І недаравальна забыцца на тое, што паплечнік Каліноўскага Валерый Урублеўскі з Жалудка (рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў “Мужыцкую праўду”) у эміграцыі стаў героем Парыжскай камуны. А Ігнат Дамейка з Карэліччыны, знакаміты філамат, займаўся геалогіяй, стаў у Чылі рэктарам універсітэта. Імем Дамейкі названы не толькі гэты ўніверсітэт, але і горны краж, адзін з чылійскіх гарадоў. Ян Чэрскі з Верхнядзвіншчыны вывучаў будову берагоў Байкала, склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа. Яго імем названа сістэма горных хрыбтоў у Якуціі, Забайкаллі, у Магаданскай вобласці.
Я штосьці не чуў, каб у клубах ды бібліятэках названых рэгіёнаў ладзіліся важкія акцыі па папулярызацыі названых асоб. Словам, ёсць над чым працаваць. Пра гэта — і сённяшні агляд рэдакцыйнай пошты.
Вельмі важна не забывацца на герояў мінуўшчыны, але важна ўдвая шанаваць тых, хто мацуе нашу славу сёння. Такіх матэрыялаў у нас, на жаль, малавата, таму кожны — на вагу золата. Да прыкладу, дырэктар Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя Іосіфа Стаброўскага Алена Сухарукава распавяла пра Ірыну Шпыркову, якой напрыканцы года спаўняецца 85 гадоў: “Ірыну Рыгораўну па заслугах можна лічыць легендай слонімскай зямлі, ветэранам музейнай дзейнасці. У 1958 годзе пасля заканчэння БДУ яна пачала працаваць маладым спецыялістам у нашым музеі. Адпрацавала 58 гадоў, з іх 45 — дырэктарам. Ірына Рыгораўна стала ініцыятарам правядзення раскопак на мясцовым замчышчы. Пад яе кіраўніцтвам была створана новая музейная экспазіцыя. Ірына Шпыркова — аўтар шматлікіх публікацый на краязнаўчыя тэмы. Яна цяпер — на заслужаным адпачынку, але прымае ўдзел у нашых мерапрыемствах”. Адзін запіс у працоўнай кніжцы — гэта, пагадзіцеся, паказчык і правільна абранага лёсу, і высокага прафесіяналізму. Напэўна, толькі тады можна казаць пра пераемнасць пакаленняў, калі за ўзор жыцця сённяшнія маладыя спецыялісты возьмуць лёс Ірыны Шпырковай.
Яшчэ адна інфармацыя са Слонімшчыны. Яна таксама пра пераемнасць традыцый. Спецыялісты раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў паведамляюць, што народнае аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы-каравайніцы” з Навасёлкаўскага цэнтра культуры з’яўляецца носьбітам элементу нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавая выпечка”. Дык вось, згаданае аб’яднанне пастаянна ладзіць абрадавыя анімацыйныя праграмы. Да прыкладу, 13 лістапада ў этнагасцёўні для дзяцей прайшоў майстар-клас па вырабе ўпрыгожанняў на Паўлаўскі каравай: шышак, кветак, птушак.
Цяпер — зноў пра асобу. Наша сталая аўтарка Вольга Заянчкоўская, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі, піша пра паэта-земляка Станіслава Валодзьку, які жыве ў Латвіі: “65 гадоў таму будучы творца нарадзіўся ў вёсцы Падольцы. З гэтай нагоды супрацоўніца Падольскай сельскай бібліятэкі Вера Малахвей правяла мерапрыемствы ў бібліятэцы і ў школе. А ў Астравецкай раённай бібліятэцы вечарына пра Станіслава Валодзьку і кніжная выстава называліся “Паэт з беларускай душой”. Спадарыня Вольга, вы шмат пішаце ў “К” пра сённяшні дзень малой радзімы, вялікі дзякуй. Але даведацца хацелася б і пра мінуўшчыну. Напрыклад, пра першага расійскага консула ў Японіі, мовазнаўцу Іосіфа Гашкевіча. Пасля адстаўкі ён жыў у маёнтку Малі вашага раёна. Гэта праўда, што вандроўнік сам даў маёнтку назву па ўзоры дзяржавы ў Афрыцы? Чакаю вашага ліста.
