Сёлета мы ўжо распавядалі пра гэты палац, яго гісторыю і тое, як напрыканцы мінулага года ён займеў гаспадара (гл. № 21,2021). Сапраўды, здараюцца такія цуды, калі вакол якой-небудзь закінутай гістарычнай каштоўнасці — палаца, сядзібы, капліцы — раптоўна распачынаецца валанцёрскі рух. І тады высвятляецца, што бесперспектыўны на першы погляд, нікому не патрэбны аб’ект, аказваецца, мае круты гістарычны патэнцыял, якому могуць пазайздросціць нават усім вядомыя, даўно раскручаныя “землякі”. Шкада, што не заўсёды абуджаная ў беларусаў цікавасць да сваёй гісторыі мае шанец своечасова паспець на дапамогу. Адзін з такіх сумных прыкладаў — радзівілаўскі палац у Радзівілімонтах, Клецкі раён. Да яго з’яўлення на свет прыклалі ў свой час руку славуты італьянскі архітэктар Карла Спампані і вядомы мастак Францішак Смуглевіч. Потым ён не раз перабудоўваўся, а пасля вайны аказаўся нікому не патрэбны. Сёння на месцы шыкоўнага аднапавярховага палаца — гара друзу. Але ж быў час, калі мясцовыя ўлады маглі праявіць клопат і да лепшых часоў закансерваваць будынак. І хто ведае, можа і на Клеччыне знайшліся б сёння неабыякавыя людзі, што ўзяліся б за аднаўленне палаца. Ён мог бы з цягам часу стаць яшчэ адным дыяментам радзівілаўскага маршруту Паланечка — Нясвіж — Радзівілімонты. І ад гэтага, безумоўна, выйгралі б усе мы.
ВЫНІКІ ПЕРШАГА СЕЗОНА
Каб даведацца, што адбываецца ў Паланечцы, мы за апошні час не раз наведваліся на валанцёрскія суботнікі, якія ладзіліся на палацы літаральна кожны тыдзень. Наведваліся не нейкімі гасцямі, а як ўдзельнікі талакі, хай сабе і яе культурнага складніка. Так, я не абмовіўся. Кожны з суботнікаў завяршаецца невялічкай культурнай праграмай. Гэта могуць быць мастацкія выставы па выніках пленэру і гістарычныя лекцыі, тэатральныя дзеі і народныя танцы, а таксама традыцыйны “Паланэз Агінскага”, у які вядзе валанцёраў харэограф Алена Прохарава. Для ўдзельнікаў талакі і тых, хто аказваецца ў Паланечцы праездам, заўсёды ладзіцца экскурсія па палацы і па самой вёсцы, у якой нямала цікавостак. Прыкладам, дзейны да нядаўняга часу радзівілаўскі вадзяны млын пабудовы 1819 года. Ці драўляны касцёл, пабудаваны сто год таму на месцы старога, у якім, верагодна, быў ахрышчаны наш славуты Ігнат Дамейка. Ёсць і старыя каталіцкія могілкі, якія таксама патрабуюць дагляду і могуць захоўваць не адну гістарычную таямніцу.
Што казаць, прыклад з Паланечкай — выдатная мадэль для пераймання ў іншых рэгіёнах Беларусі. Яна давяла сваю жыццяздольнасць, яна, што называецца, працуе. Яна натхняе людзей у самой Паланечцы і ў Мінску ў вольны час ехаць, каб прыйсці на дапамогу палацу і добра, з карысцю папрацаваць.
І што вельмі важна, валанцёрскі рух па аднаўленні палаца ў Паланечцы знайшоў поўную падтрымку ў кіраўніцтва Баранавіцкага раёна і Брэсцкай вобласці. Вядома ж, актыўна падтрымліваюць гэты рух спадарыня Наталля Пятроўна Ібрагімава, старшыня Вольнаўскага сельсавета, у склад якога ўваходзіць вёска Паланечка. Тут сваю ролю сыграў мясцовы патрыятызм, бо будынак палаца доўгі час быў школай, з якой шмат у каго звязаны самыя цёплыя ўспаміны. А нядаўна да руху аднаўлення далучылася Баранавіцкая раённая бібліятэчная сістэма, адзін з філіялаў якой знаходзіцца ў Паланечцы.
