Адбылося адкрыццё Міжнароднага конкурсу піяністаў “Мінск-2021”, які пройдзе з 1 да 10 снежня. Сёлета на ўдзел у ім пададзена пяцьдзясят адна заяўка ад выканаўцаў з Беларусі, Арменіі, Кітая, Казахстана, Расіі, Украіны і Узбекістана. Адкрыўся фестываль канцэртнай праграмай на сцэне Белдзяржфілармоніі з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. А з 6 па 10 снежня ў Гомелі адбудзецца заключны этап XVIII Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі” па намінацыях духавых і ўдарных інструментаў, на які пададзена сто дванаццаць заявак, у тым ліку з Расіі і Украіны.
Распрацаваныя комплексныя планы правядзення работ па добраўпарадкаванні ў філіялах Дзяржаўных літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Вязынцы, Акінчыцах, Альбуці, Ластку і Смольні. Рыхтуецца заключэнне па выніках абследавання стану дрэваў саду ў Вязынцы, адбываюцца рамонтныя работы ў філіялах Коласаўскага музея.
У Мядзельскім раённым выканаўчым камітэце з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла былі абмеркаваныя падыходы да напісання тэхнічнага задання па працягу падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе, які пацярпеў ад пажару 11 мая. Распрацоўваецца таксама праектна-каштарысная дакументацыя на электраправодку і сістэмы бяспекі. Умовы дазваляюць праводзіць набажэнствы ў храме, таму была пададзеная заяўка на дазвол аднавіць службы.