— Барыс Уладзіміравіч, вы, як кажуць, не па чутках ведаеце прынамсі гісторыю развіцця стасункаў паміж краінамі, працуючы, у прыватнасці, рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе навучалася нямала студэнтаў з Паднябеснай. У розныя часы вы займалі пасады намесніка міністра культуры, а таксама і міністра. Зразумела, праз гэтыя гады вам давялося шмат міждзяржаўных культурных праектаў ажыццяўляць на практыцы, а таксама аналізаваць як навукоўцу розныя этапы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Дык як гэта было і як надалей будзе?
— Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка дакладна адзначыў, што закладзены фундамент сяброўства напоўнены практычным зместам і што гэты падмурак стане моцнай, трывалай асновай для будучых пакаленняў беларусаў і кітайцаў. А значыць і творчае ў тым ліку супрацоўніцтва займее, без сумнення, свой плённы шматгранны працяг. На нядаўняй міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Рэспубліканскім інстытуце імя Канфуцыя БДУ я рабіў даклад аб гісторыі і перадгісторыі беларуска-кітайскага абмену, дзе паспрабаваў акрэсліць шляхі да сённяшніх лёсавызначальных міждзяржаўных ініцыятыў.
— Іх перадгісторыя? Гэта цікава. Скажам, беларускае грамадства ведае сучасны аспект культурных кантактаў з Кітаем, а вось глыбінная перадгісторыя, якая папярэднічала нашаму ХХI стагоддзю, наўрад ці, акрамя мо навукоўцаў, нам знаёмая...
— Найперш скажу, што прычыны такога імклівага, якаснага ды аб’ёмнага развіцця сённяшняга культурнага абмену немагчыма растлумачыць без уліку перадгісторыі адносін. А яны налічваюць некалькі стагоддзяў, а магчыма, і тысячагоддзяў. Сама перадгісторыя мае нібыта прыхаваны, апасродкаваны характар. А гістарычны прамежак часу, які яна ахоплівае, можна абазначыць як імпліцытны — неакрэслены, нявыражаны — перыяд, які доўжыўся з незапамятных часін да пачатку апошняга дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя.
— Ну а якія ўсё ж сведчанні больш вядомыя, аргументаваныя, якія дакументы тых эпох праецыруюцца на доказную базу?
— Найперш ускосныя даныя. Яны атрыманы пры аналізе вытокаў духоўнай і матэрыяльнай культур нашых народаў і сведчаць пра некаторыя супадзенні пэўных элементаў свядомасці ды ўзаемадзеяння ў глыбокай старажытнасці. Гэта наводзіць на думку аб тым, што еднасць лёсу чалавецтва сёння — гэта паўтор на больш высокім цывілізацыйным узроўні таго, што існавала калісьці раней.
— Як тое праяўлялася?
— З другой паловы XVII стагоддзя культурны абмен паміж Кітаем і землямі, на якіх большасць насельніцтва — этнічныя беларусы, становіцца інтэнсіўней, хоць усё яшчэ носіць несістэмны, выпадковы характар. У культурных аспектах на тым этапе гранічна праяўляюцца ўсходні і заходні вектары. Прынамсі ўсходні спалучаны з асваеннем Расіяй — а ў складзе народаў яе былі і беларусы — сібірскага рэгіёна. Заходні асацыяваўся з такой з’явай у заходнееўрапейскай культуры, як “шынаузры”, па-французску — chinoiserie.
— Калі ласка, Барыс Уладзіміравіч, растлумачце, што гэта за з’ява?
— Калі каротка казаць, дык мы разумеем яе як еўрапейскі мастацкі стыль пераймальнага характару, што ўтрымлівае ў сабе элементы кітайскай архітэктуры, ужытковага і выяўленчага мастацтва, музыкі і літаратуры...
— А імёны беларусаў у кантэксце “перадгісторыі”? Ці вядомы яны сёння?
