На тэрыторыі Беларусі падчас нацысцкай акупацыі гітлераўцамі былі створаныя каля дзвюх соцень яўрэйскіх гета. Паводле ацэнак даследчыкаў, у часы Халакосту на нашай зямлі нацысцкімі акупантамі і іх памагатымі былі знішчаныя ад шасцісот пяцідзесяці да шасцісот васьмідзесяці тысяч яўрэяў. Прычым у гэты лік уваходзілі не толькі мяс-
цовыя жыхары, але і яўрэі з тэрыторый сучасных Германіі, Аўстрыі і Чэхіі, якіх адмыслова прывозілі сюды для знішчэння.
З ліку ж мясцовых яўрэяў загінула каля дзевяноста працэнтаў той супольнасці, што пражывала ў Беларусі да вайны, і ў агульнай колькасці людскіх страт нашай краіны падчас апошняй вайны яны складаюць траціну. Прытым, што найбольш трагічна ў сэнсе захавання памяці аб ахвярах, калі імёны дэпартаваных у Беларусь заходнееўрапейскіх яўрэяў вядомыя паводле спісаў, якія складаліся падчас іх вывазу, то звесткі аб забітых мясцовых жыхарах нацыстамі ніяк не фіксаваліся, і высветліць іх асабістыя звесткі сёння надзвычай складана.
Падыход акупантаў да арганізацыі масавага знішчэння яўрэяў у розных раёнах Беларусі не быў аднародным. У залежнасці ад тэрытарыяльнага падзелу, уведзенага гітлераўцамі, назіраліся выразныя адрозненні ў сродках “вырашэння яўрэйскага пытання”. Так, калі ў прыфрантавой зоне, у якую ўваходзіла ўсходняя частка Беларусі, яўрэі, як правіла, былі знішчаныя яшчэ ў першыя месяцы вайны, то ў цэнтральнай і заходняй частках краіны, дзе была ўсталяваная цывільная акупацыйная адміністрацыя, яўрэйскія гета дзе-нідзе праіснавалі да канца 1943 года, што тлумачылася магчымасцю выкарыстання іх жыхароў у якасці дармовай рабочай сілы для патрэб нямецкай эканомікі. Разам з тым, варта адзначыць, што не ўсе яўрэі ішлі на смерць пакорліва і безнадзейна — у некаторых гета дзейнічалі падпольныя арганізацыі, якія аказвалі супраціў акупантам, рыхтавалі і ладзілі супраць іх паўстанні — у Беларусі вядомыя дзевяць такіх узброеных выступленняў.
Сёння аб трагедыі беларускага яўрэйства нагадваюць памятныя знакі на месцы пахавання ахвяр гітлераўцаў у сотнях беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак. У мясцінах, дзе некалі пакутавалі вязні гета, зноў кіпіць жыццё, і толькі сціплыя мемарыяльныя шыльды нагадваюць аб трагедыях, якія разгортваліся на гэтых вуліцах. Страшны лёс ахвяр нацызму пераплёўся з гісторыяй нават найвядомейшых сёння помнікаў айчыннай гісторыі і архітэктуры — нацысты некалі стварылі гета ў мурах Мірскага і Косаўскага замкаў, знішчылі ці апаганілі яшчэ многія аб’екты нашай спадчыны. Але працэс вяртання памяці працягваецца — адкрываюцца новыя старонкі гісторыі, з’яўляюцца новыя мемарыялы на месцах трагедый.
ПАЎСОТНІ ТЫСЯЧ
У лістападзе мінулага года прагучала прапанова аб добраўпарадкаванні месца пахавання ахвяр нацызму і стварэнні мемарыяльнага комплексу на Броннай Гары ў Бярозаўскім раёне, дзе ў 1942 годзе былі знішчаныя больш за пяцьдзясят тысяч чалавек, пераважная большасць з якіх былі яўрэямі, — гэта найвялікшае месца масавага знішчэння ахвяр нацызму ў Брэсцкай вобласці. Трагічная мясціна нядаўна атрымала статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання, а цяпер вядзецца выпрацоўка канцэпцыі яе мемарыялізацыі з музеефікацыяй.
