— Узнагарода, канечне, стала нагодай для радасці за людзей, адданых сваёй справе. Калі робіш нешта на душэўным уздыме, не чакаеш нічога ўзамен. Але такая высокая ацэнка заахвочвае да далейшай дзейнасці, — кажа намесніца старшыні аб’яднання Ганна Харута. — Нашы актывісты працуюць нават у выхадныя і святы. Прычына ў тым, што мы атрымалі непрыемны імпульс у 2020 годзе і вельмі баяліся страціць любімую краіну. Хвалюемся за яе лёс дагэтуль, таму не шкадуем часу і сіл на патрыятычныя і дабрачынныя праекты.
Патрыятычны рух паўстаў з невялікай групы аднадумцаў, згадвае Ганна. У неспакойным жніўні 2020 года сустрэліся блізкія па духу асобы, якія выступалі за парадак і згоду ў грамадстве. Разам вырашылі адправіцца ў першы аўтапрабег «За адзіную Беларусь!». Гэтай акцыяй хацелі згуртаваць суайчыннікаў вакол гераічнай гісторыі краіны і зыходзячы з мэты складалі першыя маршруты. Яны пралягалі праз памятныя мясціны — Брэсцкую крэпасць, мемарыялы ў Трасцянцы і Хатыні. З кожным тыднем да калоны далучалася ўсё больш людзей, якія шануюць мінуўшчыну і імкнуцца захаваць супакой на роднай зямлі.
Самай маштабнай сталася рэспубліканская акцыя «Сімвал адзінства» ў верасні мінулага года. Маршрут аўтапрабегу да Дня народнага адзінства пачаўся ў Брэсцкай крэпасці, прайшоў праз усе 118 раёнаў краіны і завяршыўся ля Кургана Славы. У кожным рэгіёне ўдзельнікі наведалі знакавыя гістарычныя месцы і буйныя прадпрыемствы.
— Нам хацелася паказаць усю прыгажосць Беларусі. Прызнаюся, многія пункты для мяне самой былі адкрыццём. На ўсім шляху, які расцягнуўся прыкладна на 6,5 тысяч кіламетраў, я бачыла захапленне ўдзельнікаў, — кажа Ганна Харута. — Асабліва ўразілі сваім каларытам аддаленыя ад сталіцы куточкі. І галоўнай іх славутасцю лічу шчырых і патрыятычных людзей. Размовы з імі шмат што могуць адкрыць мінчанам, якія пра некаторыя важныя рэчы нават не задумваюцца. Пасля аўтапрабегаў упэўніліся: наш народ добразычлівы, шчыры і адкрыты.
Паездкі па краіне натхнілі «Патрыётаў Беларусі» на новыя праекты па папулярызацыі гісторыі і ўшанаванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета аб’яднанне пачне ўсталёўваць на ўсіх мемарыялах краіны (іх каля 44 тысяч) шыльды з QR-кодамі. Ахвотныя змогуць адсканаваць знак пры дапамозе смартфона і атрымаць інфармацыю пра помнік. У аўдыяроліках, запісаных вядомымі акцёрамі, аповед будзе весціся ад імя сведак ваенных падзей. Напрыклад, наведвальнікі мемарыяла ў Хатыні пачуюць успаміны Іосіфа Камінскага — адзінага дарослага вяскоўца, які застаўся жывым. Такім чынам «Патрыёты Беларусі» далучацца да адзначэння Года гістарычнай памяці.
Данііл ШЭЙКА