— Безумоўна. У XVIII—XIX стагоддзях і першай палове XX пэўныя выбітныя асобы з ліку беларусаў робяць заўважны ўнёсак у гісторыю беларуска-кітайскіх культурных зносін. Гэта Восіп Кавалеўскі, ураджэнец горада Свіслач. Ён быў рэктарам Казанскага ўніверсітэта. Праваслаўны місіянер, епіскап Кастрамскі і Галіцкі, у міры Андрэй Іванавіч Кульчыцкі, які нарадзіўся ў сяле Камень Шляхецкі Кобрынскага павета. Вядомы жывапісец Кандрацій Ільіч Карсалін 1809 года нараджэння — родам са Слуцка. Ён насіў званне акадэміка пейзажнага жывапісу Імператарскай акадэміі мастацтваў, пісаў таксама і іконы. Нам вельмі добра знаёма імя Іосіфа Антонавіча Гашкевіча — лінгвіста, усходазнаўца, першага дыпламатычнага прадстаўніка Расійскай імперыі ў Японіі. Нарадзіўся ён у сяле Стрэлічаў Рэчыцкага павета. Палітычны дзеяч, магіляўчанін Мікалай Канстанцінавіч Судзілоўскі — вучоны-этнограф, географ, біёлаг, генетык, урач. Гэты надзвычай адукаваны чалавек, будучы рэвалюцыянерам-народнікам у Расіі, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху ў Швейцарыі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, а таксама Кітаі, дзе і пахаваны ў горадзе Чунцін. Наш зямляк, вядомы оперны спявак Міхась Іванавіч Забэйда-Суміцкі, які быў родам з вёскі Несцяровічы Свіслацкага раёна, у свой час вучыўся ў тым ліку і ў Харбіне. Дэбют яго адбыўся на сцэне Харбінскага опернага тэатра ў партыі Ленскага ў оперы “Яўген Анегін”...
— Сапраўды, можна толькі ганарыцца гэтымі яркімі асобамі, нашымі землякамі-беларусамі, і сімвалічна, што вы, Барыс Уладзіміравіч, нагадалі іх імёны ў Год гістарычнай памяці праз газету нашым чытачам...
— Зразумела, падобных выбітных імёнаў нямала. Калі ж працягваць распавядаць пра больш блізкі, пасляваенны перыяд — сярэдзіну XX стагоддзя, — дык да моманту ўтварэння ў 1949 годзе Кітайскай Народнай Рэспублікі беларусы і кітайцы ўжо мелі агульныя ўяўленні адно пра аднаго. Яны валодалі мо і не надта падрабязнымі, але больш дакладнымі звесткамі пра культуру іншай краіны ў параўнанні з ранейшымі этапамі нашых культурных адносін. У часы, калі БССР знаходзілася ў складзе Савецкага Саюза, гэтая інфармацыя пашыраецца і паглыбляецца. І вось на этапе пераходнага перыяду 1988-1991 гадоў, калі наша краіна набліжалася да моманту набыцця статусу суверэннай дзяржавы, Беларусь ужо мела пэўную інфраструктуру і досвед для здзяйснення прамога культурнага абмену з Кітайскай Народнай Рэспублікай. У гэты перыяд на заканадаўчым узроўні ў нашай краіне пашыраюцца паўнамоцтвы Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, аддзялення Таварыства дружбы і культурных сувязей з Кітаем. Кітайская Народная Рэспубліка таксама была гатова выкарыстоўваць розныя кірункі і формы культурнага абмену...
— Сцвярджэнне, што культура — дыпламат найвышэйшага рангу, не проста прыгожая фраза. Як вы асабіста яе трактуеце?
— Напрыканцы мінулага стагоддзя, а дакладней у 1990-м, адбылася падзея, якая, на першы погляд, мае толькі ўскосныя адносіны да сферы культуры і дыпламатыі. Тады ў навуковы абарот уводзіцца тэрмін “мяккая сіла”. Гэты тэрмін, спалучыўшыся пазней з тэрмінам “культура”, становіцца адным з краевугольных паняццяў у тэорыі і практыцы культурнай дыпламатыі паміж нашымі краінамі. Хоць аўтарам тэрміна лічыцца амерыканскі прафесар Дж.Най, але, па сутнасці, канцэпцыя выкарыстання “мяккай сілы” ўзыходзіць да старажытнакітайскіх філосафаў. У прыватнасці, да Лаа-цзы. Ён жыў яшчэ ў V стагоддзі да нашай эры, і яму належыць вось такое выказванне: “У свеце няма прадмета, які быў бы слабейшым і пяшчотнейшым за ваду, але яна можа разбурыць самы цвёрды прадмет”. Так і культурная дыпламатыя: пяшчотная, але, як кажуць, “моцны арэшак”, і можа растапіць самыя суровыя сэрцы.
— Барыс Уладзіміравіч, як вучоны вы падкрэслівалі тое, што гістарычна адносіны культурнага абмену паміж Беларуссю і Кітаем падзяляліся на некалькі этапаў. Што было першасным у распрацоўцы стратэгіі, якая мусіла стаць канстантай, трывалым падмуркам для развіцця этапу культурных сувязей у найноўшай гісторыі Рэспублікі Беларусь? Ужываючы метафару з Вялікай Кітайская Сцяной, маё пытанне: як жа выкладваліся “цагліны” ў гэтае ўнікальнае “збудаванне”?