Як удалося даведацца ў валанцёраў і менеджараў праекта, за восем месяцаў напружанай працы ўпарадкавана тэрыторыя сядзібнага комплексу, якая была ў вельмі непрыглядным стане. З даху прыбралі шматметровыя дрэвы, якія сваімі каранямі руйнавалі муры А сам дах адрамантаваны, бо шмат у якіх месцах былі працечкі. Актыўна вялася праца па ачыстцы будынка палаца ад смецця і друзу. А гэтага дабра было сабрана і вывезена каля дзесяці прычэпаў. Вядзецца праца па расчыстцы падвалаў палаца. Планаў, даволі рэалістычных і цікавых, у валанцёраў шмат. Напрыклад, ёсць намер стварыць пры палацы майстэрню, у якой кожны ахвочы мог бы зрабіць нейкі элемент дэкору палаца. А гэта дасць адчуванне далучанасці да годнай справы. Для многіх валанцёраў аднаўленне палаца ўжо стала часткай жыцця, і яны ўспрымаюць палац як нешта роднае. Многія прыязджаюць сем’ямі. А галоўнае, усе разумеюць канчатковую мэту праекта — стварэнне культурнай прасторы. Вялікую працу робяць архітэктары і канструктары, якія займаюцца распрацоўкай праекта аднаўлення з прыстасаваннем, вырашэння праблем камунікацый і многага іншага. Працуюць валанцёры і над распрацоўкай сайта.
ЗАЦІКАЎЛЕНАСЦЬ
Каб даведацца пра падтрымку, якую аказвае дзяржава гэтаму важнаму культурнаму праекту, мы звярнуліся па каментарый да спадарыні Аксаны Шчэрбы, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта.
— Не так даўно гаспадары палаца ў Паланечцы пабывалі на прыёме ў старшыні Баранавіцкага райвыканкама. Падчас сустрэчы вялася размова аб тым, якія работы вядуцца на палацы, як асвятляецца валанцёрскі рух у інтэрнэце. З боку кіраўніцтва раёна была паабяцана любая дапамога, якая можа спатрэбіцца. Бо Паланечка знаходзіцца на тэрыторыі нашага раёна, і не толькі гаспадары, але і мы таксама вельмі зацікаўлены ў тым, каб гэта цудоўная справа працягвалася і была завершана. Нашы спецыялісты, якія адказваюць за культурную дзейнасць у раёне, таксама гатовы аказаць любую дапамогу ў межах іх кампетэнцыі. Дарэчы, на адрас кіраўніцтва Баранавіцкага раёна з боку кіраўніцтва культурнага праекта была выказана падзяка за тое, што нашы архітэктары і “Гідразем” у вырашэнні адпаведных пытанняў пайшлі ім насустрач. Што ж датычыцца распрацоўкі новых турыстычных маршрутаў, у якія будзе ўключана Паланечка, то намі вядзецца супраца з Ляхавіцкім раёнам і такі маршрут абавязкова з’явіцца.
Пачуўшы пра тое, што Паланечка стане адным з пунктаў турыстычных маршрутаў Баранавіччыны, падзяліўся і я сваімі думкамі. Палац у Паланечцы, дзякуючы князю Мацею Радзівілу, паэту і літаратару, а таксама яго сыну Канстанціну, аднаму з першых беларускіх фалькларыстаў, не толькі сам з’яўляўся важным цэнтрам, дзе віравала культурнае жыццё. Вакол Паланечкі, як промні сонца, разбягаюцца шляхі, якія вялі да сядзіб (ці памятных мясцін), звязаных з такімі вядомымі прадстаўнікамі філамацка-філарэцкага кола, як Адам Міцкевіч, Марыля Верашчака, Ян Чачот, Ануфры Петрашкевіч, Ігнат Дамейка, Атон і Рафал Слізені, Антон Вярбоўскі, Юзаф Сурэвіч, Тамаш Зан. А ёсць яшчэ і камень Філарэтаў, ля якога, паводле легенды, пералічаныя асобы заснавалі таварыства Філарэтаў. У яго, як вядома, уваходзіла перадавая беларуская моладзь пачатку ХІХ стагоддзя. А яшчэ ж ёсць вёска Жукаў Барок, мясціна Адама Плуга, Уладыслава Сыракомлі і Саламона Маймана. І возера Свіцязь! Што казаць, у які бок ад Паланечкі ні накіруешся, абавязкова сустрэнеш славутую постаць. Недалёка будзе і да Грушаўкі Тадэвуша Рэйтана. Вядома, распрацоўка і насычэнне гэтага “Шляху Філарэтаў” — няпростая справа, але ён можа стаць трансабласным, бо з’яднае тры вобласці — Брэсцкую, Гродзенскую і Мінскую.
P.S. Мы будзем працягваць сачыць за развіццём падзей у Паланечцы і ў меру магчымасцей падтрымліваць ініцыятывы такога кшталту па ўсёй Беларусі.