Таямніцы гісторыі за архіўным парогам

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Каб дакладна і праўдзіва ведаць гісторыю, неабходна мець дастатковую колькасць артэфактаў. І калі для пазнання пластоў глыбокай старажытнасці ў асноўным выкарыстоўваюцца прадметы з археалагічных раскопак, то для ХХ стагоддзя характэрна больш шырокае выкарыстанне архіўных матэрыялаў. Адна з такіх устаноў, дзе захоўваюцца фонды дзяржаўных органаў кіравання, грамадскіх арганізацый, прыватныя дакументы з цікавымі звесткамі пра жыццё і дзейнасць вядомых людзей, — Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. У яго сценах можна знайсці дакументы, пачынаючы з 1917 года — падзей Лютаўскай рэвалюцыі. Усяго ж за 71 год дзейнасці Архіва былі сістэматызаваны сотні тысяч дакументаў, па якіх можна вывучаць ход гісторыі нашай краіны.

Вынікам плённай працы сталі дзесяткі выдадзеных кніг і міжархіўных даведнікаў. Толькі сёлета плануецца надрукаваць некалькі зборнікаў з каштоўнай інфармацыяй.
Так, да 90-годдзя ўтварэння БССР рыхтуецца выданне архіўных матэрыялаў “Невядомыя старонкі беларускай дзяржаўнасці”, куды ўвойдуць дакументы пра першыя гады станаўлення маладой краіны. Таксама там будуць прадстаўлены матэрыялы з расійскіх архіваў, якія да гэтага часу заставаліся невядомымі большасці айчынных гісторыкаў. Рыхтуюцца да друку і матэрыялы па ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. У кнізе будзе паказана развіццё заходніх абласцей Беларусі з 1944 па 1956 гады, узнімуцца пытанні палітычнага жыцця, падзеі трагічнага абмену насельніцтвам з Польшчай.
 /i/content/pi/cult/182/1865/Histaryegraf.jpg

Супрацоўнікі архіва за сартаваннем фондаў. 1936 г.

Як падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага архіва рэспублікі Вячаслаў Селемянёў, на сённяшнім этапе якасная праца ўстановы не абыходзіцца без супрацоўніцтва з айчыннымі і замежнымі калегамі. У прыватнасці, ужо дасягнута дамоўленасць з абласным архівам Карэліі аб супрацоўніцтве ў апрацоўцы матэрыялаў пра трагічны лёс пераселеных беларусаў пасля савецка-фінскай вайны. З архівістамі з Санкт-Пецярбурга вырашана прадоўжыць узаемадзеянне па даследаванні пытанняў, звязаных з дзейнасцю нашых суайчыннікаў пад час Першай сусветнай вайны ў БЕЛНАЦКАМе і беларускім аддзяленні РКП(б), яго секцыях. Па гэтай тэме плануецца зрабіць даведнік з інфармацыяй аб месцах захоўвання архіўных матэрыялаў (а знаходзяцца яны, апрача Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга, яшчэ ў Смаленску і Саратаве). Адбываецца цеснае супрацоўніцтва і з калегамі з Аўстрыі— Інстытутам імя Л.Больцмана па даследаванні наступстваў войнаў. Вынікам такога ўзаемадзеяння стала кніга “Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь пра Чэхаславацкі крызіс 1968 года”. Выданне паказвае, што і ў савецкі час наша рэспубліка адыгрывала сваю адметную ролю на міжнароднай арэне. Акрамя таго, пражскія падзеі адбіліся і на беларускай рэчаіснасці: разгарнулася вялікая прапагандысцкая кампанія, у друку пашырылася цэнзура.

Сярод разнастайных аспектаў гісторыі Нацыянальны архіў Беларусі, безумоўна, не можа абысці тэму Вялікай Айчыннай вайны. І хоць па гісторыі гэтага перыяду ў фондах Архіва захоўваецца, па словах Вячаслава Селемянёва, не так шмат матэрыялаў, усё ж пераважная большасць з іх мае вялікую каштоўнасць. І ў першую чаргу, гэта больш за дзве тысячы спраў на нямецкай мове Генеральнага камісарыята Беларусі, які ўзначальваў В.Кубэ.

