Хто трапіў у каталог электроннай “спадчыны”?

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Клопат культасветнікаў Буда-Кашалёўскага раёна шматстайны. Тут і рупнае зберажэнне спадчыны продкаў праз абласнога маштабу семінар “Бібліятэчнае краязнаўства як фактар павышэння культурнага патэнцыялу краю”. Немалая ўвага надаецца рамонту ды паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. Толькі за гэтую камандзіроўку карэспандэнт “К” пабачыў некалькі рамонтаў, якія ўжо набліжаюцца да завяршэння. Дбаюць тут і пра духоўнае ўзбагачэнне будакашалёўцаў: у райцэнтры працуе карцінная галерэя. Таму і адказнасць у кіраўнікоў раёна загоднае правядзенне культасветработы вельмі вялікая.

Творчы аспект — падмурак для фінансавага выніку

Карэспандэнту “К” дала інтэрв’ю в.а. начальніка аддзела культуры Буда-Кашалёўскага райвыканкама Святлана ВІНАТОЎСКАЯ.

У сучасным грамадстве штогод узрастае сацыяльная роля музеяў, — зазначыла Святлана Генрыхаўна. — Радаснай і значнай падзеяй для нашага раёна стала доўгачаканае адкрыццё летась на Дзень горада, які адзначаецца 25 жніўня, карціннай галерэі, названай іменем нашага земляка Яўсея Маісеенкі. Падаецца, прайшло крыху больш за год, а галерэю ўжо наведалі некалькі тысяч чалавек! За гэты час экспазіцыі змяняліся неаднойчы. На сродкі, сабраныя ад суботнікаў, была складзена праектна-каштарысная дакументацыя на стварэнне гісторыка-краязнаўчага музея. Па хадайніцтве аддзела культуры райвыканкама першапачаткова было выдзелена 100 мільёнаў рублёў для завяршэння першага этапа работ. Рэканструкцыя будынка і збор сродкаў вядуцца і цяпер.

— У духоўным ды інтэлектуальным развіцці краю вялікая роля належыць бібліятэкам, ці не так?

— Безумоўна. На тэрыторыі раёна маем 37 бібліятэк. Амаль усе яны працуюць у сельскай мясцовасці. А паслугамі нашых устаноў карыстаецца 21 тысяча чытачоў. Хацелася б адзначыць, што ў апошні час пазітыўна змянілася стаўленне да камплектавання фондаў і фінансавання бібліятэк. Год таму на гэтыя патрэбы было выдаткавана больш за 200 мільёнаў рублёў. Мы не маем праблем у сродках на падпісныя выданні. Дый на закупку літаратуры райвыканкам выдзяляе дастаткова сродкаў. Калі ў канкрэтных лічбах, то кожная з бібліятэк атрымлівае прыкладна па 300 асобнікаў.

Папаўняецца таксама электронная база даных “Спадчына”. У ёй ужо маюцца звесткі пра 167 знакамітых асоб і помнікі нашага раёна. Правялі мы і раённыя агляды-конкурсы сярод бібліятэк: лепшай супрацоўніцай па выніках мінулага года стала Галіна Цілігузава з Крыўскай сельскай бібліятэкі, а лепшай бібліятэкай прызнана цэнтральная раённая.— Адной з асноў культасветработы, Святлана Генрыхаўна, з’яўляецца развіццё клубнай сістэмы...

— Маем 28 клубаў, і ўсе, апроч аднаго, знаходзяцца ў вёсках. Праводзім конкурсы і фестывалі, мэта якіх — павышэнне і развіццё творчага патэнцыялу ўдзельнікаў самадзейнасці і прафесійных калектываў. Напрыклад, пераможцы раённага конкурсу культарганізатараў з Шырокаўскага і Рогінскага сельскіх дамоў культуры ўжо ўдзельнічалі ў абласным аглядзе-конкурсе. Народны калектыў “Калініца” ездзіў у Светлагорск на конкурс народнай песні і ўвайшоў у пяцёрку найлепшых. У абласным аглядзе ўдзельнічала Таццяна Маскалюк, якая стала “Майстрам-метадыстам года”, атрымаўшы перамогу ў намінацыі “За актыўную працу па прапагандзе народных рамёстваў”.

Прымалі нашыя юныя таленты ўдзел і ў фестывалі “Нядзельная зорка ў Добрушы”. Штогод буда-кашалёўцаў запрашаюць на Фестываль афганскай песні “Час выбраў нас” у Жлобін. Нашы артысты былі і ў Мазыры на фестывалі “Зямля пад белымі крыламі”. Дарэчы, нашага Андрэя Батаева называюць “другім Баскавым”.

