгорнута па папулярызацыі краязнаўства, што дапамагло прыцягнуць да супрацоўніцтва з Інбелкультам шырокія масы — напрыканцы 1920-х гадоў краязнаўчыя аб’яднанні савецкай Беларусі налічвалі ў сваіх шэрагах больш за дзесяць тысяч чалавек. Сярод найважнейшых мерапрыемстваў, зладжаных Інбелкультам, можна згадаць Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі і Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якія ў многім прадвызначылі далейшы кірунак развіцця айчыннай навукі.
ВІТРЫНА СПАДЧЫНЫ
25 студзеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Інстытут беларускай культуры (1922-1928): нараджэнне нацыі і нацыянальнай навукі”, арганізатарамі якой выступілі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. Як адзначыў дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандр Груша, Інстытут беларускай культуры быў значным палітычным праектам савецкай улады, які мусіў прадэманстраваць вынікі і дасягненні палітыкі беларусізацыі.
Сярод тэм, што былі разгледжаныя на канферэнцыі, — навукова-даследчая работа Інбелкульта, спецыфіка лінгвістычных, краязнаўчых, гістарычных, літаратуразнаўчых, мастацтвазнаўчых напрамкаў работы беларускіх вучоных у пачатку ХХ стагоддзя, традыцыі Інбелкульта ў сучаснай айчыннай навуцы, невядомыя старонкі дзейнасці Інбелкульта, лёсы беларускіх вучоных і іх творчая спадчына.
Асобныя даклады былі прысвечаныя гісторыі развіцця акадэмічнага мовазнаўства, дзейнасці Дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта, яго распрацоўкам па тэрміналогіі права, рабоце па апрацоўцы беларускай навуковай сельскагаспадарчай тэрміналогіі і стварэнні картатэкі слоўніка жывой беларускай мовы. Асабліва прыцягнулі ўвагу даследчыкаў постаць вядомага мовазнаўца Іосіфа Воўка-Левановіча і яго погляды на мову выданняў Францыска Скарыны ды ўнёсак у падрыхтоўку “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”. Таксама была звернутая ўвага на вывучэнне Інбелкультам культур нацыянальных меншасцяў, дзейнасць у яго складзе яўрэйскага аддзела і развіццю літуаністыкі.
СЛЯДЫ МІНУЛАГА
У рамках адзначэння Дня беларускай навукі і з нагоды 100-годдзя Інбелкульта 27 студзеня ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў зладжаны Дзень адчыненых дзвярэй, падчас якога аматары гісторыі здолелі бліжэй пазнаёміцца з працай і дасягненнямі гэтай установы. Савет маладых вучоных Інстытута гісторыі прэзентаваў прафарыентацыйны праект “Акадэмія маладых гісторыкаў”, пасля гасцей чакала экскурсія па археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі Інстытута, майстар-клас па ўзнаўленні тэхналогіі вырабу неалітычных гаршкоў і лекцыя “Уводзіны ў археалогію”, падчас якіх наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з найбольш важнымі этапамі ў развіцці айчыннай археалогіі.
А перанесціся ў 1920-я гады мінулага стагоддзя і пабачыць бліжэй эпоху станаўлення беларускай навукі можна было падчас віртуальнай і гарадской экскурсій па мясцінах Інбелкульта, якія далі магчымасць прайсціся па тых вуліцах і адрасах, дзе сто гадоў таму нараджалася першая нацыянальная шматпрофільная навуковая ўстанова, і даведацца, якія гарадскія будынкі сёння захоўваюць памяць аб падзеях тых часоў.