Святлана ДРУЖЫНІНА, народная артыстка Расіі: “Чалавецтва не можа без рамантыкі!“

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Святлана ДРУЖЫНІНА пазалетась ужо ўзначальвала журы кінематаграфістаў мінскага кінафестывалю. Сёлета народная артыстка Расіі, акадэмік Пятроўскай акадэміі навук і мастацтва, знакаміты рэжысёр і актрыса другі раз возьме на сябе пачэсны абавязак — кіраваць журы прафесіяналаў “Лістапада”.

 /i/content/pi/cult/183/1871/Druzhynina.jpg
— Шчыра кажучы, мне больш хацелася б прадставіць сваё кіно і паглядзець Беларусь, — прызналася яна карэспандэнту “К” у тэлефоннай размове. — Пабачыць Мінск, беларускія мястэчкі, пагутарыць з гледачамі, пацікавіцца іх рэакцыяй на сваю карціну... Але трэба будзе “журыць”, пакідаючы кіназалу толькі позна ўвечары. Быць старшынёй журы — гэта вельмі адказная праца: прагледзець усе стужкі кінафоруму, а іх — дзесяткі, абмеркаваць іх, і зрабіць так, каб усё было справядліва і нікому не стала крыўдна.

Памятаю, калі была старшынёй журы ў мінулы раз, глядзела ўсе карціны, як ненармальная. Мінск бачыла толькі раніцай ці позна ўвечары. Аднак не магла не заўважыць, які ў вас дагледжаны горад. Усё мяне тады парадавала: і праграма фестывалю, і атмасфера “Лістапада”, і горад, але сёлета, спадзяюся, здолею ўбачыць болей. Хочацца ўбачыць вашу сталіцу не толькі з вокнаў гасцінічнага нумара.

— Спадзяёмся на гэта і мы. Але як старшыню журы не магу не спытацць пра вашы крытэрыі ацэнкі кіно. Вы жорсткі суддзя?

— Так. Але дакладней — суддзя аб’ектыўны: буду судзіць абавязкова з прафесійнага пункта погляду і па маральных якасцях. Не люблю разбуральныя карціны. Мне даспадобы стваральныя стужкі, бо сама раблю такое кіно. Звяртаю ўвагу на ўстаноўкі рэжысёра: ці напалохаць, разбураць, ці даць надзею, магчымасць паверыць нават насуперак цяжкасцям. Гэты крытэрый для мяне з’яўляецца істотным.

— Ведаю, што на “Лістападзе” вы будзеце і ў якасці рэжысёра...

— Так, я вязу сваю карціну, але як старшыня журы я не маю права ўдзельнічаць у конкурсе. Таму мая стужка “Віват, Ганна!” будзе паказана ў пазаконкурснай праграме. Гэта сёмы і восьмы фільмы серыяла “Тайны палацавых пераваротаў”, з’яднаныя ў адну карціну. Зазначу, што ў Мінск прыедзе першая і адзіная копія фільма, якую прадстаўляе мне Дзяржкіно. Па ўсіх фестывалях я езджу з ёй, як котка з кацяняткам.

— Святлана Сяргееўна, пасля “Гардэмарынаў” вас называюць апошнім рамантыкам расійскага кіно. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Я не надаю ўвагі таму, як мяне называюць. Але магу прызнацца, што ў апошняй стужцы “Віват, Ганна!” будзе прысутнічаць тая рамантычная інтанацыя “Гардэмарынаў”, якую так любяць гледачы. А што наконт рамантыкі ўвогуле…

— Ці ёсць, дарэчы, месца для яе ў сучаснасці і, адпаведна, у сучасным кінематографе?

— Ёсць — заўжды, пакуль ёсць жыццё. Рамантыка адпавядае юнацтву, маладосці — як фізічнай, так і душэўнай. Кожны з нас перажываў той перыяд, калі мы былі поўныя надзей, узнёсласці, юнацтва, упэўненасці, што ўсё-ўсё збудзецца. Чалавецтва не можа без рамантыкі!

Іншая справа — хто з рэжысёраў возьмецца за гэтую тэму, каму яна цікавая, хто прагне паказаць гэты ўзнёслы стан душы. Калі ёсць такія рэжысёры — значыць, жыве і рамантычнае кіно. Адказ на гэтае пытанне, як бачыце, вельмі просты.