Часовая экспазіцыя створаная на аснове матэрыялаў як з фондаў музея, так і з дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Прадстаўленыя дакументы і артэфакты распавядаюць аб дзейнасці герояў мінскага падполля, арганізатараў і байцоў першых падпольных груп, кіраўнікоў і членаў падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б і моладзевых камсамольскіх арганізацый, аб баявой і палітычнай дзейнасці падпольшчыкаў. Акцэнт прытым зроблены на пачатковым, самым цяжкім этапе барацьбы мінскіх падпольшчыкаў у 1941–1942 гадах.
У акупаваным Мінску дзейнічала сто дзесяць падпольных арганізацый і груп, у якіх змагалася больш за шэсць тысяч патрыётаў. За тры гады акупацыі падпольшчыкі здзейснілі больш за 1500 дыверсій, паспрыялі стварэнню дваццаці партызанскіх атрадаў, выпусцілі сотні асобнікаў падпольных газет і ўлётак. У падпольнай барацьбе бралі ўдзел цэлыя сем’і мінчан, прадстаўнікі рабочых і інтэлігенцыі, студэнты і школьнікі, савецкія ваеннаслужачыя, выратаваныя мясцовымі жыхарамі з нямецкага палону. Лёс многіх герояў і іх сем’яў склаўся трагічна — тыя з падпольшчыкаў, хто быў арыштаваны нацысцкімі карнымі органамі, зведалі страшныя катаванні, былі забітыя або адпраўленыя ў лагеры смерці.
У БАРАЦЬБЕ ЗА ПАМЯЦЬ
Распачынаецца экспазіцыя са стэнда, на якім прадстаўленыя навуковыя і навукова-папулярныя выданні аб дзейнасці мінскіх падпольшчыкаў, прысвечаныя ім мастацкія творы, іх біяграфіі, а таксама зборнікі дакументаў аб дзейнасці падполля і ўспамінаў яго ўдзельнікаў. Сама назва выставы адсылае да, бадай, найвядомейшага літаратурнага твора, прысвечанага гісторыі мінскага падполля, — аповесці Івана Новікава “Руіны страляюць ва ўпор”, якая пабачыла свет у 1962-м і была экранізаваная ў 1971 годзе.
Першыя кнігі такога кшталту пачалі з’яўляцца толькі напачатку 1960-х гадоў, бо цягам першых пасляваенных дзесяцігоддзяў патрыятычная дзейнасць мінскага падполля доўгі час ставілася пад сумнеў мясцовымі і агульнасаюзнымі ўладамі ды партыйнымі органамі. Карані гэтага недаверу хаваліся яшчэ ў гадах акупацыі, аб чым не ў апошнюю чаргу акурат і распавядае сённяшняя выстава. Існаванне падполля і яго патрыятычны характар былі прызнаныя кіраўніцтвам БССР толькі ў 1959 годзе, і гэтаму папярэднічала заўзятае змаганне колішніх падпольшчыкаў за памяць палеглых таварышаў і за ўласнае права лічыцца годнымі ўдзельнікамі антынацысцкага руху супраціву.
На адным з першых стэндаў можна азнаёміцца з тэкстамі найважнейшых дакументаў, якія пазначылі асноўныя этапы прызнання заслуг мінскага падполля ў барацьбе супраць акупантаў: гэта ўказы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб наданні звання Герояў Савецкага Саюза найвыдатнейшым мінскім падпольшчыкам і аб ушанаванні самога Мінска званнем “Горад-герой” 1965 і 1974 гадоў адпаведна. Адметна, што ў свой час на ўзнагароджанне адпаведнай адзнакай падаваліся дакументы на дваццаць дзве асобы, але ў выніку сабраныя звесткі зніклі, і былі ўзнагароджаныя толькі пяцёра падпольшчыкаў: адзін з кіраўнікоў падполля Ісай Казінец, рэдактар падпольнай газеты “Звязда” Уладзімір Амельянюк, камандзір аператыўнай групы па ліквідацыі здраднікаў Іван Кабушкін, кіраўнік моладзевай падпольнай арганізацыі “Андруша” Мікалай Кедышка і лекар Яўген Клумаў. Усе яны былі адзначаныя пасмяротна.
ШТО МОЖА РАСПАВЕСЦІ ФОТАЗДЫМАК
Асноўную частку экспазіцыі складаюць фота ўдзельнікаў падполля, якія суправаджаюцца кароткім расповедам аб дзейнасці і лёсе выяўленых на іх асоб. Як правіла, лёс гэтых людзей быў трагічны — амаль кожная біяграма сканчваецца звесткамі аб даце арышту і гібелі падпольшчыка. Гэтыя здымкі яскрава сведчаць, што ў змаганне супраць ворага ўступалі мужчыны і жанчыны ўсіх узростаў і самых розных прафесій, некаторыя сем’і былі ўключаныя ў падпольную барацьбу цалкам і за гэта цалкам знішчаныя акупантамі.
