ЯК У БЕРАЗІНО З'ЯВІЎСЯ ЦМОК?
Цяжка ўявіць, што займацца разьбярствам Яўген Осіпаў пачаў у 55 гадоў! Дагэтуль працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў адной з вясковых школ раёна. Аднойчы з дапамогай няхітрых інструментаў выразаў са старой спілаванай ліпы сем крэслаў, на якіх былі адлюстраваны казачныя персанажы.
“У той час я шукаў фактуру для аб’ёмнай разьбы, — узгадвае Яўген Паўлавіч. — Тыя крэслы былі паказаныя на выставе ў Жодзіне. Атрымаліся добра, разьба спадабалася, уцягнуўся. Так пасля звычайных для вяскоўца спраў — догляду гаспадаркі, любімых палявання і пчалярства, — я і выдзеліў час на ўпадабаны занятак. Прысядзеш з разцом і кавалкам дрэва — пра ўсё забываеш і адпачываеш душой і целам. Упэўнены, што каб раней свой лёс звязаў з разьбой, то працы мае мелі б больш дасканалае завяршэнне, свой асабісты почырк, мастацкую апрацоўку”.
Паступова творчасцю Яўгена Осіпава зацікавіліся. Чуткі пра незвычайнага майстра дайшлі і да Ганны Ждановіч, якая ў Беразіно была адным з заснавальнікаў раённага цэнтра рамёстваў, а таксама першага ў Рэспубліцы музея драўлянай лыжкі. Разам з Яўгенам Паўлавічам яны пабывалі на шматлікіх фэстах і конкурсах і заўжды прывозілі розныя ўзнагароды.
Праз некаторы час, калі майстар больш дакладна пазнаёміўся са спецыфікай працы, разьбяра пачалі ўражваць творчыя знаходкі лыжкароў усяго свету.
Творца вырашыў ажыццявіць даўнюю мару Ганны Ждановіч — стварыць у горадзе самую вялікую арт-лыжку ў свеце. З далёкага ўрочышча для гэтай мэты ў двор цэнтра рамёстваў прывезлі дуб-волат. Яўген Паўлавіч меў намер аздобіць яго ў выглядзе казачнага цмока, упрыгожыўшы беларускімі арнаментамі і геральдыкай раёна.
“Ніхто не мог уявіць, нават мае памочнікі, малады спецыяліст цэнтра Улад Макавецкі і мясцовы майстар Алесь Паскробка, што атрымаецца нешта талковае, — працягвае Яўген Осіпаў. — Адзін я верыў, а таму ўсю цяжкую працу ўзяў на сябе. Дуб лічыцца класічным дрэвам для разьбярства такога маштабу. Працаваць з ім цяжка, але прыемна. Сапсаваў я не адзін ланцуг у бензапіле і фразу ў фрэзеры. Прыйшлося шмат парабіць і проста сякерай. Хлопцы ў асноўным працавалі са стамескамі. Выразалася лыжка марудна, бо пачалі працу ў канцы восені. Але чым бліжэй падыходзілі да фіналу, тым больш мінаў скепсіс, мінакі пачыналі цікавіцца. Нарэшце ў 2016 годзе лыжка-цмок была скончана, і на 15 абласным свяце-конкурсе майстроў драўлянай манументальнай скульптуры яе прэзентавалі”.
ПРЫЗНАНАЕ МАЙСТЭРСТВА
Не толькі самай вялікай лыжкай у свеце можа ганарыцца Яўген Осіпаў. Яго рукамі выкананы іканастас у Мікулічыскай царкве, на якім адных вінаградзін 1672 штукі. Падабаецца яму самому ўласная манументальная работа ў Нясвіжы “Чорная панна”. Арыгінальныя яго творы — калекцыя лыжак, выразаных з усіх парод дрэў Беларусі. Здагадацца, з чаго выраблена лыжка, можна па ўпрыгожваючым яе кветкам і лісткам, якія адпавядаюць гэтаму дрэву. Шмат сіл уклаў разьбяр ва ўпрыгожванне святой крыніцы ў вёсцы Крупа.
Акрамя звання народнага, майстра цешыць душу дыплом Мітрапаліта Філарэта “За труды во славу Святой Православной Церкви”, каштоўны дыплом з фэсту ў Турэччыне, дыплом лаўрэата 11-га Рэспубліканскага фествывалю-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, падзяка губернатара адной з правінцый Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
“Добра, калі ёсць узнагароды, — кажа Яўген Паўлавіч, — а няма — яшчэ лепш. Гэта прымушае мацней сціснуць зубы і з апантанасцю брацца за новую справу. Злосць на сябе добра дапамагае. Я змагу! Я зраблю! — вось дэвізы ў разьбе”.
