Уладзімір МАТВЕЙЧУК, міністр культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Арганізацыйнага камітэта XV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”: “Такі ён, наш стратэгічны шлях да сэрца гледача”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Нягледзячы на свой “падлеткавы” век (як-ніяк, пятнаццаць гадоў), Мінскі міжнародны фестываль “Лістапад” даўно займеў сур’ёзнае і рэспектабельнае аблічча, трывала заняў пачэснае месца ў ліку найпрэстыжнейшых еўрапейскіх кінафорумаў. І захаваў пры гэтым уменне не старэць — наадварот: штогод фестываль прырастае новымі імпэтнымі задумамі і павялічвае сваю аўдыторыю. У чым сакрэт і квінтэсенцыя яго поспеху? Менавіта з гэтага пытання пачалася гутарка карэспандэнта “К” з намеснікам старшыні Аргкамітэта па правядзенні фестывалю “Лістапад”, міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам МАТВЕЙЧУКОМ.

 /i/content/pi/cult/183/1867/Matvejchuk.jpg
— Сакрэтаў тут ніякіх няма. Бо асаблівае стаўленне да культуры з боку беларускай дзяржавы і яе Кіраўніка Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ні для кога таямніцай ужо не з’яўляецца. Маштабны ўзровень, які набыў кінафестываль “Лістапад”, стаў прамым вынікам мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне. І — яшчэ адным сведчаннем яе плённасці і эфектыўнасці.

Перакананы, што без увагі і падтрымкі дзяржавы “Лістападу” ніколі б не ўдалося ўзняцца так высока. Усім вядома асаблівае стаўленне да форуму Прэзідэнта краіны, які заснаваў спецыяльныя прызы “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. А ці шмат у свеце ёсць кінафестываляў, аргкамітэт якіх узначальвае віцэ-прэм’ер Урада? Той факт, што падрыхтоўку і правядзенне “Лістапада” асабіста каардынуе намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Косінец, з яго папраўдзе неардынарнымі арганізатарскімі здольнасцямі, — гэта, неаспрэчна, адзін з важных складнікаў поспеху фестывалю. Як і тая велізарная праца, якую праводзіць Мінскі гарвыканкам — гасцінны гаспадар кінафоруму.

— Галоўнай інавацыяй мінулага “Лістапада” стала пашырэнне яго геаграфічных межаў — фестывальныя мерапрыемствы пракаціліся, не раўнуючы, па ўсёй краіне. Ці спраўдзіліся чаканні адносна гэтай ініцыятывы, і ці наканавана ёй стаць традыцыяй?

— Поспех любой задумы абумоўлены яе ажыццяўленнем. І паколькі кінапракатныя прадпрыемствы ўсёй краіны паставіліся да арганізацыі фестывальных мерапрыемстваў у сваіх рэгіёнах не фармальна, а сапраўды адказна і сумленна, вынікі гэтай ініцыятывы не толькі спраўдзілі ўсе чаканні, але нават іх у нечым пераўзыйшлі. А за тое, каб яна стала традыцыяй, летась “прагаласавалі” самі гледачы з розных куткоў Беларусі: залы пад час кінапаказаў і іншых імпрэз “Лістапада” збіралі аншлагі.

Таму сёлета арэал фестывалю таксама не абмяжоўваецца адным толькі Мінскам, больш за тое — праграма ў рэгіёнах будзе яшчэ больш насычанай. Прычым вызначальнае слова ў яе фарміраванні сказалі менавіта рэгіянальныя пракатчыкі: хто, як не яны, ведаюць упадабанні сваіх гледачоў?

Зрэшты, нельга не адзначыць і пашырэнне межаў тэматычных. Летась у праграме фестывалю з’явіўся конкурс неігравога кіно, сёлета — тэлевізійных фільмаў...

— Так, фестываль пашырае свае тэрыторыі не толькі ў геаграфічным плане. Крыўдна, што раней па-за рамкамі “Лістапада” заставаліся многія важныя падзеі ў свеце кіно. Таму рашэнне выправіць гэтую несправядлівасць лічу цалкам заканамерным. Развіццё тэлебачання, асабліва прыкметнае на постсавецкай прасторы і, у тым ліку, у нашай краіне, спараджае цікавыя феномены ў справе кінавытворчасці, вартыя таго, каб ім прысвяціць асобную праграму фестывалю. А беларуская школа дакументальнага кіно мае вядомасць далёка за межамі нашай краіны і можа з гонарам яе прадставіць у “абойме” міжнароднага конкурсу на такім прэстыжным форуме, як “Лістапад”. Фестываль дзіцячых фільмаў “Лістападзік”, які сёлета будзе праведзены дзесяты раз, ужо “прыжыўся”, заняў сваё трывалае месца ў праграме “Лістапада”, стабільна мае шматаблічную аўдыторыю. І спадзяюся, што такі самы лёс чакае і новыя праграмы фестывалю.

— Але ж галоўная ўвага аўдыторыі, мусіць, будзе нададзена асноўнай праграме “Лістапада” — тым болей, сёлета яна насычана самымі гучнымі прэм’ерамі сусветнага фестывальнага кіно апошніх гадоў…

— Сапраўды, якасны ўзровень форуму год ад года расце, і гэта таксама, безумоўна, спрыяе яго прэстыжу. Варта адзначыць, што, апрача гучных прэм’ер, праграма “Лістапада” дае беларускаму гледачу унікальную магчымасць пазнаёміцца з кінематографам тых краін, якія прадстаўлены на міжнародным кінарынку пакуль што не так шырока, як сусветныя лідэры. Дзе яшчэ ў нас можна ўбачыць фільмы, зробленыя кінематаграфістамі Балгарыі, Кыргызстана, Эстоніі, Арменіі? І гэта таксама немалаважны аспект мінскага кінафестывалю. Сёлета на ім прадстаўлена паўсотні краін, прычым, да прыкладу, Нарвегія і Мексіка бяруць удзел у “Лістападзе” ўпершыню. А Венесуэла дэбютуе ў конкурснай праграме. У гэтыя дні ў Мінску наладжваюцца новыя міжнародныя сувязі, а жыхары розных кантынентаў атрымліваюць магчымасць больш даведацца адзін пра аднаго, пераадольваючы вялікія геаграфічныя адлегласці. Можна сказаць, што “культурная палітыка” фестывалю “Лістапад” адлюстроўвае знешнюю палітыку нашай краіны, яе шматвектарнасць, жаданне наладжваць сяброўскіястасункі з усімі дзяржавамі.

— Фестываль — гэта свята, а святы заўсёды заканчваюцца. На вашу думку, ці вызначае фестываль паўсядзённы рытм жыцця беларускага кіно?

— Ён робіць гэты рытм хутчэйшым і здаравейшым. Таму фестываль для беларускіх кінематаграфістаў — не толькі свята, але і зарад для далейшай паўсядзённай працы, стымул для самаўдасканалення. У праграме “Лістапада” айчынныя стужкі суседнічаюць з фільмамі класікаў сусветнага кіно, іх ацэньвае прадстаўнічае міжнароднае журы. Слова калег для прафесіяналаў заўсёды вельмі важнае, і атмасфера сяброўскага творчага спаборніцтва, якая, без сумневу, прысутнічае на фестывалі, — урадлівая глеба для новых парасткаў на ніве айчыннага кіно. Я ўжо не кажу пра тое, што праграма форуму прадугледжвае майстар-класы, сустрэчы са знакавымі кінаперсонамі. Абмен досведам, наладжванне карысных кантактаў — гэта важны аспект любога буйнога міжнароднага фестывалю, і “Лістапад”, вядома ж, не выключэнне.

Пад час наведвання шматзальнага кінатэатра “Беларусь” у верасні гэтага года Кіраўнік дзяржавы паставіў перад кінагаліной краіны стратэгічныя задачы, галоўная з якіх — стварыць канкурэнтаздольны і рэнтабельны прадукт, здатны пахіснуць лідэрства замежных стужак у нашым пракаце. Хочацца верыць, што ўжо неўзабаве беларускія фільмы будуць браць галоўныя прызы фестывалю, — а іх уладальнікаў, паводле добрай “лістападаўскай” традыцыі, вызначаюць менавіта гледачы.

Дзяржава, са свайго боку, стварае для такіх прарываў належную глебу: паглядзіце, колькі сродкаў укладаецца сёння ў мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”! Ужо вельмі хутка яна будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням, каб нашы кінематаграфісты не пачуваліся абдзеленымі ні ў чым. Спадзяюся, што пазбавіўшы беларускае кіно вытворчых праблем, дзяржава адкрые яму шлях да новых вяршынь — і, адначасова, да сэрцаў гледачоў.

 

Фота Юрыя ІВАНОВА