— Зразумела, што для далейшага развіцця супрацоўніцтва першачарговай становіцца неабходнасць надання яўна акрэсленым — так званым экспліцытным — адносінам культурнага абмену паміж краінамі пэўнага статусу, замацаванага ў міждзяржаўных дакументах. У адпаведнасці з гэтымі дакументамі экспліцытны перыяд, які пачаўся з 1992 года, працягваецца і сёння. Але і ён дзеліцца на некалькі этапаў.
— І колькі ж такіх дэкларуецца?
— Першы этап — “садзейнічання і падтрымкі”, калі ў лістападзе 1992 года ў час візіту беларускай дэлегацыі ў Пекіне падпісваецца Пагадненне аб культурным супрацоўніцтве паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Кітайскай Народнай Рэспублікі. Культурнае супрацоўніцтва ў гэтым дакуменце трактуецца дастаткова шырока і мае на ўвазе як мастацкую культуру, так і адукацыю, грамадскія навукі, ахову здароўя, спорт, выдавецкую справу, радыёвяшчанне, тэлебачанне, кінематограф. Асаблівасць гэтага адрэзку часу ў тым, што на першым этапе беларуска-кітайскае супрацоўніцтва атрымлівае ўсебаковую падтрымку з боку кіруючых дзяржаўных структур. Другі этап — “пашырэння і паглыблення”, гэта 1993 і 1994 гады.
— Што ж адметнага тады адбылося?
— Найперш з’явілася Сумесная кітайска-беларуская заява, у якой дэкларавалася, што бакі прыкладуць неабходныя высілкі для далейшых доўгатэрміновых узаемавыгадных адносін у культурнай сферы. На гэтым этапе адбываюцца першыя прамыя абмены гастролямі і выстаўкамі паміж краінамі...
— А калі былі абвешчаны Дні нацыянальных культур, якія вельмі ярка дэманструюць лепшыя ўзоры творчасці беларусаў і кітайцаў і якія з поспехам праходзяць у абедзвюх дзяржавах?
— На трэцім этапе. Ён называўся этапам “устойлівага развіцця і актывізацыі кантактаў” і доўжыўся з 1995 года па 2000-ы. У студзені 1995-га ў Пекіне Старшыня КНР Цзян Цзэмінь і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставяць свае подпісы пад Сумеснай дэкларацыяй аб далейшым развіцці і паглыбленні супрацоўніцтва. Кіраўнікі дзяржаў адзначылі станоўчы аспект і ў сферы культуры, а таксама падкрэслілі, што надаюць вялікае значэнне актывізацыі кантактаў паміж творчымі людзьмі. Менавіта тады выпрацоўваецца такая асноўная форма культурнага абмену, як Дні нацыянальных культур, якая функцыянуе па сённяшні дзень.
— Храналогія падзей пасля міленіума...
— У красавіку 2001 года адбыўся дзяржаўны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Кітай, дзе ў выніку Цзян Цзэмінь і Аляксандр Лукашэнка падпісваюць Сумесную дэкларацыю, у якой гаворыцца аб тым, што культурныя ведамствы дзвюх краін будуць падтрымліваць рэгулярныя і пастаянныя кантакты, умацоўваючы ўзаемадзеянне, бесперапынна пашыраючы сферы супрацоўніцтва і напаўняючы яго новым зместам. Чацвёрты па ліку этап так і называецца: “рэгулярных і пастаянных кантактаў ды ўзмацнення ўзаемадзеяння”. І ён вельмі спрыяў двухбаковым культурным ініцыятывам... Пяты этап — этап “стратэгічнага супрацоўніцтва” — распачаўся ў 2006 годзе і доўжыўся ўключна па 2012-ы.
— Якая яго адметнасць і якімі ініцыятывамі пяты этап напаўняўся? Што важнага ў сферы культуры, дзякуючы выпрацаванай стратэгіі, мусіла адбыцца?