— Перамог і дасягненняў багата, але ці ёсць у Буда-Кашалёве свае фестывалі?

— Вось нядаўна правялі агляд народнай і эстраднай творчасці “Песні маёй душы”, у якім прынялі ўдзел 24 клубныя ўстановы краю і, адпаведна, 229 удзельнікаў. Журы адзначала высокі ўзровень выканання Камунараўскага, Івальскага, Губіцкага, Прыборскага дамоў культуры. Цудоўна праходзіць і фестываль “Грай, гармонік!”, дзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі 15 устаноў культуры.

— А як наладжаны сувязі з не такімі ўжо далёкімі памежнымі абласцямі Расіі ды Украіны?

— Сябруем з мястэчкам Мена, што ў Чарнігаўскай вобласці, нават дагавор адпаведны заключылі. Нашы гарманісты ездзілі туды на фестываль “Цудадзейныя мелодыі” і прывезлі тры першыя месцы і адно другое.

— Пасля творчага аспекту, дзе бачацца відавочныя поспехі, хочацца пачуць і пра фінансавыя вынікі дзейнасці ўстаноў культуры.

— Сродкі, якія выдаткоўваюцца на культуру, — гэта, як правіла, больш за 2,5 мільярда рублёў у год. 482 мільёны склаў каштарыс на ўтрыманне аграгарадкоў “Камунараўскі” і “Уваравічы”. Паказальнік пазабюджэтнай дзейнасці пры плане ў 110 працэнтаў склаў 111,4 працэнта. Так што вынік ёсць, але ён патрабуе далейшай працы.

Рамантуем цяпер сельскія дамы культуры, на што выдаткоўваецца значная частка сродкаў. Адзначу, што на гэтую мэту не шкадуюць грошай і па лініі вобласці, і па лініі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Што непасрэдна да рамонтных работ, то замяняем цяпер сістэмы ацяплення, каб забяспечыць таксама і эканомію энергарэсурсаў. Набылі ў клубы і бібліятэкі камп’ютэры, касцюмы для калектываў, гукаўзмацняльную апаратуру, мэблю ва ўжо згаданую карцінную галерэю. Вядома, райвыканкам тут дапамагае найперш.

Як назваць музей?, або Галерэя міжнароднага значэння

Ларыса САЗОНАВА, дырэктар СДК у вёсцы Кастрычнік, распавядае пра тамтэйшы музей побыту. Ранней ён быў у Пыцькаўцы, а цяпер — тут.

З усяго раёна сабралі экспанаты: і лавы, і кросны, і маслабойку, і старажытныя кашы, і адзенне. Прадстаўлены ў экспазіцыі і некалькі старадаўніх ікон, якія ахвяравалі музею мясцовыя жыхары. “Пакуль думаем, як назваць гэты музей”, — зазначае Ларыса Сазонава.

У вёсцы маецца свой більярд — папулярная платная паслуга. Зарабляюць і на дыскатэках, білет на якія каштуе менш за тысячу рублёў.

Зрэшты, усё атрыманае ідзе на свае ж патрэбы: і прызы на дыскатэку, і святламузыка, касцюмы, невялікі рамонт. “Штогод зарабляем больш за пяць мільёнаў рублёў. Ці вялікія гэта грошы? Але яны ж дапамагаюць!” — падкрэсліла дырэктар СДК.

А наступны пункт нашай вандроўкі знаходзіцца ўжо ў самім Буда-Кашалёве. Гаворка — пра карцінную галерэю, якая ўжо згадвалася ў нашай гутарцы раней. “Паглядзім новую экспазіцыю, прысвечаную 1020-годдзю Хрышчэння Русі”, — запрашае Святлана Вінатоўская.

Нас сустрэлі дырэктар установы Вольга Новікава і навуковы супрацоўнік Ганна Цімашэнка. Нават кароткае наведванне галерэі дазволіла пераканацца, што будынак узводзіўся менавіта для яе размяшчэння тут: сучасная архітэктура, падтрымліваецца неабходная тэмпература для ўтрымання карцін — усё як мае быць.

Ініцыятарам стварэння галерэі быў Алег Маісеенка, колішні начальнік упраўлення культуры аблвыканкама. Ён і прапанаваў старшыні райвыканкама гэтую ідэю. А названа галерэя ў гонар народнага мастака РСФСР, прафесара Яўсея Маісеенкі, які хоць і пражыў усё жыццё ў Расіі, ды земляка памятаюць буда-кашалёўцы. Тут можна пачуць пра яго жыццё і творчасць, пабачыць здымак і партрэт мастака, напісаны адным з яго вучняў. Маюць і адну работу Маісеенкі. Зазначым, што спраектаваў будынак пляменнік мастака.