Пра творчыя перамогі паведамляе намеснік дырэктара Смаргонскага раённага цэнтра культуры Ганна Сабінская. Па выніках міжнароднага конкурсу творчасці і талентаў “зорная даль” (Ніжні Ноўгарад) народны ансамбль народнай песні “Хутарок” (кіраўнік Яўгенія Ломаць) узнагароджаны лаўрэацкім дыпломам першай ступені, а народны цымбальны аркестр імя Аляксандра Дзяругі пад кіраўніцтвам Вольгі Грагоўскай і Ларысы Клімянок атрымаў Гран-пры. “Але гэта яшчэ не ўсё! — радуецца Ганна Сабінская. — Не засталася без узнагарод і народная эстрадная студыя “Міраж”. У ІІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе творчасці “Піраміда зорак” (Мінск) дыпломы лаўрэата першай ступені дасталіся Настассі Прхірэевай і Іне Харко (кіраўнік студыі). Такой жа ўзнагароды ўдастоены народны ансамбль песні і танца Міхала Клеафаса Агінскага (хормайстар Тамара Валчанкова, дырыжор Аляксандр Лях). “К” далучаецца да віншаванняў!
У Лідскім аддзеле рамёстваў прайшоў абласны семінар-практыкум “Адраджэнне і папулярызацыя традыцыйных тэхнік ткацтва на Гродзеншчыне”. Супрацоўнікі РЦК сцвярджаюць, што белаўзорыстае ткацтва — брэнд панямонскай зямлі. Яно аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва, у выніку ствараецца белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і цікавай фактурай. Нашы бабулі выкарыстоўвалі такое палатно для вырабу абрусаў і сурвэтак. Але непераўзыдзеным узорам творчасці застаюцца ручнікі. Ліда для семінара абрана невыпадкова. Тут створана свая майстэрня па ткацтве. Высокі мастацкі ўзровень тут дасягаецца за кошт выбару пражы, запраўкі кроснаў. Сваім досведам з удзельнікамі семінара дзяліліся майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Валянціна Сільвановіч і Марыя Шылкоўская. Падчас мерапрыемства працавала выстава вырабаў з фондаў Гродзенскага АМЦНТ.
Гэты вопыт таксама варта ўсяляк абагульняць і прапагандаваць. Справа ў тым, што цягам некалькіх гадоў пры сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка (Ашмянскі раён) дзейнічае група валанцёраў з ліку мясцовых вучняў. Яны дапамагаюць бібліятэкару дастаўляць кнігі і часопісы ў аддаленыя вёскі. Робяць гэта валанцёры на роварах. 13 лістапада валанцёры наведалі вёску Даўкшышкі.
Да месца тут згадаць і аб праекце Слонімскага сектара нестацыянарнага абслугоўвання, работнікі якога разам са спецыялістамі Навасёлкаўскага цэнтра культуры наведалі вёскі Харашэвічы, Валчуны, Малышэвічы, Піронім, Ісаевічы, Львоўшчыну, Кавалі і Навасёлкі. І паўсюль прагучалі шчырыя песні пад баян.
Пра кніжны інклюзіў напісала дырэктар Бярэзінскай раённай бібліятэкі Наталля Маеўская: “Увесь лістапад на Бярэзіншчыне доўжыцца месячнік “Літаратурнае краязнаўства ў асобах”. Супрацоўнікі нашай установы наладзілі для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў інклюзіўную арт-гасцёўню “Літаратурныя галасы Бярэзіншчыны”. Падчас мерапрыемства ажылі героі твораў Міхася Пазнякова, які ў 1970-я настаўнічаў у нашым раёне. Кожны з прысутных мог выступіць у ролі самадзейнага артыста тэатральнай дзеі паводле апавяданняў пісьменніка”.
Палац мастацтваў Бабруйска наладзіў для дзятвы вандроўку ў краіну здароўя. Культарганізатар сектара па рабоце сярод дзяцей Наталля Давідовіч распавяла, што 16 лістапада прайшла тэатралізавана-пазнаваўчая праграма для вучняў сярэдняй школы № 28. Казачны доктар паведаміў, як трэба клапаціцца пра здароўе, гаварыў таксама пра правільнае харчаванне і рацыянальны рэжым дня, навучыў, як мыць рукі. Такія мерапрыемствы варта і для дарослых ладзіць.
Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!
Сустрэнемся праз тыдзень.