Апрача таго, за апошні час супрацоўнікамі ўстановы было выдадзена шмат зборнікаў матэрыялаў, дзе сабрана інфармацыя пра месцы масавага знішчэння насельніцтва ў час вайны, у прыватнасці, Трасцянец і Азарычы. Таксама сваё адлюстраванне знайшла тэма савецкіх і нямецкіх ваеннапалонных у гады Другой сусветнай. Дзякуючы намаганням рупліўцаў з Нацыянальнага архіва выйшлі і два тамы, прысвечаныя вызваленню Беларусі, дзе была нададзена ўвага грамадзянскім аспектам гісторыі, падзеям, што адбываліся на тэрыторыі краіны адразу пасля яе вызвалення. У матэрыялах можна знайсці звесткі пра вырашэнне задач ваеннага, эканамічнага і палітычнага характару. Не абышлі архівісты ўвагай і пачатак вайны: у кнізе “Беларусь у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны (22 чэрвеня — жнівень 1941 года): дакументы і матэрыялы” паказана дзейнасць органаў дзяржаўнай улады, мірнага насельніцтва і чырвонаармейцаў ва ўмовах экстраннай эвакуацыі на ўсход.

Сёлета рыхтуецца кніга, прысвечаная трагедыі спаленай фашыстамі вёскі Хатынь, выхад якой прымеркаваны да 40-годдзя стварэння мемарыяла. Здаецца, тэма даволі вядомая, ужо было зроблена некалькі дакументальных стужак, але, тым не менш, застаецца вельмі шмат недакладнасцей і так званых “белых плям”. І звязаны яны як з гісторыяй стварэння мемарыяла, так і з самімі трагічнымі падзеямі.

Мала хто ведае сапраўдную гісторыю Хатыні. Справа ў тым, што першапачаткова партызаны зрабілі засаду на дарозе Лагойск — Плешчаніцы і разграмілі адно з фашысцкіх падраздзяленняў, пасля чаго пайшлі абедаць у Хатынь. У сваю чаргу, немцы змаглі вызначыць іх размяшчэнне і пасля бою вырашылі спаліць вёску разам з усімі яе жыхарамі — адзначыў Вячаслаў Селемянёў.

Праз пэўны час партызанскае кіраўніцтва, у прыватнасці, камандзір брыгады Варанянскі, прызнала, што ненаўмысна справакавала знішчэнне Хатыні, і таму забараніла надалей спыняцца ў мясцовага насельніцтва. Цікавы і той факт, што на пачатку 1966 года, калі разглядаліся ідэі па ўшанаванні памяці пра трагедыю Хатыні, не прадугледжвалася стварэння грандыёзнага праекта: планавалася зрабіць толькі мемарыяльны знак, а таксама музей. Але прапанова архітэктараў па нетрадыцыйным вырашэнні канцэпцыі комплексу надзвычай спадабалася тагачаснаму кіраўніку рэспублікі П.Машэраву, які ў абыход Масквы распачаў і давёў да канца будаўніцтва.

Акрамя таго, адзін з архітэктараў — Л.Левін вёў дзённікавыя запісы, у якіх адлюстраваны сустрэчы з Пятром Машэравым, што, верагодна, увойдуць у кнігу.

Таксама ў планах Архіва — сумесны з украінскімі калегамі праект па выданні зборніка дакументаў, звязаных з гісторыяй партызанскай барацьбы на Палессі.

А ў бліжэйшы час плануецца выданне кнігі, прысвечанай ушанаванню помнікаў абаронцам Айчыны і ахвярам войнаў, дзе будзе адлюстраваны стан і догляд мемарыялаў і могілак з 1944 года і да нашых дзён.

Адзінае, на думку Вячаслава Селемянёва, што выклікае клопат, — гэта вельмі малая колькасць айчынных даследчыкаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Як вынік — артыкулы пра Беларусь гэтага перыяду часцей сустракаюцца ў нямецкіх навуковых выданнях. Але не толькі гэтая праблема стаіць сёння перад архівістамі, галоўнае таксама — захаваць каштоўныя ваенныя архіўныя дакументы, напісаныя на шматках паперы, адваротных баках трафейных нямецкіх карт, якія зараз знаходзяцца ў кепскім стане. Таму ў планах Архіва — распачаць шырокамаштабную работу па стварэнні лічбавых копій архіўных дакументаў, што дазволіць працаваць з імі большай колькасці навукоўцаў на працягу неабмежаванага часу.


Канстанцін АНТАНОВІЧ