— Выстаўкі нашы наведваюць госці горада і раёна, — кажа Вольга НОВІКАВА. — Бываюць і школьнікі, дзетак з дзіцячага садка таксама прыводзяць сюды. Побач з фотаработамі дарослых на выстаўцы, прымеркаванай да 1020-годдзя Хрышчэння Русі, — куток дзіцячых малюнкаў. Лічым, што дзеці таксама маюць права выстаўляцца ў сучаснай галерэі!

Наш фонд складаецца са 100 карцін. Мы сабралі іх пад час чатырох міжнародных славянскіх пленэраў, на якія прыязджалі мастакі з Расіі, Украіны, Беларусі, сярод іх былі і вучні Яўсея Маісеенкі (яму былі прысвечаны тры пленэры, а чацвёрты — яшчэ аднаму нашаму земляку Віталю Цвірко). Была ў нас выстаўка “Жывапіс. Культура. Графіка” Гомельскага аб’яднання Беларускага саюза мастакоў. З Санкт-Пецярбурга прывозілі экспазіцыю “Перадзвіжнікі ХХІ стагоддзя”. Была выстаўка “Спадчына” сям’і нашчадкаў вядомага гомельскага скульптара Папова.

Ідзе рэканструкцыя!

Сваімі думкамі пра культасветработу ў раёне падзяліўся намеснік старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама Яўген МІТКЕВІЧ.

— Колькі сродкаў было выдаткавана ў гэтым годзе на рамонты СДК?

— Прыкладна адзін мільярд рублёў.

— А раённы Дом культуры ў якім стане?

— Ідзе рэканструкцыя. Яна таксама абыдзецца ў мільярд. Такі час, калі патрэбна мяняць усё, што састарэла. Зрэшты, таму і галіне культуры ў раёне надаецца вялікая ўвага. Хутка аддзел культуры пераедзе ў новы будынак у цэнтры горада. У полі зроку — не толькі аграгарадоцкія ўстановы культуры, але і шматлікія СДК. Вялікая ўвага — эканоміі, энергазберажэнню, у прыватнасці.

— А ў чым апошняе выражаецца?— Планы выконваем, уцяпляем будынкі. Цяпер усе работы — еўрарамонт. Кацельныя пераводзяцца на мясцовыя віды паліва. Наогул, лічу, што Буда-Кашалёўшчына — адметны, самабытны край. Цяпер вось ствараем аўтаклуб. І адбываецца гэта, як і ўся дзейнасць аддзела культуры, з улікам пажаданняў жыхароў раёна.

Скажам, усё лета на адкрытых пляцоўках гралі гарманісты — і людзям было цікава! А ёсць жа яшчэ і маладзёжныя пляцоўкі! Ведаеце, мы нядаўна праводзілі конкурс “Містэр Буда-Кашалёва”, і перамог у ім урач-рэаніматолаг. Дык самае цікавае тое, што я некалі вучыў ягоную жонку ў школе!

Зберажонае ў вясковай бібліятэцы

Тэма абласнога семінарапа бібліятэказнаўстве — “Бібліятэчнае краязнаўства як фактар павышэння культурнага патэнцыялу краю”. З’ехаліся ў раён прадстаўнікі з усёй вобласці.

Дырэктар ЦБС Ірына АХРЭМЕНКА распавядае:

— Буда-Кашалёва наведаў 21 дэлегат з розных раёнаў вобласці, абласной бібліятэкі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Адзін дзень правялі ў нашым раёне, выехалі ў вёскі Старая Буда і Губічы, дзе пазнаёміліся з працай мясцовых краязнаўцаў.

Наступны дзень семінара праходзіў у Гомелі, паколькі мы не маем вялікай гасцініцы ў райцэнтры.

Згадаўся вопыт сельскіх бібліятэк, што захоўваюць абрады і традыцыі, вядуць работу па пошуку і захаванні краязнаўчага матэрыялу. Сапраўды, аказалася столькі ўсяго нязведанага і новага, што мусілі госці прызнаць: жывём побач, ды не ведаем, што робіцца ў суседзяў. Семінар пераканаў яшчэ раз: бібліятэкі — гэта не толькі сховішчы кніг, але і непасрэдная праца з людзьмі, памяць пра гісторыю краю. І ўсё гэта робіцца якраз у невялічкіх вясковых бібліятэках.

