А сутнасць нядаўняга міжнароднага праекта французскай асацыяцыі “Спадчына без межаў” і аддзела культуры Брагінскага райвыканкама заключаецца ў тым, што дзецям з розных краін і гарадоў свету прапанавалі скласці і праілюстраваць казку, галоўным героем якой павінна стаць воблака (а можа, хмара?), што ўтварылася пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Спачатку дзеці разам з дарослымі складалі ды ілюстравалі казку — у малюнках, фатаграфіях, музыцы. Пасля — самі сталі героямі стужкі, якая казку гэтую ўвасобіла. Для стварэння падобных фільмаў на тэрыторыі Беларусі быў выбраны шэраг школ, найперш — у раёнах, што трапілі ў зону найбольшага радыеактыўнага забруджвання (Брагінскі, Чачэрскі, Столінскі і Слаўгарадскі), а таксама некалькі ўстаноў Мінска.
Такім чынам, у межах праекта ў Беларусі было створана 24 фільма-казкі. А ў свеце — 52, бо ўсяго ў праекце прынялі ўдзел школьнікі з 10 краін. Дзеці з Украіны, Расіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, Камеруна, Лівана, Філіпінаў асэнсоўвалі паняцце “экалагічная катастрофа”, а для гэтага распытвалі сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль, разважалі пра радыеактыўную абарону. І, вядома, шукалі, думалі і фантазіравалі, як пераадолець наступствы Чарнобыля. Арганізатары падлічылі, што ў розных краінах у праекце прыняло ўдзел не менш за паўтары тысячы чалавек; толькі ў Беларусі ён рэалізоўваўся цягам двух гадоў.
Летам мінулага года ў Брагіне міжнароднае журы назвала дзевяць фільмаў-пераможцаў. Сярод іх аказаліся два фільмы з Кіева, а таксама сем беларускіх фільмаў-казак: два з ліку апошніх “нарадзіліся” ў Брагінскім РДК, астатнія — у Брагінскай сярэдняй школе, Камарынскім доме дзіцячай творчасці і ў Свенскай сярэдняй школе Слаўгарадскага раёна.
Цікава, што спалучэнне розных відаў мастацтва ў адным выніковым фільме аказалася нечаканым, ды амаль заўсёды — арыгінальным, напрыклад: мастацкае фота — і саломкапляценнне, батык — і літаратурная казка. Прафесія дарослых творцаў, іх захопленасць пэўнай творчасцю карэнным чынам паўплывала на жанр фільма-казкі: напрыклад, адзін з іх пабудаваны на работах, выкананых у жанры выцінанкі, як у вучняў Вячаслава Дубінкі.
Старшыня журы фестывалю Ален Флешэр, вядомы кінарэжысёр, фатограф і пісьменнік, дырэктар Нацыянальнай студыі сучаснага мастацтва Францыі, пад час абмеркавання фільмаў выказаў такую думку: “Пасля кожнага гора, пасля кожнай трагедыі прыходзіць цішыня. Але пазней, услед за цішынёй, прыходзіць мастацтва…” Флешэр быў у такой ступені ўражаны ўбачаным, што вырашыў таксама далучыцца да асэнсавання тэмы і... зняў 20-хвілінны фільм пра гэтыя стужкі, які назваў “Праклятае воблака”. Гледачы “Цэнтральнага”, якія трапілі на заключны этап Міжнароднага фестывалю кінаказак, глядзелі яго ў цішыні, з надзвычайным эмацыянальным напружаннем і вялікай цікавасцю. І дарослыя ўдзельнікі праекта, і дзеці з радасцю пазнавалі фрагменты “сваіх” фільмаў, уважліва асэнсоўвалі ўрыўкі з “чужых”.
Другой, не менш цікавай, часткай сустрэчы сталася прэзентацыя каталога “Раскажы мне, аблачынка…”. Ён выдадзены ў Францыі, змяшчае тэксты на трох мовах — рускай, англійскай і французскай.
Кожнаму фільму, кожнай казцы прысвечана асобная старонка, дзе змешчаны створаныя дзецьмі малюнкі, кароткі змест казкі, прозвішчы ўдзельнікаў праекта. Дызайнам каталога займаўся вядомы мастак Уладзімір Цеслер, які ў якасці своеасаблівага дадатку да яго прапанаваў два DVD-дыскі: на адным сабраны ўсе фільмы-казкі, зробленыя пад час праекта, а на другім — фільм Алена Флешэра. Такія выданні атрымалі ў падарунак усе ўдзельнікі фестывалю, а таксама ўстановы, чые навучэнцы былі заняты ў праекце.
Таццяна МУШЫНСКАЯ