Абсталёўваць месца масавага забойства ў лесе ля чыгункі, што вядзе з Мінска да Брэста, пачалі ў маі 1942 года. Для таго, каб хаваць забітых, тут былі выкапаныя восем ямін даўжынёю каля паўсотні метраў, якія абнеслі калючым дротам, — для гэтага немцы прыцягвалі жыхароў навакольных вёсак, па некалькі соцень чалавек, якім казалі, што ў ямінах будуць захоўваць бульбу. Каб паскорыць працэс, для стварэння ямін ужывалі таксама выбуховыя рэчывы. Месца масавых забойстваў і пахаванняў ахвяр размясцілася на плошчы каля шаснаццаці тысяч квадратных метраў.
Улетку і ўвосень 1942-га на Бронную Гару чыгункай дастаўлялі яўрэяў з гета Брэста, Бярозы, Кобрына, Пінска і іншых навакольных мястэчак. Людзей прымушалі распранацца і па калідорах, абнесеных калючым дротам, гналі да ямін, дзе загадвалі класціся на зямлю і расстрэльвалі, зверху клалі наступны шэраг ахвяр — і так да той пары, пакуль яміна не была запоўненая цалкам. Пасля расстрэлаў адзенне і адабраныя рэчы ахвяр грузілі ў вызваленыя вагоны, якія адпраўляліся назад.
На працягу лета і восені 1942 года на Бронную Гару прыбылі шэсць эшалонаў з вязнямі гета розных мястэчак Брэстчыны, а таксама адзін — з вязнямі брэсцкай турмы, сярод якіх былі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, многія людзі паміралі ад невыносных умоў яшчэ падчас транспартавання. Агулам сюды прыбыло сто восемдзесят шэсць вагонаў з вязнямі, і да лістапада 1942 года ў лесе на Броннай Гары было знішчана каля пяцідзесяці тысяч чалавек. Цудам уратавацца падчас расстрэлу ўдалося толькі двум дзясяткам з іх, якім дапамагалі схавацца ад катаў мясцовыя жыхары.
НЯСЦЁРТАЯ ПАМЯЦЬ
Але вось у ходзе вайны наступіў пераломны момант, і акупанты пачалі ўсведамляць, што неўзабаве ім давядзецца адступаць з Беларусі. Сляды злачынстваў, якія раней яны чынілі беспакарана і без усякай думкі пра адплату, цяпер трэба было надзейна схаваць. З гэтай мэтай у сакавіку 1944 года ў рамках так званай “Акцыі 1005” гітлераўцы прыгналі сюды сотню савецкіх ваеннапалонных з лагера, што знаходзіўся непадалёк.
Вязні на працягу двух тыдняў раскопвалі і спальвалі трупы ахвяр, перакладваючы іх бярвеннямі ад разабраных лагерных баракаў. Затым былі расстраляныя і самі выканаўцы гэтай акцыі, а на месцах, дзе былі магілы, гітлераўцы высадзілі дрэвы, каб канчаткова схаваць праўду пра трагедыю, якая тут адбылася. Пасля выгнання нацыстаў з Беларусі, увосень 1944 года на Броннай Гары былі праведзеныя раскопкі, але на месцы колішніх пахаванняў ахвяр у выніку былі знойдзеныя толькі рэшткі касцей, грошы і асабістыя рэчы расстраляных.
Першыя два помнікі ахвярам Броннай Гары былі ўсталяваныя ва ўрочышчы ў 1992 і 1994 гадах. А ў 2007 годзе на месцы масавых забойстваў была адкрытая новая мемарыяльная шыльда з надпісам на чатырох мовах — беларускай, англійскай, іўрыце і ідышы. Неўзабаве на гэтым незабыўным месцы мусіць з’явіцца абноўлены мемарыял, які ў поўнай меры раскрые гісторыю той трагедыі, якая разгарнулася тут восемдзесят год таму.