Другі каштоўны від выяўленчых крыніц па гісторыі падполля, прадстаўлены на выставе, — здымкі дамоў, дзе знаходзіліся канспіратыўныя кватэры падпольшчыкаў. Асабліва адметныя гэтыя фота тым, што зафіксавалі выгляд будынкаў, якія даўно зруйнаваныя. Тут можна пабачыць як драўляныя хацінкі з раёнаў Камароўкі і колішняга яўрэйскага гета ў раёне Ракаўскай вуліцы, так і страчаную гістарычную забудову Зыбіцкай вуліцы ў гістарычным цэнтры горада (тады яна звалася Гандлёвай). Яшчэ адзін кшталт незвычайных фота, паказаны ў экспазіцыі, — здымкі, якія выраблялі падпольшчыкі для афармлення падробных дакументаў, што служылі для легалізацыі колішніх ваеннапалонных.
СВАЕ СЯРОД ЧУЖЫХ
Важным сведчаннем подлых метадаў, якія выкарыстоўвалі захопнікі ў барацьбе супраць падполля, з’яўляюцца прадстаўленыя на выставе матэрыялы з калабарацыянісцкай прэсы, што выходзіла ў акупаваным горадзе. Тут можна азнаёміцца са сфальсіфікаванымі матэрыяламі аб уяўным супрацоўніцтве з гітлераўцамі кіраўніка мінскага падполля Івана Кавалёва — менавіта яны былі адной з асноўных прычын доўгага непрызнання падполля з боку савецкай улады. Іван Кавалёў доўгія гады лічыўся здраднікам і быў рэабілітаваны толькі ў 1990 годзе (аб гэтай гісторыі мы больш падрабязна распавядалі ў сёлетнім № 28 (1519) ад 9 ліпеня).
Уражваюць таксама біяграфіі Сяргея Благаразумава і Васіля Ліпая — па заданні падполля першы служыў у паліцыі, а другі, з’яўляючыся наглядчыкам турмы СД, дапамагаў арыштаваным падпольшчыкам падтрымліваць сувязь з таварышамі на волі. Цяжка ўявіць сабе, як гэтыя мужныя людзі доўгі час паспяхова дзейнічалі ў асяроддзі ворагаў. Асобная частка экспазіцыі прысвечаная такому важнаму кірунку дзейнасці падполля, як вывад у партызанскія атрады з акупаванага горада прадстаўнікоў інтэлігенцыі — вядомых дзеячаў навукі, такіх як акадэмік, дырэктар Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР Мікалай Нікольскі альбо прафесар, загадчык адной з кафедраў Палітэхнічнага інстытута Аляксандр Краўцоў. Гэтыя людзі не хацелі і не маглі аддаць свае веды на службу захопнікам — і дзякуючы дапамозе падпольшчыкаў знайшлі прытулак у партызанскім лесе.
ДАКУМЕНТЫ І АРТЭФАКТЫ
Значную частку экспазіцыі складаюць дакументы аб дзейнасці падполля, прадастаўленыя Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Захаваліся нават запісы паседжанняў падпольнага камітэта партыі, у якіх занатаваныя галоўныя кірункі дзейнасці і асноўныя аб’екты ды прадпрыемствы, ахопленыя дзейнасцю патрыётаў. Тут таксама можна пабачыць пераклады нямецкіх дакументаў аб дзейнасці падполля і сумнавядомую дырэктыву начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймона Панамарэнкі аб нібыта правакацыйнай сутнасці мінскага падполля — гэты дакумент, на жаль, каштаваў жыцця многім сумленным барацьбітам супраць акупантаў.
Найважнейшым жа складнікам выставы можна лічыць захаваныя ў фондах музея асабістыя рэчы падпольшчыкаў. Тут прадстаўленыя піянерскі гальштук Захара Гало, які працаваў па заданні падполля ў гарадской управе, самаробны рэвальвер кіраўніка моладзевай арганізацыі “Андруша” Мікалая Кедышкі, нататнікі і дакументы іншых падпольшчыкаў, якія загінулі ў барацьбе супраць акупантаў.
Экспазіцыя “Руіны стралялі” пераканаўча паказвае разгорнутую панараму барацьбы мінчан супраць гітлераўцаў, а таксама распавядае аб доўгім змаганні за захаванне памяці аб героях. У выніку настойлівасці мінскіх падпольшчыкаў, якія не звыклі апускаць рукі перад нягодамі, за мужнасць і гераізм, праяўленыя жыхарамі Мінска ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, беларуская сталіца ў 1974 годзе была ўшанаваная ганаровым званнем “Горад-герой”. Сёння як ніколі варта шанаваць і памятаць подзвігі гэтых мужных людзей, здзейсненыя імі як у гады вайны, так і ў мірны час.