— Максім Аляксандравіч, якім сёлетні “Лістапад” прыходзіць да сваіх адданых прыхільнікаў — беларускіх гледачоў?
— У гэтым годзе “Лістапад” — пятнаццаты па ліку. Невялічкі, але ўсё ж юбілей, да якога наш фестываль, мушу сказаць, прыйшоў магутным і сур’ёзным кінафорумам, што, з аднаго боку, сфарміраваў за гэты час сваё непаўторнае аблічча, але з іншага — кожны год не перастае па-новаму здзіўляць гледачоў.
З 2000 г. Міжнародны кінафестываль “Лістапад” знаходзіцца пад патранатам Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Штогод пад час адкрыцця і закрыцця фестывалю лепшым кінематаграфістам нашай краіны і свету ўручаюцца спецыяльныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і “За гуманізм і духоўнасць у кіно”, што сведчыць пра галоўны арыенцір “Лістапада”: выхаванне сродкамі кіно маральнасці, духоўнасці, чысціні нашай нацыі.
Старшынёй аргкамітэта — намеснікам Прэм’ер-міністра краіны Аляксандрам Косінцам — была пастаўлена задача пры падборы фільмаў для фестывальнай праграмы максімальна шчыльна працаваць з пасольствамі іншых дзяржаў. З 85 з іх, да якіх мы звярнуліся, на дадзены момант пацвердзілі свой удзел у мінскім кінафоруме амаль 50 краін. Летась гэтая лічба складала 42 краіны. Плануем, што ў гэтым годзе госці і ўдзельнікі фестывалю змогуць паглядзець 150 мастацкіх, дакументальных, тэлевізійных, анімацыйных фільмаў, якія складаюць конкурсную і пазаконкурсную праграмы форуму.
Яшчэ адной характэрнай асаблівасцю фестывалю стала тое, што “Лістапад”, нягледзячы на статус “мінскага”, трывала выйшаў за межы горада і праводзіцца літаральна па ўсёй краіне. Комплекс мерапрыемстваў пад назвай “Рэха “Лістапада”, які ўключае не толькі паказы фільмаў, але і сустрэчы з кінематаграфістамі нашай краіны і замежжа, фотавыстаўкі і шмат што іншае, пройдзе па ўсіх абласцях Беларусі. Усяго ў “Рэху…” задзейнічаны 67 кінатэатраў краіны. І гэта без уліку сталічных — традыцыйна ў кожным з апошніх пад час фестывалю ладзіцца свая насычаная праграма.
Кіно — гэта цэлая падзея!
— Дарэчы, пільная ўвага з боку дзяржавы да кінематографа не абмяжоўваецца адно толькі “Лістападам” і закранае мноства іншых аспектаў развіцця “найважнейшага з мастацтваў” у нашай краіне.
— Вы абсалютна правільна заўважылі, што дзяржава надае вялікую ўвагу самым розным аспектам кінагаліны і спрыяе яе развіццю. Гэта і ўвогуле фестывальны рух, і папулярызацыя беларускага кіно не толькі ў нашай краіне, але і па-за яе межамі. Бо не сакрэт, што ўдзел майстроў беларускага экрана ў міжнародных фестывалях, акрамя іншага, спрыяе і фарміраванню станоўчага іміджа нашай дзяржавы ўвогуле, ствараючы спрыяльныя ўмовы для міжнацыянальнага культурнага дыялога і стымулюючы пазітыўны інтарэс сусветнай супольнасці да нашай дзяржавы. Хачу прывесці такія лічбы: за апошнія два гады нашы кінематаграфісты былі адзначаны 78 узнагародамі на разнастайных міжнародных фестывалях, з іх — 10 першых прэмій. Думаю, гэта нядрэнны вынік і ацэнка дзейнасці за апошнія гады.