— Памятаеце, я гаварыў на пачатку нашай гутаркі пра “мяккую сілу”? Дык вось у студзені 2007 года Старшыня КНР Ху Цзіньтаа на палітбюро ЦК КПК упершыню гэты тэрмін згадвае, а ў ягоным дакладзе на ХVII з’ездзе Кампартыі Кітая тэма “мяккай сілы” афіцыйна ўключаецца ў раздзел, прысвечаны развіццю культуры. І нашы культурныя адносіны сапраўды набываюць характар стратэгічнага супрацоўніцтва ў стылі “мяккай сілы культуры”. На гэтым этапе культурны абмен паступова адыходзіць ад жорсткага дзяржаўнага рэгламентавання ў бок усталявання прамых кантактаў паміж ідэнтычнымі беларускімі і кітайскімі ўстановамі культуры. З’явіўся вопыт культурнага абмену на камерцыйнай аснове. А значыць — новых партнёрскіх форм.
— Барыс Уладзіміравіч, і нарэшце...
— ...Так, шосты па ліку этап — “усебаковага стратэгічнага партнёрства”. Ён з 2013-га актуальны па сёння. Адметны, у прыватнасці, ён тым, што толькі абраны ў сакавіку Старшынёй КНР Сі Цзіньпінь заяўляе: неабходна далей прасоўваць рэформы культурнай сістэмы, будаваць магутную дзяржаву сацыялістычнай культуры. У ліпеньскай Сумеснай дэкларацыі бакі канстатуюць высокі ўзровень адносін і бесперапыннае супрацоўніцтва ў сферы культуры, а таксама пагаджаюцца нарошчваць гуманітарныя сувязі і кантакты па лініі грамадскасці. А ў 2014-м у Пекіне для больш актыўнага прасоўвання палітыкі ўсебаковага стратэгічнага партнёрства распрацоўваецца і дакументальна замацоўваецца механізм яе рэалізацыі. Падпісваецца Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб стварэнні міжурадавага Камітэта па супрацоўніцтве. У яго склад уваходзіць шэраг камісій, сярод якіх — і па супрацоўніцтве ў галіне культуры.
— А якія пагадненні-2015 у кантэксце культурнага абмену былі падпісаны ўжо ў Мінску, у час майскага візіту ў нашу краіну Старшыні КНР Сі Цзіньпіна?
— Дамова аб дружбе і супрацоўніцтве асобна агаворвала неабходныя меры развіцця ўзаемадзеяння ў галіне культуры. У прысутнасці лідараў абедзвюх дзяржаў падпісваецца беларуска-кітайскае міжурадавае пагадненне “Аб узаемным заснаванні культурных цэнтраў”. І ўжо ў студзені 2016-га адбываецца ўрачыстае адкрыццё Кітайскага культурнага цэнтра. А ў маі наступнага года ва ўрачыстай абстаноўцы адчыніў дзверы для наведвальнікаў Цэнтр культуры Беларусі ў Пекіне.
— Пандэмія... Як яна паўплывала на нашы культурныя стасункі з Кітаем?
— У такой сітуацыі ўзнікае рэальная неабходнасць пераходзіць на новыя, віртуальныя формы культурнага абмену. І яшчэ. Магчыма, у гэты няпросты час мы стаім на парозе новага, сёмага этапу “глыбокай трансфармацыі” культурных адносін, які абазначыўся з другой паловы 2021 года, калі ў кітайскіх СМІ з’явілася інфармацыя аб меркаваных вялікіх зменах у сферы культуры гэтай краіны. Той-сёй на Захадзе пачынае нават пагаворваць аб пачатку новай “культурнай рэвалюцыі” ў ёй.
— А што думаеце на гэты конт вы як аналітык?
— На мой жа погляд, новая культурная стратэгія Кітая з’яўляецца эвалюцыйным працягам яго папярэдняй культурнай палітыкі. Гэтая стратэгія ніякім чынам не будзе перашкодай культурнаму абмену, а толькі зблізіць нашы краіны, пра што сведчыць супадзенне беларускай і кітайскай палітычнай рыторыкі па гэтым пытанні. Ідэнтычнасць пазіцыі лідараў Беларусі і Кітая ў пытаннях культуры, знітаваных з паняццем патрыятызму, у каментарах не маюць патрэбы. Адзін толькі прыклад. Выступаючы ўчора перад навукоўцамі, наш Прэзідэнт казаў пра неабходнасць больш шырокага распаўсюджвання і выкарыстання беларускай мовы ў нашай краіне. А кітайскае Выдавецтва літаратуры на замежных мовах ужо падрыхтавала да друку збор твораў Сі Цзіньпіня пад назвай “Аб дзяржаўным кіраванні” на беларускай мове, у стварэнні якога з беларускага боку прымаў удзел у тым ліку і я. Так што традыцыі ў беларуска-кітайскіх культурных адносінах азначаюць перадачу агню, а не пакланенне попелу.