Рэгімантас АДАМАЙЦІС, народны артыст Літвы і СССР: “Роля Казановы — мне блізкая”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Рэгімантас Адамайціс мае шмат ганаровых званняў, ён — народны артыст СССР і Літвы, кавалер Ганаровага ордэна Гедэмінаса ІІІ ступені... Заўсёды, калі яго запрашаюць у Мінск на кінафестываль “Лістапад”, акцёр з задавальненнем наведвае наш кінафорум.

 /i/content/pi/cult/183/1873/Adamajcis.jpg
Цяпер, як распавёў у
гутарцы карэспандэнту “К” Рэгімантас АДАМАЙЦІС, ён заняты ў вільнюскім тэатры “Даміно”, дзе іграе Казанову — сталага чалавека, занятага роздумамі пра сэнс жыцця. Гэтая роля, кажа акцёр, яму даспадобы, бо ў нечым персанаж падобны на яго самога. Але пачалі мы гутарку, вядома, з апошніх кінаўражанняў артыста.

— На жаль, я не надта знаёмы з апошнімі кінаработамі. Адной з магчымасцей паглядзець, што робіцца ў гэтай галіне, з’яўляюцца фестывалі накшталт “Лістапада”. Шчыра кажучы, я не ў курсе новых кінематаграфічных з’яў. Тым не менш, зазначу: мне вельмі прыемна, што ў вас рэгулярна праводзіцца гэты фэст. І хоць я прыеду не на ўвесь тэрмін “Лістапада”, спадзяюся, мне выпадзе шанц пабачыць нямала цікавага і адметнага.
— Цікава даведацца, які ваш самы любімы фільм з ліку тых, дзе давялося сыграць?

— Усё ж, напэўна, адзін з першых фільмаў, дзе я здымаўся ў 1966 годзе, — “Ніхто не хацеў паміраць”. Ён і застаўся любімым. У розны час я выконваў ролі і сур’ёзных людзей, і не надта. Мне ўдалося папрацаваць і ў камічным жанры: фільм “Трэст, які лопнуў”, дзе ў дуэце з Мікалаем Карачанцавым выконвалі ролі няўдачлівых жулікаў. Гэта было цікава.

— Цяпер многія адзначаюць тэндэнцыю, калі на экраны трапляе вельмі шмат жорсткасці. Як вы ставіцеся да гэтай праблемы?

— Вядома, мне гэтая тэндэнцыя таксама не даспадобы. І ўсё ж ствараюцца ў Беларусі, у Расіі ды іншых краінах карціны, якія больш распавядаюць пра чалавека, прыгажосць яго ўнутранага свету. Я жадаю кінематаграфістам Беларусі, каб, перш за ўсё, яны мелі магчымасць здымаць — гэта значыць, мець сродкі на стварэнне фільмаў: усё ж кіно без грошай не зрабіць. І, па-другое, каб беларускія кінатворцы браліся за тэмы, якія іх саміх хвалююць, якія ім самім цікавыя. Гэта самае галоўнае.

— Ці ёсць ролі, якія марыце выканаць?

— Ведаеце, я ўжо даўно не мару пра нейкія канкрэтныя ролі. Бо разумею: усё залежыць ад таго, ці запросяць цябе. Каліж мне прапануюць штосьці цікавае, — я, безумоўна, пагаджуся. Вось роля Казановы, якую цяпер выконваю ў тэатры, надзвычай блізкая мне, бо маю ўжо больш за 70 гадоў... І цяжка вызначыць, што гэта за п’еса, які яе жанр — прытча, камедыя, гратэск?..

— Вялікі дзякуй за размову. Жадаем вам поспеху ва ўсіх справах, жаданых роляў ды натхнення!

Наталля БАДЗІЛОЎСКАЯ