Безумоўна, пры вялікім старанні можна і бібліятэкара адшукаць, які не ведае імя па бацьку Васіля Быкава, не вельмі арыентуецца ў літаратуры срэбранага і залатога вякоў ды ад нараджэння не мае артыстычнага таленту, без якога чытацкае кола павялічыць амаль немагчыма. Але не будзем гаварыць сёння пра выключэнні. Чаго я чакаю ад клубнікаў у прасторы “Люднага месца”? Гаворкі пра метадычную падтрымку раённых і абласных службаў. Што ў ёй лішняе, а чаго не стае? Аналізу праектнай дзейнасці. Якіх вынікаў яна дапамагла дабіцца? Ацэнкі ўзаемадзеяння са школай, сельсаветам, бібліятэкай… Ці не замінае гуртковая дзейнасць мясцовай школы рабоце гурткоў сельскага клуба? Мо сапраўды хто раззлуецца і напіша ліст не пра назвы клубных акцый, а пра іх сутнасць? А пакуль чытаем тое, што ёсць.
Адна з самых, бадай, важных навін на сёння. Напрыканцы мінулага года ў Палацы мастацтваў Бабруйска былі ўзнагароджаны творча адораныя людзі з інваліднасцю. “Конкурс “Мы шукаем таленты”, — піша метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Алена Захарава, — арганізавалі наша ўстанова і гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў намінацыях “Вакал-сола”, “Вакальны ансамбль”, “ Харэаграфія”, “Мастацкае чытанне”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. На мой погляд, вось такімі павінны быць клубныя праекты: сацыяльна значнымі, доўгатэрміновымі, скіраванымі на творчы рост асобы.
А вось праекты бібліятэчныя. Метадысты інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра хлеб ядуць, відаць, не дарма: правялі семінар “Публічная бібліятэка сёння: выклікі часу, стратэгія дзейнасці”. Канкрэтыка крэатыўнай тэхналогіі такая: бібліятэкар Азёрскай сельскай бібліятэкі Інэса Васілевіч распавяла пра сваю работу ў сацыяльных сетках, у выніку чытачы прыходзяць па кнігі, якія ўбачылі ў Інстаграме, а таксама павялічылася колькасць кніжных дарэнняў ад вяскоўцаў. Далей гаворка вядзецца пра ўзаемадзеянне Верцялішкаўскай СБ з мясцовым сельгасвытворчым кааператывам і пра новыя тэхналогіі бібліятэчнай дзейнасці ў Путрышкаўскай сельскай бібліятэцы. А вось што за ўзаемадзеянне наладжана і якія канкрэтна тэхналогіі выкарыстоўваюцца, метадысты так і не патлумачылі. Толькі падражнілі, што называецца. Весці гаворку пра галоўнае, а не другаснае таксама трэба ўмець. Гэта што тычыцца якаснай самарэкламы, на якую таксама ў нас дэфіцыт.
Дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Дзмітрый Арцюх ведае, як падаць сваю ўстанову. Ягоныя падначаленыя пішуць на наш адрас пастаянна і заўжды па справе, а сам музейны кіраўнік пастаянна цікавіцца лёсам допісаў. Супакойцеся, спадар Дзмітрый, лісты з музея друкуем пастаянна. Гэтым разам расповед вядзецца пра выставу “Арт-Ёлка-2022”. Да гэтай падзеі, кажа Дзмітрый Арцюх, падрыхтоўка вялася амаль год: ладзіўся конкурс, на якім было адабрана каля 60 дызайнерскіх ёлак. Самая арыгінальная зроблена на мясцовым ільнозаводзе. Яна, натуральна, з ільну.
І яшчэ адна навіна з Карэлічаў. У раённым цэнтры культуры сабраліся прыхільнікі музычных хітоў 90-х. Мясцовыя артысты выканалі кавер-версіі знаёмых песень, слухачы з гледачамі віталі іх стоячы. Лепшай ацэнкі творчых старанняў і быць не можа.
На сцэне вялікай залы Лідскага палаца культуры прайшоў канцэрт з нагоды 60-годдзя з дня стварэння аднаго са старэйшых творчых калектываў раёна “Лідчанка”. Кіраўнік — Вольга Сяргеева. Цяпер ансамбль песні і танца — народны. Гастраляваў ён у Італіі, Польшчы, Чэхіі, Азербайджане, Расіі і Літве.
І чарговая ёмістая бібліятэчная падборка. Зноў Ліда. Але райбібліятэка імя Янкі Купалы. Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу, паведамляе: “У дзіцячай бібліятэцы прайшло свята падзякі лепшым чытачам. А гэта сям’я Кавальскіх (Мілена, Яраслаў і Мацвей), Кацярына Гоман, Аляксандра Банцэвіч, Марк Пыж’янаў!” Малайчына, Кацярына Сандакова і яе калегі! Усё так проста: каб бібліятэкара любілі, трэба паважаць чытача! Першы раз уразіўся ад гэтай высновы, калі пабачыў галерэю партрэтаў лепшых чытачоў у дзіцячай бібліятэцы Бешанковічаў. Іншых праяў такой любові не сустракаў. А шкада.
Распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі Вольга Жых: “Чатыры бібліятэчныя праекты скіраваны на тое, каб выклікаць цікавасць да чытання і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Традыцыйнымі сталі на нашым сайце відэаагляды кніжных навінак. Юныя чытачы сталі вядучымі рубрык, прысвечаных братам нашым меншым. Цыкл леташніх відэасустрэч называўся “Вусы, лапы, хвост…”. Горача вітаю ўсё, што звязана з чытаннем і катамі! Памятаю, чытаю на печы, а побач кот Пецька хуркае. А за вакном снежная бясконцая завея. Утульна!
Ліст з Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Загадчык аддзела інфармацыі і абслугоўвання Алена Якаўчык распавяла пра ўрачыстасці з нагоды 80-гадовага юбілею зямлячкі і пісьменніцы Алены Абрамчык. Алена Рыгораўна жыве і працуе ў Дзятлаве, з’яўляецца старшым навуковым супрацоўнікам мясцовага краязнаўчага музея. На яе творчым рахунку вершы, аповесць, публіцыстыка.
Дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў Алена Садоўнічая піша пра акцыю “Старыя традыцыі вечна маладыя”. Праект сабраў разам самых таленавітых жыхароў раёна. Такім чынам рэалізоўваецца праграма трансгранічнага супрацоўніцтва Польшчы, Беларусі і Украіны, мацуюцца стасункі Мастоў і муніцыпалітэта Чарна Беластоцкая. Тэма апошняга майстар-класа прысвячалася адраджэнню беларускіх традыцыйных прадметаў побыту. Дзесяць майстроў Мастоўшчыны і Гродна прадэманстравалі ўзоры травапляцення, падвойнага ткацтва, лялек-абярэгаў…
А напрыканцы — ліст метадыста Смаргонскага раённага цэнтра культуры Вольгі Крывянковай. Днямі мясцовыя клубнікі рыхтаваліся да дзвюх падзей. Да творчай вечарыны “Хвіліны творчага натхнення”, прысвечанай творчасці земляка, мастака і скульптара Уладзіміра Церабуна. Другое мерапрыемства — канцэрт эстраднай студыі “Міраж” РЦК. Вельмі спадзяюся, што абедзве творчыя акцыі надоўга застануцца ў памяці наведвальнікаў. Дзеля гэтага, уласна кажучы, і працуем!