Кажучы ж пра фестывальны рух, нельга забывацца, што на Беларусі, акрамя самага буйнога — “Лістапада”, праходзяць Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў — у Брэсце, Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” — у Магілёве і Міжнародны форум экалагічнага кіно “Экафільм”. І ўсе яны ладзяцца на дастаткова высокім узроўні, сведчаннем чаму — актыўны інтарэс да імпрэз нашых замежных калег-кінематаграфістаў. Магчыма, гэта прагучыць крыху нясціпла, але я павінен сказаць, што з арганізацыйнага пункта гледжання нашы фестывалі, і ў прыватнасці — “Лістапад”, вылучаюцца сярод іншых фестываляў на постсавецкай прасторы менавіта сваёй скаардынаванасцю, высокім узроўнем работы з конкурснай і пазаконкурснай праграмамі і як вынік — глядацкай актыўнасцю. На іншых жа міжнародных фестывалях, у прыватнасці, на нядаўнім украінскім “Залатым Брыгу”, які праходзіў на цеплаходзе маршруту “Кіеў — Адэса”, мне даводзілася назіраць за тым, як кінематаграфісты часам настолькі былі заняты ўласнымі асобамі, што… крыху забываліся пра гледачоў…
— Так, вельмі часта сучасныя фестывалі пазіцыянуюць сябе як “карпаратыўныя сустрэчы кінематаграфістаў”, “Лістапад” жа традыцыйна заяўляе, што ягоны галоўны арыенцір і спажывец — глядач. Нездарма сёлета “Рэха “Лістапада”, у параўнанні з мінулым годам, разляцелася нашмат больш шырока. Як, улічваючы мінулагодні вопыт, фарміруецца сёлета яго праграма ў рэгіёнах?— Мушу зазначыць, леташняя спроба вывесці “Лістапад” за межы Мінска аказалася настолькі ўдалай, што ў гэтым годзе мы не толькі замацавалі яе, але, з улікам наяўнага вопыту, паспрабавалі скаардынаваць і як мага больш насыціць самымі рознымі мерапрыемствамі. У кожнай канкрэтнай вобласці праграма фарміравалася разам з абласнымі пракатчыкамі, з улікам спецыфікі і глядацкіх інтарэсаў таго ці іншага рэгіёна: фотавыстаўкі, прысвечаныя кіно, яркія і цікавыя фільмы і, канешне ж, сустрэчы з акцёрамі, рэжысёрамі. Гледачы з задавальненнем адгукаюцца на падобныя мерапрыемствы. Узгадайце, які рэзананс летась выклікаў прыезд у Гомель расійскага акцёра Віктара Сухарукава — для іх гэта была цэлая падзея!
Сёлета мы свядома робім акцэнт менавіта на сваіх, беларускіх, акцёрах і рэжысёрах, і гэта яшчэ адна “рысачка” ў справе папулярызацыі айчыннага кінематографа. Ды — дадатковы стымул да таго, каб людзі ў рэгіёнах не проста ведалі, што беларускае кіно сёння развіваецца ў надзвычай цікавым рэчышчы, і нашы акцёры ды рэжысёры нічым не горшыя ў параўнанні з замежнымі, але і ў будучым свядома сачылі за “сваімі”, чакаючы іх новых роляў і стужак.
Заяўка на перспектыву
— Пра тое, што беларускае кіно сёння “набірае абароты”, сведчыць і сёлетняя праграма “Лістапада”, надзвычай насычаная айчыннымі карцінамі, — такое магутнае прадстаўніцтва на нашым фестывалі мы маем, бадай, упершыню за ўсю яго гісторыю.
— Сёлета Нацыянальная студыя “Беларусьфільм” выставіла ў конкурснай праграме мастацкага кіно стужку Івана Паўлава “На спіне ў чорнага ката”, у дакументалістыцы — “Мама прыйдзе” Галіны Адамовіч, “Заяўка на акрэдытацыю” Сяргея Кацьера, “Сцяжынаю ваўка” Ігара Бышнёва і “Вальс” Валерыя Аслюка. У рамках “Лістападзіка” беларускімі кінематаграфістамі будуць прадстаўлены анімацыйныя фільмы “Аповесць мінулых гадоў-3”, “Лягушка-падарожніца” і “Несцерка-3”. Упершыню ў конкурснай праграме з’явяцца тэлевізійныя фільмы, сярод якіх — нашы “Цень самурая” Ігара Чацверыкова, “Пакуль мы жывыя” Сяргея Сычова, “Рыфмуецца з любоўю” Аляксандра Яфрэмава і сумесная расійска-беларуская стужка “У чэрвені 41-ага” Аляксандра Франскевіча-Лайе. Акрамя таго, у пазаконкурсных і рэтраспектыўных паказах будуць дэманстравацца фільмы “Шчыт Айчыны” Дзяніса Скварцова, “Зграя” Дзмітрыя Зайцава, “Маленькі баец” Маргарыты Касымавай і “Гэты нягоднік Сідараў” Валянціна Горлава.