“Без памяці — няма будучыні” — такія цудоўныя распрацоўкі атрымалі удзельнікі семінара з раёнаў ад сваіх калег з абласной бібліятэкі. Тут ёсць і рэкамендацыі па складанні летапісаў сваіх населеных пунктаў. А летапісы складаюцца ж і праз відэаархівы, і праз пасяджэнні адпаведных клубаў пры бібліятэках, і праз мясцовыя выданні, якія спатрэбяцца і культасветработнікам, і настаўнікам, і школьнікам.

— Вось, напрыклад, “Назвы зямлі Буда-Кашалёўскай”, — паказвае кніжку Ірына Ахрэменка. — Гэта своеасаблівы гід па раёне, дзе прадстаўлены цяперашнія і страчаныя назвы населеных пунктаў, рэчак, лясных урочышчаў, балот. Падаецца, невялікая кніга, але ў ёй — праца не аднаго бібліятэкара на працягу доўгіх гадоў. А яшчэ ў раёне выдадзена кніга “Жаўруковая песня Радзімы”, дзе сабраны народныя духоўныя скарбы раёна. Праект абышоўся ў 25 мільёнаў рублёў, але выданне — папраўдзе унікальнае і непаўторнае.

Гатовы сустрэць Новы год

Мы едзем праз сонца. Спыняемся каля бабулі, што прадае антонаўку.

— Як вас, цётка, завуць?

— Ягорава, Надзея…

— І я Ягорава!

Амаль не верыць цётка Надзя. І вось мы разам смяёмся бабінаму лету.

А наперадзе Дуравічы — адзін з найстаражытнейшых населеных пунктаў Буда-Кашалёўскага раёна. Першая згадка пра яго адносіцца да 1492 года. А праз пяць стагоддзяў Дуравічам быў прысвоены статус аграгарадка, дзе на сённяшні дзень жывуць, працуюць і вучацца 650 чалавек. Тут так прыгожа і чыста, што мы не змаглі не спыніцца ў самым цэнтры, каб згадаць памяць загінуўшых пад час Вялікай Айчыннай вайны.На вуліцах Школьная і Савецкая ў гэтым цудоўным сяле ў межах Прэзідэнцкай праграмы будаўніцтва жылля паўсталі 33 новыя дамы, дзе жывуць і маладыя спецыялісты.

І побач ідзе будоўля… Адзін з лепшых тынкоўшчыкаў Аляксандр Абрамовіч разам са сваёй брыгадай ужо заканчвае аддзелку Дома культуры. Новы год жыхары Дуравічаў сустрэнуць у сваёй абноўленай установе культуры.

Шмат гадоў працуюць у Дуравіцкім СДК дырэктар і мастацкі кіраўнік Людміла і Віктар Ахрамовічы. Гэтая дружная сям’я і арганізуе баўленне вольнага часу жыхарам Дуравічаў, тым больш, што Людміла Пятроўна — спявачка, а Віктар Сцяпанавіч — баяніст. Ва ўстанове дзейнічаюць пяць гурткоў па розных відах народнай творчасці, якія карыстаюцца нязменным попытам у мясцовых жыхароў: вакальны, харавы, драматычны, мастацкага чытання… Дарэчы, на рамонт затрацілі 413 мільёнаў рублёў.

Сустрэлася са старшынёй тутэйшага сельсавета Віктарам Міньковым, які распавёў, што ў Дуравічах заведзена наведваць малыя сёлы, не забывацца на прадстаўнікоў старэйшага пакалення. З канцэртамі выступае народны хор. Ды і сам Віктар Мінькоў любіць наведваць выступленні землякоў.

Нягледзячы на тое, што за вокнамі толькі лістапад, кіраўнікі Дуравіцкага СДК Людміла і Віктар Ахрамовічы чакаюць Новы год, сустрэчу якога самі ж наладзяць у абноўленай установе культуры.

Вышыць буда-кашалёўскі сюжэт

Напрыканцы падарожжа па Буда-Кашалёўскім раёне мне згадаўся аповед Ларысы Сазонавай, дырэктара СДК у вёсцы Кастрычнік:

— Ведаеце, не стамляюся здзіўляцца: мой 13-гадовы сын Алёша пачаў вышываць бісерам. І сурвэткі вышывае крыжыкам!

А згадалася гэта, бо апошняя сустрэча ў раёне была са старажылам Ірынай Пруднікавай: маршчынкі-маршчынкі, а вочы — юныя!

— Я вышываю выключна карціны і сюжэты, — кажа яна. — «Наезніца», «Мадонна з немаўляткам», «Сіксцінская мадонна», «Буслы на балоце», а апошняя з выкананых работ — паводле карціны Айвазоўскага «Бурнае мора»… Вось вышыю і прынясу вам…

 Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Буда-Кашалёўскі раён — Мінск
Фота аўтара