МАЙСТАР, СПРАВА І ВУЧНІ
Рэгулярна Яўген Паўлавіч дае заняткі для дзяцей у раённым цэнтры рамёстваў. Найвялікшая праблема тут — забяспечыць усіх інструментамі. Разцы няпроста адшукаць нават на сталічных рынках, ды і кошт іх кусаецца. Таму часта бацькам зацікаўленых дзяцей прыходзіцца звяртацца да кавалёў.
“Вось яшчэ бяда — мае маленькія вучні хутка губляюць увагу, — наракае майстар. — А каб выразаць лыжку, якую прыемна было б трымаць у руках, патрэбны гадзіны і мноства прыкладзеных сіл. Разьба — гэта вельмі цяжкая фізічная праца. Трэба мець добрую моц у руках, каб надзейна і трывала дзейнічаць разцом, я ўжо не кажу пра сякеру. Калі я, будучы ўжо дарослым, прапорваю сабе штаны, рукі і ногі, што казаць пра дзяцей…
Навучыць можна толькі таго, хто сам будзе жадаць гэтага. Вельмі добра, калі ёсць нейкія творчыя задаткі. Але яшчэ неабходна незвычайная ўседлівасць і ўпартасць у дасягненні мэты. І рэзаць, рэзаць, рэзаць… Кожны дзень, у любую вольную гадзіну. А потым прывыкаеш і ўжо вольная гадзіна знаходзіцца сама па сабе”.
“Нажом і сякерай павінен валодаць кожны рэзчык, як валодалі калісьці нашы дзяды і прадзеды, — зазначае Яўген Паўлавіч. — Толькі парабіўшы добры час уручную гэтымі інструментамі, можна па-сапраўднаму адчуваць дрэва, яго цеплыню, яго падатлівасць або ўпартасць, яго хараство і прыгажосць. На адной “Александрыі” я пазнаёміўся з вельмі цікавым разьбяром з Палесся, народным майстрам Іванам Піліпавічам Супрунчыкам. Усе свае фігуры ён вырабляе выключна сякерай. А цяпер многія рэзчыкі, асабліва за мяжой, карыстаюцца рознымі механізаванымі прыладамі. І так у іх усё хутка і добра атрымліваецца, што зайздрасць бярэ. Зараз часта можна ўбачыць розныя прывабныя карціны з дрэва, а зроблены ж яны на станках з лічбавым праграмным кіраваннем. І складанасць тут у тым заключаецца, каб скласці добрую праграму. Я адмоўна адношуся да гэтага, бо лічу, што гэта не разьба. А іншым падабаецца…”
ШТО КІРУЕ ТВОРЦАМ?
Галоўнай формулай у сваёй справе Яўген Паўлавіч лічыць уменне бачыць незвычайнае ў звычайным: калі ідэю ўдалося схапіць за хвост — лічы, палова работы зроблена, далей справа за ажыццяўленнем. За прыклад сабе Яўген Осіпаў ставіць работы калег з усёй Беларусі. А іх бярэзінскі творца ведае досыць: народныя майстры Ю. Камандзірчык, В. Сілкоў, В. Расолаў, В. Казлоўскі, І. Васілевіч, разьбяры М. Здарэйка, Л. Сенька, А. Шапель, В. Няхайчык, В. Давыдаў, П. Углоў, А. Гарбуноў, В. Чараднічэнка. І гэта толькі частка сапраўдных творцаў, якіх ён добра ведае і можа назваць сябрамі і паплечнікамі.
“У творчасці рухацца наперад мяне прымушае імкненне зрабіць так, каб у чалавека, які глядзіць на работу, была добрая ўсмешка на вуснах, здзіўленне, каб яму хоць крышачку спадабалася мая праца, — гаворыць Яўген Осіпаў. — Я імкнуся ніколі не выразаць нячысцікаў і страшыдлаў.
Не думаю, што валодаю нейкім сваім, асобным стылем. Раблю як робіцца. На мой погляд, няма той працы, якую б нельга было ўдасканаліць, бывае і цалкам перарабіўшы. Самае важнае — імкнуцца, каб работа была непаўторнай, арыгінальнай, затрымлівала позірк. Вось у скульптурах людзей мяне ўражваюць міміка, погляд, выразнасць. Бываюць партрэты, гледзячы на якія можна ўбачыць увесь унутраны свет чалавека, яго душу, прачытаць думкі, здагадацца аб настроі. А так зрабіць можа толькі таленавіты майстар. Вельмі падабаюцца работы беларускага майстра Уладзіміра Жбанава”.
Яўген Паўлавіч Осіпаў лічыць, што народнае рамяство садзейнічае развіццю чалавека, прымушае не забываць свае карані, традыцыі продкаў. Сваю задачу, а таксама задачу ўсіх датычных гэтаму рамяству людзей бачыць у тым, каб не абарвалася нябачная нітачка з прашчурамі, былі адмысловая веды аб іх майстравітым жыцці, не памерла адчуванне іх справы. Каб кожны мог сказаць: “А гэтаму навучыў мяне бацька, маці, бабуля, дзядуля…”