Прыемна, што сёлета “Беларусьфільм” прадстаўляе такі багаты спектр сваіх фільмаў, і гэта прытым, што на самой кінастудыі цяпер ідзе маштабная рэканструкцыя, мадэрнізацыя вытворчасці з закупкай новага абсталявання, абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы. Як жа тут яшчэ раз не згадаць пра каласальную падтрымку беларускага кінематографа з боку дзяржавы і пра тое, што Прэзідэнт нашай краіны вялікую ўвагу надае развіццю ў нас кінаіндустрыі: за апошнія гады мы маем стабільнае дзяржаўнае фінансаванне фільмаў. Сумы, якія на гэта выдаткоўваюцца, узраслі сёння больш чым у два з паловай разы.
Кінастудыі, да таго ж, спісаны даўгі за мінулыя гады, прадстаўлены шэраг мытных падатковых прэферэнцый і шмат што яшчэ.
Таму дзяржава мае права разлічваць і на адпаведную аддачу.
Калі неўзабаве завершыцца рэканструкцыя кінастудыі, чаго мы ўсе з нецярплівасцю чакаем, то будзем мець абсалютна новую базу — і творчую, і тэхнічную. Тады зможам запрасіць да сябе на працу спецыялістаў любога ўзроўню. Нам часта задаюць пытанне адносна кадравага патэнцыялу і прыцягнення ў беларускае кіно маладых спецыялістаў, якія ёсць і сярод выпускнікоў нашай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і ў кінематаграфічных ВНУМасквы і Санкт-Пецярбурга. І сёння яны практычна ў адзін голас кажуць, што згодны працаваць на нашых кінапрадпрыемствах: на “Беларусьфільме”, у “Беларускім відэацэнтры”. Іншая справа, што сама наша кінаіндустрыя павінна быць для маладых спецыялістаў прывабнай — забяспечваць не разавую працу, а цыклічную занятасць тых жа акцёраў, рэжысёраў, сцэнарыстаў, каб не здарылася так: зняў рэжысёр сваю дэбютную карціну, а далей — прастой. Ну, і каб, адпаведна, годная зарплата была, забяспечанасць жыллём. Тут гаворка пра цэлы комплекс мерапрыемстваў. Бо не сакрэт: для новага кіно мала адно толькі новых тэхналогій — неабходны яшчэ і новыя, творча настроеныя кадры.
— Сёлета ўпершыню ў гісторыі “Лістапада” пройдзе асобны конкурс тэлефільмаў. Наколькі, на вашу думку, гэты накірунак экраннага мастацтва сёння перспектыўны як з эканамічнага пункта гледжання, так і выключна са “спажывецкага”?— Вельмі перспектыўны, бо адкрывае і для кінавытворцаў дадатковыя рэзервы, і гледачу дае магчымасць глядзець улюбёныя фільмы і па тэлебачанні, і ў кінатэатрах. Нядаўні прыклад — прэзентацыя фільма “На спіне ў чорнага ката”, якая з вялікім поспехам прайшла ў час “Славянскага базару ў Віцебску”. Нягледзячы на тое, што тэлепрэм’ера адбылася раней, віцебскія гледачы з задавальненнем прыйшлі ў абноўлены, адрамантаваны Дом кіно для таго, каб сустрэцца з творчай групай фільма, ды і саму стужку паглядзець на вялікім экране. Хаця часта даводзіцца чуць, у тым ліку, дарэчы, і ад пракатчыкаў, што пасля паказу фільма па тэлебачанні гледачы ўжо не захочуць ісці ў кінатэатры. Але ж яны ідуць! Бо паход у кінатэатр — гэта, па сутнасці, выхад у свет, нагода для таго, каб сустрэцца з сябрамі, падзяліцца сваімі ўражаннямі аб убачаным, магчыма, падыскутаваць, адным словам, — акт культурнага далучэння да экраннага мастацтва.
Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА